Наросхрыст. Калонка Настассі Нарэйка

Мудрая і наіўная

“Будзьце, як дзеці”, – сказана ў Бібліі. Застацца ў душы маленькім хлопчыкам ці дзяўчынкай назаўсёды – гэта шчасна і адначасова няпроста. Быць дзіцем азначае пазбавіцца ад брані, “напрацаванай” вопытам і гадамі, застацца безабаронным перад усім светам. Будзе балюча, цяжка, бязглузда, але чалавеку з ахоўнай абалонкай ніколі не ўбачыць таго, што схавана, не пачуць галасоў зямлі, вады і ветру, не адкрыць таямніц, непадуладных рацыянальнаму розуму. Дзеці ведаюць больш за нас…

Чалавека, які застаўся ў душы маленькім, лёгка пазнаць па вачах. Вялізных і цікаўных, мудрых і наіўных, чыстых і гатовых вось-вось заплакаць. Як у Одры Хэпбёрн, маёй любімай актрысы. Яе даўно няма сярод нас, але вобраз жывы – на экране і ў нашых сэрцах.

Яна – прынцэса Ганна (“Римские каникулы”), што аднойчы ўцякае з палаца, каб паглядзець на іншае жыццё без прыёмаў і дзяжурнай усмешкі. Вечны горад Рым дорыць ёй цудоўныя канікулы і каханне, ад якога даводзіцца адмовіцца, бо яна ўсведамляе свой абавязак перад народам.

Яна – Холі Галайтлі з “Завтрака у Тиффани”, дзіўная дзяўчынка, што жыве з безыменным катом, п’е малако з бакала і трымае чаравікі ў халадзільніку.

Яна – Луіза Дулітл вялікага Бернарда Шоу, якая сілаю кахання пераўтвараецца з дрэнна выхаванай прадаўшчыцы кветак у цудоўную лэдзі.

Яна – самая чароўная ў свеце “выкрадальніца”, якой любым спосабам трэба вынесці са знакамітага музея падробную статуэтку Венеры Чаліні коштам у мільён долараў…

Такой Одры пазірае на нас з экрана. І немагчыма ўтрымацца ад спакусы прымерыць хоць нешта ад яе на сябе: строгую чорную сукенку ці вялікія акуляры, пяшчотную усмешку ці плаўныя рухі прафесійнай балерыны (“яна нават у доме прыбірае так, нібыта танцуе” – сказаў хтосьці). А галоўнае – можна павучыцца ў яе любові, у першую чаргу да дзяцей.

У гады Другой сусветнай Одры жыла ў Галандыі і дапамагала прадстаўнікам мясцовага Супраціўлення. Раніцай яна, дзяўчынка, ішла на гарадскую плошчу і цэлы дзень скакала праз вяровачку. У яе чаравіках хаваліся важныя запіскі, якія дзяўчынка перадавала, калі была магчымасць. Ідучы ў лес “гуляць”, Одры брала з сабой кошык з ежай для пілотаў, збітых фашыстамі. Аднойчы ворагі ледзь не злавілі яе. Дзяўчынка схавалася ў падвале, загадала сабе не баяцца пацукоў, што бегалі ля самых ног, і так пераседзела небяспеку. Кажуць, што чакаць давялося доўга, і, каб не памерці з голаду, Одры ела цыбуліны знакамітых галандскіх цюльпанаў, якія знайшла ў падвале. Так гэта ці не, мы не ведаем, ды і няважна.

На памяць аб сабе вайна пакінула будучай актрысе хваробы і новы, рэалістычны, погляд на жыццё.

“Усё, што я ўбачыла падчас акупацыі, – расказвала Одры ў адным з нешматлікіх інтэрв’ю, – навучыла мяне рэалістычна глядзець на свет. Ніколі не спрабуйце зменшыць жахі нацызму. Я прайшла вайну  з пачуццём удзячнасці за тое, што жыву. Я зразумела, што чалавечыя адносіны з’яўляюцца самым важным у жыцці: важнейшым за грошы, ежу, раскошу, кар’еру…”

Яна ніколі не любіла расказваць пра сябе і рэдка карысталася заслужанай славай. Пра свой “зорны” статус Одры Хэпбёрн успомніла толькі тады, калі ён мог прынесці карысць іншым. У васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя яна стала спецыяльным паслом добрай волі ЮНІСЭФ. Сыны актрысы – Шон і Лука – былі ўжо дарослыя. Прыйшоў час аддаць сваё сэрца, поўнае бязмернай мацярынскай любові, іншым.

У 1988-м Одры з першай у сваім жыцці місіяй наведала Турцыю, каб звярнуць увагу грамадскасці на тое, як цяжка жывецца там бедным дзецям. Потым былі Венесуэла, Эквадор, Гандурас, Сальвадор, Гватэмала, Судан (місія “Аперацыя Лінія Жыцця”), Бангладэш, В’етнам, Кенія, Самалі. Тысячы тоненькіх дзіцячых рук цягнуліся да гэтай немаладой, але такой прыгожай жанчыны, і ніводныя яна не адштурхнула.

Падарожжы канчаткова падарвалі падточанае вайной здароўе Одры. Яна правяла “самыя цудоўныя ў сваім жыцці” Каляды разам з любімай сям’ёй і адляцела ў вечнасць. Кажуць, што дзеці трапляюць адразу ў рай. Яна была самым светлым, самым добрым дзіцем, маленькім анёлам. І няма ў мяне большай мары, чым быць падобнай на яе. Пісаць пра гэтага цудоўнага чалавека можна бясконца, што і робяць выдавецтвы, часопісы і кнігі якіх напярэдадні 8 Сакавіка імгненна разбіраюць хлопцы як выдатныя падарункі сваім дзяўчатам.

Няхай Одры скажа за сябе сама…

“Абажаю людзей, якія прымушаюць мяне смяяцца. Я думаю, што смяяцца – гэта тое, што я люблю больш за ўсё. Смех лечыць ад шматлікіх хвароб. Магчыма, гэта самае важнае ў чалавеку.”

“Жыць – гэта як бегчы па музеі. І толькі потым вы пачынаеце па-сапраўднаму ўсведамляць, што ўбачылі, думаць аб гэтым, наводзіць даведкі ў кнігах і ўспамінаць, бо не можаце прыняць усё і адразу.”

“Кажуць, што каханне – самы выгадны ўклад, чым больш аддаеш, тым больш атрымліваеш у адказ. Не ў гэтым справа: каханне – самы ўнікальны ўклад, чым больш яго дорыш, тым больш нараджаецца ў вас саміх. Калі б усе гэта разумелі, наколькі лягчэй было б жыць.”

“Маё адзінае жаданне – гэта мір для ўсіх дзяцей на зямлі.”

“Людзі значна больш, чым рэчы, адчуваюць патрэбу ў тым, каб іх падабралі, адрамантавалі, знайшлі ім месца і прабачылі; ніколі нікога не выкідвайце…”

“Калі табе спатрэбіцца рука дапамогі, ведай – яна ў цябе ёсць – твая асабістая. Калі ты станеш старэйшым, ты зразумееш, што ў цябе дзве рукі: адна, каб дапамагаць сабе, другая, каб дапамагаць іншым.”

 

mirra.mz@tut.by

1 thought on “Наросхрыст. Калонка Настассі Нарэйка

Добавить комментарий