Лейтэнант Іван Дунаеў трапіў на службу ў Брэсцкую пагранічную групу, на 4-ю пагранічную заставу “Казімірава” ў 2012 годзе пасля заканчэння Інстытута пагранічнай службы. Аб буднях ваеннага, а таксама аб жыцці да службы даведалася напярэдадні прафесійнага свята – Дня пагранічніка.
– Іван, раскажы, калі ласка, пра сябе.
– Нарадзіўся я 23 лютага ў горадзе Кінешма Расійскай Федэрацыі. Знаходзіцца ён недалёка ад Іванава – горада нявест. Але так атрымалася, што ўсё маё дзяцінства звязана з ваенным гарадком Заслонава Віцебскай вобласці, дзе мой бацька адслужыў 17 гадоў. Вучыўся я ў сярэдняй школе. З самага маленства быў вельмі шустрым хлапчуком, займаўся ўсім, чым толькі можна, пры гэтым атрымліваў добрыя адзнакі, чым вельмі здзіўляў і сваіх сяброў, і настаўнікаў. Пасля школы паступіў у ваенную акадэмію, на пагранічны факультэт. Так атрымалася, што паступаў у акадэмію, а закончыў Інстытут, бо ў 2010 годзе факультэт адлучыўся ад акадэміі і стаў самастойнай навучальнай установай. Падчас вучобы ўваходзіў у каманду клуба вясёлых і знаходлівых. Весела жылі, нічога не скажаш…
– Чула, што твой дзядуля таксама быў ваенным…
– Мая ваенная дынастыя пачалася яшчэ з прадзядулі, які загінуў у баях пад Сталінградам. Дзядуля пайшоў па слядах свайго бацькі – стаў артылерыстам. Даслужыўся да звання маёра ў ракетна-артылерыйскіх войсках. Але, на жаль, калі быў на вучэннях на палігоне недзе ў Расіі, яго ўкусіў энцэфалітны клешч. Дзядулю не змаглі выратаваць… Мой бацька вырашыў яшчэ ў дзяцінстве, што таксама будзе ваенным, таму пасля школы паступіў у артылерыйскае вучылішча ў горадзе Таштагол Кемераўскай вобласці. Пасля яго заканчэння трапіў па размеркаванні на службу ў Венгрыю. Пасля распаду СССР бацька выбраў службу ў Беларусі. Так, у 1992 годзе наша сям’я і апынулася ў Заслонаве. У 2008 годзе бацьку перавялі ў Мінск. Зараз галава нашага сямейства на пенсіі. Яго выслуга склала 26 гадоў у арміі… Мой прадзядуля па лініі маці прайшоў усю вайну, быў цяжка паранены ў плячо, пасля чаго перастала дзейнічаць рука, і яго прызналі інвалідам вайны. Дзядуля мой нарадзіўся ў 1943 годзе. Але ён не стаў ваенным… Наша сям’я стандартная: бацька – ваенны, маці – настаўніца. Спачатку матуля працавала ў дзіцячым садку, а потым – у школе…
– А калі ты вырашыў, што станеш ваенным?
– З самага маленства ведаў, што абавязкова буду ім – падабалася мне такое жыццё. Пасля таго, як аб маім рашэнні ў старэйшых класах даведаўся бацька, ён быў супраць. Але я ўсё ж такі стаў тым, кім марыў. Толькі не артылерыстам, як мае прадзядуля, дзядуля і бацька, а пагранічнікам.
– Як табе падабаецца у “Казіміраве”?
– Служыць мне вельмі добра. Ведаеш, нікуды не хочацца пераходзіць адсюль. Мне падабаюцца людзі, з якімі пасябраваў. У вас тут людзі харошыя. Пакуль усё мяне задавальняе. З асабістым саставам таксама добрыя адносіны, мы ўсе – адна вялікая сям’я, заўсёды разам.
– Іван, калі ў цябе будуць свае дзеці, ці хацеў бы ты, каб яны былі ваеннымі?
– Гэта павінен быць іх асабісты выбар. Захочуць – будуць, не захочуць – няхай ідуць тым шляхам, які самі выберуць. – Дзякуй за размову. З надыходзячым прафесійным святам! Паменш пад’ёмаў па трывозе!
Наталля ГРЫЦУК.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі Настасся Нарэйка завітала ў Камянюцкую СШ
-
Як прайшла сустрэча з пісьменнікам і ваеннаслужачымі Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага
-
После реконструкции в Каменце открылось здание БТИ
-
В Каменецкой ЦРБ проводится вакцинация для профилактики COVID-19
-
Сегодня у жителей района была возможность обратиться со своими вопросами к депутатам всех уровней