Навар да зарплаты “накруцілі”

Больш чым два гады некалькі вадзіцеляў ААТ “Белавежскі”, карыстаючыся бескантрольнасцю кіраўніцтва гаспадаркі, шляхам няхітрых махінацый “накручвалі” сабе да зарплаты незаконную прыбаўку. Аднак, як кажуць, колькі вяровачцы ні віцца… Вось адна з гэтых крымінальных спраў карупцыйнага характару.

Судом раёна 4 кастрычніка была разгледжана справа вадзіцеля ААТ “Белавежскі” Аляксандра К., які ў перыяд з 18 студзеня 2010-га па 26 сакавіка 2012 года, працуючы на аўтамабілі “МАЗ 5337” і злоўжываючы даверам адміністрацыі, “накруціў” сабе да зарплаты значную прыбаўку. “Тэхналогія” незаконнага прысваення незаробленых грошай простая: вадзіцель паўторна прыкладваў да пуцявых лістоў адну і тую ж накладную на перавозку камбікармоў, адпаведна ўносіў у тыя пуцёўкі заведама непраўдзівыя звесткі аб колькасці выкананых рэйсаў, перавезеным грузе і прабегу аўтамабіля. Так паўтаралася дзясяткі разоў! Быццам бы і нязначная сума прыбаўлялася штораз: усяго ў некалькі тысяч рублёў, толькі зрэдку – на тысяч 20-30, а за ўвесь перыяд махінацый набралася 1 млн. 208 тыс. 936 рублёў. Гэта – праз афёру з накладнымі.

У той жа перыяд часу гэты вадзіцель здабываў незаконныя грошы яшчэ адным простым спосабам: зліваў паліва з бака ў палімерныя бутэлькі, затым перамотваў лічыльнік спідометра, а ў пуцявыя лісты адпаведна запісваў завышаныя лічбы кіламетражу. І зноў жа за тое нібыта зрасходаванае паліва (дзе на 7 літраў, а дзе на 14-15, аднойчы і на 42,8 л), прыбаўляючы адпаведна і кіламетры, за ўвесь час прысвоіў 1522 л паліва агульным коштам 5 759 273 рублі.

Суд не ўстанавіў змовы паміж вадзіцелем і другімі службовымі асобамі (дыспетчарам, работнікамі бухгалтэрыі), аднак, адзначыў іх бескантрольнасць і няўважлівасць. Дзеянні падсуднага былі кваліфікаваны па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: 209 (“Махлярства”) і 211 (“Прысваенне або растрата”). Былі ўлічаны змякчаючыя абставіны: прызнанне абвінавачаным сваёй віны, яго раскаянне ў садзеяным, наяўнасць на ўтрыманні дваіх непаўналетніх дзяцей і добраахвотная кампенсацыя нанесенага ўрону. У адпаведнасці з заканадаўствам, па сукупнасці злачынстваў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім, канчаткова Аляксандру было прыз­начана пакаранне: пазбаўленне права займаць матэрыяльна адказныя пасады і тыя, што звязаны з выкананнем гаспадарча-распарадчых функцый, тэрмінам на 1 год са штрафам у памеры 40 базавых велічынь (4 млн. рублёў).

У верасні судом раёна разгле­джана чатыры аналагічныя справы, на кастрычнік прызначаны яшчэ дзве. Усе абвінавачаныя – вадзіцелі ААТ “Белавежскі”– характарызуюцца станоўча па месцы працы, раней не прыцягваліся да адказнасці, некаторыя з іх маюць на ўтрыманні непаўналетніх дзяцей. Гэтыя абставіны ўлічаны судом. І яшчэ – усе абвінавачаныя тлумачаць свае ўчынкі тым, што пайшлі на падман з-за немагчымасці пражыць за нізкую зарплату (да 1 млн. рублёў ці крыху болей). Але гэтая абставіна, як і наладжванне дзейснага кантролю за працай і афармленнем дакументацыі падначаленымі, – у кампетэнцыі адміністрацыі адкрытага акцыянернага таварыства.

Аксана ШКЕЛЬ,

суддзя суда раёна.

Добавить комментарий