Міністр ЖКГ на Камянеччыне

IMG_700117 чэрвеня ў Камянецкім раёне адбылося выязное пасяджэнне калегіі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі РБ. Удзел у ім прынялі міністр ЖКГ Рэспублікі Беларусь Аляксандр Церахаў і кіраўнікі абласных упраўленняў жылкамунгаса.

У Камянецкім ГДК госці і кіраўніцтва раёна ўзгаднілі план дзеянняў на дзень і выправіліся ў дарогу, першым прыпынкам на якой стаў водазабор “Беразнякі”. Пра яго і не толькі гасцям падрабязна расказалі старшыня Камянецкага райвыканкама Андрэй Пісарык і дырэктар КУШВП ЖКГ “Камянецкая ЖКГ” Аляксандр Галавач.

– Забяспечанасць цэнтральным водазабеспячэннем у гарадах раёна складае 97%, у аграгарадках – 81%, у вёсках – 51%, – паведаміў Аляксандр Мікалаевіч. – На балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі сёння стаіць 31 водазабор, 8 з іх забяспечаны станцыямі абезжалезвання, у тым ліку і той, з якім вы цяпер знаёміцеся. Ён быў пабудаваны ў 2010 годзе, і за чатыры гады па гэтым водазаборы не было ніводнага нестандартнага паказчыка. Для таго, каб поўнасцю забяспечыць раён якаснай вадой, патрэбна пабудаваць яшчэ 13 станцый абезжалезвання.

Аднак, словы словамі – лепш пабачыць усё сваімі вачамі. Што і зрабілі госці падчас экскурсіі. Ім паказалі кацельню, згаданую вышэй станцыю абезжалезвання вады і вытворчую лабараторыю. Дарэчы, апошняя (тут працуюць пяцёра спецыялістаў) не толькі адказвае за “паўсядзённае жыццё” водазабору, але яшчэ і цесна супрацоўнічае з заказчыкамі, ад 69 выкананых дагавораў з якімі ў першым квартале бягучага года зарабіла больш за 70 млн. рублёў. Звычайна тут заказваюць хімічныя, бактэрыялагічныя і радыёлагічныя даследаванні.

“Зарабіць на сябе – вось ваша задача”, – падкрэсліў Аляксандр Церахаў. З ёй тут спраўляюцца.

Па дарозе да наступнага аб’екта, які планавалася паказаць гасцям, пад’ехалі і да Камянецкай вежы. Фота на памяць – і зноў у аўтобус.

Спыніліся на вуліцы Матросава ў райцэнтры, каля дома пад нумарам 5а. Тут госці палюбаваліся добраўпарадкаваным пад’ездам, рамонт якога правялі жыльцы ўласнымі сіламі. Каштаваў ён (для пяціпавярховіка) 15 млн. руб.

Зайшла гаворка таксама і пра адмову ад прыбірання пад’ездаў супрацоўнікамі ЖКГ, а яшчэ пра тое, што выклікае заклапочанасць стан прыдваравых тэрыторый…

Далей аўтобус накіраваўся на ачысныя збудаванні поўнай біялагічнай ачысткі, на пабудову якіх пайшлі сродкі, выдзеленыя ў межах Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна 2007-2013. Увогуле ў раён прыцягнута больш за 5 млн. еўра грантавых грошай ад Еўрапейскага Саюза.

З Каменца госці накіраваліся ў Белавежскі. Па мясцовым ДК іх правяла яго дырэктар Вольга Коржык, а потым да ўсіх далучыўся і генеральны дырэктар ААТ “Белавежскі” Юрый Мароз. Ён расказаў пра асноўныя накірункі дзейнасці гаспадаркі, пра работу з людзьмі, іх жыллё і зарплату, а таксама закрануў сітуацыю, што складваецца сёння ў эканоміцы краіны.

Канцавым прыпынкам паездкі гасцей па Камянеччыне стала пракаветная Белавежская пушча. Пасля наведвання Музея прыроды ўсе сабраліся ў агульнай зале, каб падвесці вынікі ўбачанага і не толькі.

Падчас пасяджэння калегіі былі падведзены вынікі рэалізацыі Дзяржаўнай і тэрытарыяльнай праграм “Чыстая вада” ў 2011-2015 гадах. Прыемна адзначыць тое, што Брэстчына (адна з нямногіх) выканала ўсе паказчыкі абедзвюх праграм, арганізаваўшы цэнтральнае водазабеспячэнне гарадоў, аграгарадкоў і вёсак.

Хутка пачнецца новая пяцігодка. Таму ўжо пачалася праца над праграмамі праекта “Чыстая вада” для яе.

Другім пытаннем, якое абмяркоўвалі падчас пасяджэння, была зверка спісаў тых, хто адчувае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Брэстчына, і Камянеччына ў тым ліку, зноў заслужыла пахвалы. Тут, згодна з патрабаваннямі, усе вышэйназваныя спісы ёсць у адкрытым доступе ў сетцы Інтэрнэт. Сёння 106 123 жыхары Брэсцкай вобласці маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. На 10 чэрвеня бягучага года 5 431 чалавек зняты з уліку.

На працягу 5 месяцаў 2015-га праведзены 5 пасяджэнняў калегіі Мінжылкамунгаса. Рашэнні, прынятыя на іх, выконваюцца.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий