Дарогі злучаюць людзей. І ёсць у гэтым нешта магічнае, таму што яны лабірынтамі ўспамінаў і гісторый праходзяць праз усё наша жыццё. Яны і ёсць гэтае жыццё. Шчаслівага шляху і добрай дарогі – кожны раз жадаем тым, хто адпраўляецца дахаты, да сяброў і родных, на працу. А за выкананнем гэтых пажаданняў стаяць дарожныя службы, якія не ўзмахам чароўнай палачкі, а цяжкай штодзённай працай клапоцяцца аб тым, каб дарога была лёгкай і хуткай.
28 кастрычніка краіна адзначае прафесійнае свята – Дзень дарожніка і аўтамабіліста. У сувязі з гэтым у чацвер у Высокаўскім Доме культуры адбылася ўрачыстасць, прысвечаная гаспадарам дарог. Гэтым вечарам працаўнікі прадпрыемства, філіяла КУП «Брэстаблдарбуд» Высокаўскае ДРБУ №137, прымалі заслужаныя віншаванні і словы ўдзячнасці.
Вось ужо 49 гадоў прадпрыемства будуе, рамантуе і абслугоўвае дарогі Камянецкага раёна. І варта адзначыць, што са сваімі абавязкамі калектыў спраўляецца на высокім прафесійным узроўні, з’яўляецца прыкладам для большасці дарожных рамонтна-будаўнічых упраўленняў вобласці. Аб тым сведчаць і вынікі зробленага ў гэтым годзе. Іх агучыў начальнік філіяла Юрый Мураўскі:
– За 9 месяцаў бягучага года выканана 116,7% планавых работ, рост аб’ёмаў якіх у дачыненні да 2011 года – 212%. Адзнака якасці ўтрымання дарог склала 3,75 бала, што таксама перавышае леташні вынік…
Сёлета нашым прадпрыемствам былі асвоены новыя тэхналогіі рамонту дарожнага палатна. Гаворка ідзе аб набытым рэсайклеры-500, які дазваляе праводзіць рамонты дарог з выкарыстаннем наяўнага пакрыцця. На аўтамабільнай дарозе Турна – Пелішча – Стралі зроблена стабілізацыя старога дарожнага пакрыцця, непрыдатнага для далейшай эксплуатацыі. Выканана стабілізацыя яго на дарозе Свішчова – Зарачаны – Шастакова. Эканамічны эфект на 1 км – 275 млн. рублёў. Зроблена павярхоўная апрацоўка асфальтабетоннага пакрыцця на 13,9 км (для параўнання: філіяламі КУП «Брэстаблдарбуд» усяго – 40 км).
Вялікая ўвага надаецца вытворчай праграме эканоміі рэсурсаў: эканамічны эфект устаноўкі бітумнай ёмістасці на 60 т – 216 млн. рублёў; задзейнічаны мясцовыя матэрыялы; скарачаецца выкарыстанне іншага транспарту; павялічваюцца аб’ёмы работ па прамых дамовах; вядзецца строгі кантроль за выдаткам гаруча-змазачных матэрыялаў…
Высокаўскае ДРБУ выконвае не толькі вызначаныя дзяржаўныя нормы, але і супрацоўнічае са шматлікімі прадпрыемствамі: ААТ «Белавежскі», «Аграпрадукт», «Александрыя-Агра», Жабінкаўскі цукровы завод і інш.
Было многа сказана аб працы дарожнікаў. Але ці можна ўсумніцца ў важнасці яе, калі ўсе вынікі навідавоку? Дарогі раёна хваляць і госці Камянеччыны. А гэта і ёсць найважнейшы “паказчык”.
Віншаваў прысутных і намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Шпак, які адзначыў, што менавіта вынік работы дарожнікаў спрыяльна ўплывае на дзейнасць усіх астатніх галін народнай гаспадаркі раёна, настрой саміх жыхароў. Ён уручыў майстру Сяргею Шумілу Ганаровую грамату Камянецкага райвыканкама.
Адной з галоўных падзей вечара стала ўзнагароджанне лепшых працаўнікоў ДРБУ. Інжынер па арганізацыі і нарміраванні работы, старшыня прафкама Галіна Пятровіч агучыла загад аб узнагароджанні. Прэміямі за добрасумленную працу, высокія дасягненні, умелае рашэнне вытворчых, эканамічных, фінансавых і кадравых пытанняў, з нагоды прафесійнага свята, заахвочаны ўсе працаўнікі калектыву. На дошку Гонару ДРБУ №137 занесены імёны: Леаніда Вяроўкі – «Лепшы трактарыст», Мікалая Забаўкі – «Лепшы вадзіцель аўтамабіля», Андрэя Хартанюка – «Лепшы вадзіцель пагрузчыка», Міхаіла Панасюка – «Лепшы машыніст аўтагрэйдэра», Івана Краўчанкі – «Лепшы машыніст катка», Віктар Тадарук і Аляксандр Сілюк падзялілі званне «Лепшы дарожны рабочы».
Загадам па дэпартаменце «Белаўтадар» Міністэрства транспарту і камунікацый РБ начальніку філіяла Юрыю Мураўскаму прысвоена званне «Ганаровы дарожнік Беларусі», а прараб Камянецкага ўчастка прадпрыемства Аляксандр Семянюк удастоены Ганаровай граматы дэпартамента.
Канцэртная праграма, падрыхтаваная калектывамі Камянецкага, Высокаўскага і Відамлянскага сельскага Дамоў культуры, падарыла атмасферу добрага настрою, дала адчуванне надыходзячага свята. Былі тут і песні, і танцы.
У гэтым калектыве працуюць прафесіяналы, якія ведаюць сваю справу і выконваюць пастаўленыя задачы. Варта толькі згадаць іх работу ў час самай значнай падзеі гэтага года – падрыхтоўкі Каменца да Дажынак. Велізарная праца была ўкладзена ў рэканструкцыю і будаўніцтва вуліц раённага цэнтра, праца ў выхадныя дні, у звышвызначаны час. Ад імя камянчан выказваем вам, паважаныя дарожнікі, словы падзякі за тое, што прывялі дарогі горада ў належны стан. Са святам вас! І лёгкіх дарог вам і вашым сем’ям!
Анастасія ЯНКІНА.