Сёння раскажу пра чалавека, які вядомы як выдатны кіраўнік. Яго асабістае жыццё ведаюць толькі тыя, хто жыве побач з ім. Знаёмцеся: Уладзімір Федаровіч, старшыня сельгасвытворчага кааператыву “Хадасы”.
Уладзімір Васільевіч у сям’і…
Яго жыццёвы шлях пачаўся ў суседняй Гомельскай вобласці 6 сакавіка 1966 года. Нарадзіўся Уладзімір Васільевіч у вёсцы Ельна. Акрамя яго, у сям’і раслі яшчэ дзве сястры… Пасля 10 класаў сярэдняй школы ў Леніне хацеў вучыцца на машыніста ў Гомелі, але бацькі не дазволілі, таму паступіў у Ляхавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум на агранамічнае аддзяленне. Праз год быў прызваны ў армію, пасля службы ў якой працягнуў вучобу.
Першы прафесійны вопыт атрымаў у Бярозаўскім раёне, дзе ў калгасе “Чырвоны сцяг” шчыраваў брыгадзірам. Час не стаіць на месцы, патрабуе новых ведаў, таму малады чалавек паступіў у Гродзенскі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. У вольныя хвіліны сур’ёзна займаўся лёгкай атлетыкай, выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Падчас вучобы пазнаёміўся з будучай жонкай, якая атрымлівала адукацыю ў той жа ўстанове. У Хадасы маладая сям’я прыехала на практыку і засталася тут назаўсёды. Пачынаў Уладзімір Васільевіч у 1992 годзе з пасады начальніка ўчастка №2 (Ганцэвічы), 4 месяцы быў галоўным аграномам раёна, пасля, у 2002-м, узначаліў гаспадарку. “Мая работа мне падабаецца. Але часам, калі ўзнікаюць нейкія праблемы, шкадую, што не стаў машыністам”, – з усмешкай гаворыць старшыня гаспадаркі. У сям’і Федаровічаў – дачка і сын, гонар бацькоў.
… і на рабоце
Летась паказчыкі развіцця “Хадасоў” аказаліся ніжэйшымі, чым у ранейшыя гады. Хто вінаваты ў гэтым? “І надвор’е, і чалавек!” – зазначае Уладзімір Федаровіч. Ён упэўнены: каб атрымліваць высокія ўраджаі, трэба адступаць ад старых стэрэатыпаў, а таксама – прыёмаў уздзеяння на прадукцыйнасць. “Напрыклад, трэба пераходзіць на мікраўгнаенні. У 2013-м на гэтыя мэты наша гаспадарка выдаткавала 271 мільён рублёў. Таму і атрымаўся нядрэнны вынік па цукровых бураках…”
На тэрыторыі гаспадаркі – 16 вёсак. У СВК шчыруюць каля 200 чалавек, і іх колькасць амаль не мяняецца. “Наш калектыў – стабільны, “цякучкі” кадраў, можна сказаць, няма. За гады склаўся “касцяк”. З маладых спецыялістаў мала хто “ўцякае” ад нас, бо большая частка іх – мясцовая моладзь…” Дарэчы, да будучых кадраў кіраўніцтва “Хадасоў” прыглядаецца яшчэ ў той час, калі яны вучацца ў школе. Заахвочванне лепшых вучняў, уручэнне навагодніх падарункаў тут даўно стала добрай традыцыяй. Зараз у гаспадарцы шчыруюць каля 20-і выпускнікоў мясцовай базавай школы. Ёсць маладыя спецыялісты, што прыязджаюць па размеркаванні. Моладзь забяспечана добраўпарадкаваным жыллём, дастойнай зарплатай. За кошт гаспадаркі арганізаваны паездкі ў басейн у Каменец, але чамусьці гэта паслуга не карыстаецца асаблівай папулярнасцю…
Аб тэхнічным перааснашчэнні можна многа і доўга расказваць. Новая тэхніка і не так даўно ўведзены ў эксплуатацыю зернесушыльны комплекс ЗСК-30 далі магчымасць своечасова ўбіраць і даводзіць да патрэбнай кандыцыі ўраджай. Словам, кожны ўкладзены ў мадэрнізацыю рубель паступова дае аддачу. З набыццём энерганасычаных трактароў і сучасных глебаапрацоўчых агрэгатаў палепшылася культура земляробства.
Калі больш за дзесяць гадоў таму Уладзімір Федаровіч прыступаў да абавязкаў старшыні гаспадаркі, то абяцаў, што ў жыцці работнікаў будуць вялікія перамены, ставячы для гэтага свае ўмовы: “Я патрабаваў, каб людзі вучыліся працаваць па-новаму!” Можа, не ўсё ўдалося зрабіць, як задумваў на пачатку, але тое, што гаспадарка набыла “другое” дыханне, сёння відавочна.
“Эканамічныя паказчыкі – палова справы. Яшчэ больш важнымі з’яўляюцца адносіны людзей да працы. У нас ёсць работнікі, якія ні хвіліны не могуць сядзець без работы,” – яшчэ адзін крытэрый поспеху для Уладзіміра Васільевіча. Увогуле, як лічыць старшыня сельскагаспадарчага кааператыву “Хадасы”, самыя галоўныя чалавечыя якасці – сумленне і працавітасць.
На рахунку Уладзіміра Васільевіча нямала зробленага: у мінулым годзе да Хадасоў падвялі газ, трактарны парк абноўлены (дарэчы, у гаспадарцы засталіся толькі адзінкі машын, якім больш за 10 гадоў). “Безумоўна, многае хацелася б зрабіць, але трэба разлічваць фінансы так, каб людзі рэгулярна атрымлівалі дастойную зарплату”. Асноўныя грашовыя сродкі гаспадаркі ідуць на завяршэнне будаўніцтва малочнатаварнай фермы на 765 галоў дойнага статка. Яе ўвод у эксплуатацыю плануецца ў бягучым годзе. Зараз будаўнікі завяршаюць аддзелку будынка, адначасова вядзецца мантаж абсталявання.
Вось такі ён, муж, бацька, старшыня, Уладзімір Федаровіч, за плячамі якога нямала зробленага на карысць гаспадаркі.
Наталля ГРЫЦУК.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Мошенники от имени работников Белтелекома обманывают граждан
-
О проведении централизованных экзаменов в 2025 году
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
V Республиканский конкурс социальной рекламы «#ПознайБеларусь» стартовал 15 мая
-
Помощь в решении трудовых вопросов теперь по единому номеру!