Наезд на “Пясчатцы”

IMG_406320 лютага суд раёна вынес прыгавор па крымінальнай справе Сяргея Ш., жыхара г.Высокае. Падставай для ўзбуджэння яе сталі неправамерныя дзеянні гэтага высакаўчаніна ў час знаходжання на тэрыторыі аўтадарожнага пункта пропуску “Пясчатка” 5 верасня 2013 года.

Фабула таго, што адбылося ў той дзень на “Пясчатцы”, каля модуля №3, наступная. На аўтамабілі “Фальксваген-Пасат” Сяргей Ш., які вяртаўся з Польшчы, не выканаў законнае патрабаванне двух супрацоўнікаў аддзела ўласнай бяспекі Брэсцкай мытні, якія выконвалі свае службовыя абавязкі і патрабавалі праехаць у бокс для паглыбленага агляду. Замест падпарадкавання гэты вадзіцель напачатку быццам бы пачаў выконваць патрабаванне супрацоўніка мытні, які быў апрануты ў службовую форму: здаў назад, але замест развароту… так рвануў уперад, што збіў з ног другога правяраючага, які быў у цывільным адзенні. У выніку апошні атрымаў лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не прывялі да кароткачасовага расстройства здароўя. Няўжо Сяргей не бачыў, што збіў з ног чалавека? І чаму не спыніўся? Наадварот, ён даў такога “газу”, што збіў закрыты шлагбаум. Вядома, за “крутым“ кіроўцам работнікі адпаведных службаў кінуліся ў пагоню. Вадзіцеля ў легкавушцы не засталі, аднак, у ёй пазней быў знойдзены тайнік, не дзіўна, што на той момант ужо пусты.

Што ж патлумачыў суду абвінавачаны? Ён не прызнаў сваю віну ў тым, што ўчыніў насілле ў адносінах службовай асобы, якая выконвала свае абавязкі, каб перашкодзіць законнай дзейнасці. Маўляў, тых дваіх мужчын, якія перагарадзілі яму дарогу, не ведаў, яны былі ў цывільнай вопратцы, ніякіх дакументаў не прад’явілі. Сутыкнення ад таго, што збіў чалавека, не адчуў, хоць і зразумеў, што ўчыніў ДТЗ. Дарэчы, у ходзе папярэдняга следства паказаў, што нікога не збіваў. А яшчэ напалохаўся, бо не ведаў, хто і што ад яго хоча… Не заўважыў апушчаны шлагбаум, бо… засляпіла сонца (папярэдняму следству тлумачыў, што яго ўвагу адцягнулі незнаёмцы, да таго ж быў стомлены.)

Дзіўна было чуць такія блытаныя тлумачэнні ад дарослага 39-гадовага мужчыны, былога ваеннаслужачага. Тым больш, што пацярпелы і сведкі пацвердзілі: адзін з правяраючых быў у форменным адзенні супрацоўніка мытні. Ды і сам падсудны, як высветлілася, у ходзе апытання летась 9 верасня (праз некалькі дзён пасля здарэння на “Пясчатцы”) тлумачыў супрацоўнікам Брэсцкай мытні, што адзін з супрацоўнікаў, што правяралі яго 5 верасня, быў апрануты паверх курткі ў жылет і з’яўляецца супрацоўнікам уласнай бяспекі. Следчы эксперымент таксама паказаў, што вадзіцелю “Фальксвагена” з салона выразна быў бачны супрацоўнік мытні, які ў поўны рост стаяў каля аўтамабіля, форменнае адзенне і надпіс “Мытня” спераду на ярка-салатавым жылеце добра відаць. Больш таго, Сяргей Ш. абверг у судзе сам сябе: ён жа пацвердзіў у пратаколе допыту ў якасці абвінавачанага летась 14 лістапада, што ведаў: адзін з правяраючых на “Пясчатцы” 5 верасня – супрацоўнік уласнай бяспекі мытні. Менавіта гэтай службы і спалохаўся Сяргей… Ды як жа ён мог не пазнаць таго ж самага супрацоўніка, які разам з другім мытнікам (5 верасня той не падыходзіў, а знаходзіўся ў аўтамабілі) праводзіў паглыблены агляд “Фальксвагена” Сяргея ў жніўні мінулага года, якраз напярэдадні падзей, апісаных вышэй? Адзін толькі сведка, мужчына, што ехаў разам з Сяргеем і быў тады нецвярозы, у судзе патлумачыў, што таксама не распазнаў на правяраючым форменнае адзенне з надпісам “Мытня”, “не чуў і не бачыў, быццам Ш. зачапіў кагосьці аўтамабілем…” Урэшце, пад хмяльком цяжка быць уважлівым…

Суд улічыў, што падсудны прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне рэжыму ў пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу і незаконнае перамяшчэнне тавараў праз мытню, непадначаленне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні сваіх абавязкаў. Да змякчаючых абставін аднесена тое, што на ўтрыманні ў падсуднага – двое непаўналетніх дзяцей. Улічана, што Сяргей Ш. раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, характарызуецца здавальняюча. На падставе ч.1 арт. 366 Крымінальнага кодэкса РБ суд раёна вынес падсуднаму пакаранне: штраф у памеры 350 базавых велічынь (45 млн. 500 тыс. рублёў). Арышт на маёмасць будзе адменены пасля ўплаты штрафу.

Рашэнне суда пакуль не ўступіла ў законную сілу, бо падсудны падаў касацыйную скаргу, у якой адзначае, што ўчыніў наезд выпадкова, не ведаў, хто ёсць хто, таму сваёй віны не прызнае.

Аксана ШКЕЛЬ, суддзя суда раёна.

1 thought on “Наезд на “Пясчатцы”

Добавить комментарий