Менавіта такім сакрэтам шчаслівага і напоўненага жыцця падзялілася са мной падчас гутаркі жыхарка Пелішча Надзея Краўцова. Яна хоць і знаходзіцца сёння на заслужаным адпачынку пасля немалога педагагічнага стажу, захоўвае ў сабе шчырае, у нечым дзіцячае захапленне навакольным светам і бясконца любіць жыццё.
Кажуць, аптымізмам можна “заразіцца”. Калі так, то давайце ад кінем асцярожнасць і бліжэй па знаёмімся з Надзеяй Рыгораўнай!
Нарадзілася мая суразмоўніца ў Мартынюках, у сялянскай сям’і: мама была паляводам, тата – трактарыстам і камбайнёрам. Пасля заканчэння школы №1 у Каменцы паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут замежных моў на факультэт нямецкай мовы (другая – англійская).
– У мяне самым любімым прадметам была матэматыка, якую выкладала Валянціна Епіфанаўна. Ды і ўсе прадметы ішлі роўна, – узгадвае Надзея Рыгораўна. – Вельмі натхняў як настаўнік Георгій Георгіевіч Грушэўскі, вядомы фізік, гумарыст – як ён умеў валодаць класам! Успамінаецца таксама і Ядзвіга Вікенцьеўна Фядоткіна, што вяла нямецкую мову, вельмі дабрадушная, умела з намі працаваць. Вялікую ролю ў маім выбары прафесіі сыграла і мама, яна скончыла ўсяго 4 класы, але была мудрай жанчынай. Сказала: “Надзя, што ж ты пойдзеш на гэтага настаўніка матэматыкі? Выбірай замежныя мовы”. Я паслухалася…
У інстытуце Надзея была паранейшаму актыўнай, узначальвала навуковае студэнцкае таварыства. На 4 курсе ў якасці ўзнагароды на месяц ездзіла па абмену студэнтамі ў Германію. На 3 курсе пазнаёмілася з будучым мужам Мікалаем. Ён вучыўся на інжынера ў інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі. Родам са Століншчыны. У пакоі Надзеі ў інтэрнаце жылі дзяўчынкі з яго вёскі. Вось Мікалай і прыйшоў з сябрам іх наведаць.
– Як зайшоў, я падумала: “Які сімпацюлечка!”. Пагутарылі ўсе разам. Мы, дзяўчаты, правялі гасцей на тралейбус. А Мікалай пазней прыйшоў адзін, запрасіў на спатканне.
У канцы 4 курса пабраліся шлюбам, на 5-м нарадзіўся сын. Мая суразмоўніца вырашыла не кідаць вучобу і не браць акадэмічны водпуск. Прыехала ёй на дапамогу мама. Размеркаванне маладая сям’я ўзяла на Камянеччыну. Накіра валі іх у Войскую, далі кватэру. Надзея Рыгораўна 3 гады праца вала ў мясцовай школе, муж – інжынерам у калгасе. Між тым, хутка пацягнула ў горад. Выбралі Бярозу, знайшлася работа ў будаўнічым каледжы і сельгастэхніцы. Перспектыў з жыллём, на жаль, не было. І бацька Надзеі Рыгораўны сказаў: “Вяртайцеся. Тут у нас у Пелішчы добраўпарадкаваныя кватэры будуюцца”. Прыехалі, ужо з двума сынамі, атрымалі жыллё. Мікалай працаваў намеснікам кіраўніка, галоўным інжынерам у сельгастэх ніцы ў Жабінцы, яна – у Пелі шчанскай СШ, у тым ліку 5 гадоў на пенсіі. Калі запрасілі ў СШ №1 Каменца, 2 гады ездзіла туды. Пасля – у Дзмітровіцкую СШ.
У 2003-м аднагрупніца запрасіла Надзею Рыгораўну ў фонд дапамогі дзецям Чарнобыля ў Мінску. Да 2015-га штогод вазіла іх у Германію як перакладчык і выхавальнік. Але… З цягам часу ў Надзеі Ры гораўны стаў пагаршацца зрок. Атрымала 2 групу.
– Калі так склалася, у мяне быў шокавы стан. Як я буду жыць? Прызнаюся, перажыла дэпрэсію, але сабралася, зразумела: трэба нешта рабіць. Шчыра дзякую Валянціне Пятроўне Кухарчук (былая старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”. – рэд.), што запрасіла ў БелТІЗ, паказала: не ўсё так страшна! Клікала на мерапрыемствы, конкурсы, спаборніцтвы, па шашках, напрыклад.Першы раз я была на іх перадапошняя, але потым муж мяне трэніраваў, займала і другое месца. Помню: першы конкурс мяне натхніў, убачыла, што нават зусім сляпыя гуляюць, і прышла ў захапленне, падумала: яны МОГУЦЬ, што ж я не змагу?!
Дзякуючы таварыству і Камянецкаму ТЦСАН Надзея Рыго раўна атрымала сродкі рэабілітацыі: тэлефон і гадзіннік, што гавораць, радыёпрыёмнік. Ездзіць у Брэсцкую бібліятэку для тых, хто дрэнна бачыць, дзе на флэшку ёй запісваюць кнігі, вершы. Узімку яны вельмі ратуюць доўгімі вечарамі. Летам мая суразмоўніца ў меру сіл працуе ў агародзе, на кветніку ля дома – вельмі любіць кветкі. Калі пытаюся, што пачытаць, раіць “Вялікую княгіню” Івана Шамякіна і “Человека за шкафом” Алега Роя. Выдатна і тое, што ёсць суседка-сяброўка Ганна Іванаўна Ківель, з якой можна абмеркаваць прачытанае, пачаставаць новым кулінарным шэдэўрам (рэцэпт “персікаў” глядзіце ніжэй). Падтрымлівае яна цёплыя адносіны і з сяброўкамі Галінай Мікалаеўнай Войцык, Галінай Рыгораўнай Сарачук і Ганнай Васільеўнай Фіцавай. А аднойчы ў маёй суразмоўніцы з’явілася неадольнае жаданне напісаць… верш. Запісала, як змагла, аднесла ў мясцовую бібліятэку Жанне Жукавай, якой удзячна за падтрымку. Жанна Яўгеньеўна друкавала творы паэтэсы на камп’ютары, начытвала на дыктафон, каб аўтар магла паслухаць, нешта паправіць, вывучыць на памяць. Потым быў паспяховы ўдзел з вершамі ў разнастайных конкурсах…
Больш як год таму пайшоў з жыцця муж маёй суразмоўніцы. Сёння яе вельмі падтрымлі ваюць сыны, ёсць унукі і праўнук. Дапамагае Надзеі Рыгораўне і сацыяльны работнік Ганна Жук.
– Вельмі ёй удзячна. Душэўны чалавек. Не толькі па дому патрэбнае зробіць, але і пагутарыць, і параіць… Малайчына. Увогуле ўсе пелішчанскія сацра ботнікі – малайцы, з разуменнем.
Запрашаюць яе і на мерапрыемствы аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі ТЦСАН – ніколі не адмаўляецца.
Мая суразмоўніца ўвогуле не любіць сядзець на адным месцы. Напрыклад, сёлета была ў Мінску на сустрэчы з адна групнікамі, разам ездзілі ў Слуцк, чый музей ткацтва – чыстае захап ленне! На мінулых выхадных ездзіла з роднай сястрой Лідзіяй з Брэс та ў Івацэвічы, да стрыечнай сястры. Пятага кастрычніка збіра юцца святкаваць Дзень настаўніка наведваннем канцэрта сімфанічнага аркестра ў Брэсце. Надзея Рыгораўна ходзіць у царкву, на мерапрыемствы мясцовага Дома культуры, зрэдчас глядзіць тэлевізар, любіць плаваць. Увогуле яе энергіі можна пазайздросціць! А вы любіце жыццё? Не? Тады пачынайце чытаць спачатку!
Настасся НАРЭЙКА
Фота аўтара
“Персікі”
3 яйкі, 5 лыжак смятаны, 0,5 шклянкі цукру, трохі кефіру (3,6%), сметанковае масла (палова пачкі), крышку солі, мука (колькі возьме цеста), разрыхляльнік.
Замяшаць цеста, паставіць у холад на 20 хвілін. Зрабіць шарыкі, пакласці на невялікай адлегласці на процівень і адправіць у духоўку. Выпякаць 20-25 хвілін, сачыць, каб ніз не падгарэў. Нацерці на тарцы моркву і бурак у асобны посуд, адціснуць сок. У асобны сподачак насыпаць цукру. Выразаць у шарыкаў сярэдзінкі, пакласці ў іх варанае згушчанае малако, склеіць палавінкі па дзве. Пэндзлікам нанесці маркоўны сок. Потым – бурачны. Потым – у цукар. Даць пастаяць.
Это может быть интересно:
-
Юрысконсульт ААТ “Александрыя-Агра”: “Я не фатограф, а фотааматар”
-
Мария Михаевич из Каменца создает оригинальные игрушки
-
Руководитель вокальной группы «Гармония» Анна Грушевская – о своей творческой деятельности
-
Быть внимательнее к людям – вот жизненное кредо депутата Татьяны Шавлюк
-
Сквозь время и заботы: история жизни Лидии Мельничук