Гісторыя пажарнай дынастыі Ганчаровых пачалася ў далёкім 1925 годзе, калі на свет з’явіўся пачынальнік вядомага ў белавежскай старонцы роду Фёдар Ільіч Ганчароў… Вось ужо трэцяе пакаленне працягвае сямейную традыцыю свайго дзядулі…
Фёдар Ільіч Ганчароў
У Сібіры, а калі дакладней, то ў Томскай вобласці, у сярэдзіне 20-х гадоў у звычайнай сялянскай сям’і нарадзіўся маленькі Федзя… Прайшоў час, пачалася Вялікая Айчынная вайна. У 18-гадовым узросце (прыкладна ў 1943-м) маладога чалавека прызвалі ў армію. Ваяваў поруч са сваімі аднапалчанамі да 9 мая 1945-га. Перамогу сустрэў у Германіі. Пасля вайны часць, у якой служыў Фёдар Ільіч, стаяла ля Брэста. Гэта, мабыць, быў лёс, бо тут сустрэў сваю другую палавінку – Надзею. Вяселле згулялі 23 лютага 1946-га года… Сваю дзейнасць пачаў тут жа, у Брэсце, адкуль яго адправілі на вучобу ў Мінск. Пасля заканчэння ўстановы, у 1951-м, накіравалі на работу ў Каменец. Тут Фёдар Ільіч быў спачатку інспектарам па пажарным наглядзе, а потым, і да самай пенсіі, – начальнікам інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду…
Аляксандр Фёдаравіч Ганчароў
Пакуль бацька рабіў кар’еру ратаўніка, у сям’і падрасталі дзеці. Адзін з іх, Аляксандр, пасля заканчэння школы вырашыў звязаць сваё жыццё, таксама як і бацька, з пажарнай службай. Таму Ленінградскае пажарна-тэхнічнае вучылішча МУС СССР стала часовым домам для курсанта Ганчарова. Вучэбныя будні часта былі напоўнены практычнымі заняткамі… на сапраўдных пажарах. Таму за гады вучобы не па чутках ведаў пра вогненную бяду і пра яе наступствы. Падчас вучобы Аляксандр Фёдаравіч атрымаў медаль “За адвагу на пажары” – ён выратаваў будынак навукова-даследчага інстытута палімераў, пажар на якім адбыўся ў 70-х гадах… Пасля заканчэння вучобы Аляксандр Ганчароў накіраваны для далейшага праходжання службы ў Пружаны, а праз тры гады апынуўся… на Чукотцы. Але праз сем гадоў вярнуўся на Пружаншчыну. Аляксандр Фёдаравіч больш за трыццаць гадоў аддаў пажарнай справе, больш за дваццаць з якіх быў начальнікам Пружанскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Зараз падпалкоўнік унутранай службы ў адстаўцы Аляксандр Ганчароў знаходзіцца на заслужаным адпачынку. А яго эстафету перанялі сыны…
Андрэй Аляксандравіч Ганчароў
Нарадзіўся ў Пружанах у 1983 годзе. Пасля заканчэння сярэдняй школы вытрымаў уступныя іспыты ў вышэйшую навучальную ўстанову. Так, у 2000-м годзе стаў курсантам камандна-інжынернага інстытута МНС РБ у Мінску. Калі скончыў вучобу, па размеркаванні трапіў на службу ў Брэст. Але доўга ў гэтым месцы не затрымаўся, бо працягваў вучыцца ў тым жа інстытуце, толькі ўжо на камандным факультэце. Пасля двух гадоў вучобы накіраваны для далейшага праходжання службы ў Івацэвічы, дзе заняў пасаду намесніка начальніка райаддзела. Праз некаторы час перавёўся ў родныя Пружаны, дзе летам 2011-га назначаны начальнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях… У сям’і Андрэя Аляксандравіча падрастае маленькі сын, які, быць можа, у будучым таксама стане ратаўніком…
Аляксей Аляксандравіч Ганчароў
Алёша – пакуль самы малодшы ў дынастыі, але, можа быць, не апошні…
Пасля заканчэння школы ў 2006 годзе паступіў, як і брат Андрэй, у камандна-інжынерны інстытут МНС РБ у Мінску. А ў 2010-м, пасля яго заканчэння, накіраваны для далейшага праходжання службы ў Камянецкі райаддзел па надзвычайных сітуацыях. Тут Аляксей атрымаў пасаду інспектара інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду, якую займае і сёння. Па словах ратаўніка, ён ніколі не вагаўся з выбарам жыццёвай сцежкі, бо ў яго сям’і ўсе мужчыны былі пажарнымі і выконвалі свой абавязак перад Айчынай сумленна. Гэта было самастойным рашэннем… Галоўным на службе Аляксей лічыць сумленнае выкананне тых задач, што паставіла кіраўніцтва дзяржавы. А дэвіз “Ісці наперад і не рабіць крокі назад” дапамагае па жыцці. Галоўным жа ў сваім асабістым жыцці Ганчароў-малодшы лічыць здароўе родных і блізкіх людзей. І будучае сваё бачыць побач з імі, з тымі, хто даў жыццё і выхаваў, а ўзамен нічога не прасіў… Вольную хвілінку Алёша стараецца правесці з сэнсам, напрыклад, у спартыўнай зале, дзе можа заняцца любімым футболам… А пра прафесію сваіх будучых дзяцей сказаў так: “Яны павінны рабіць выбар свайго далейшага жыццёвага шляху самі…”
Святлана Фёдараўна Ганчарова
Нельга тут не ўспомніць і пра дачку былога франтавіка Фёдара Ільіча Святлану, якая дваццаць гадоў узначальвала пашпартна-візавую службу Камянецкага РАУС. Як бачым, таксама ваенны чалавек. Маёр міліцыі ў адстаўцы Святлана Ганчарова прайшла службовую лесвіцу ад радавой пашпартысткі да начальніка, і пры гэтым засталася цудоўным чалавекам, з адкрытым сэрцам і душой. Зараз Святлана Фёдараўна на заслужаным адпачынку.
Гэта ўсяго толькі адзін прыклад мужнага роду ваенных. Здаецца мне, што дынастыя Ганчаровых-ратаўнікоў будзе доўжыцца і доўжыцца…
Наталля ГРЫЦУК
Фота з сямейнага архіва
сям’і Ганчаровых
Это может быть интересно:
-
После реконструкции в Каменце открылось здание БТИ
-
В Каменецкой ЦРБ проводится вакцинация для профилактики COVID-19
-
Сегодня у жителей района была возможность обратиться со своими вопросами к депутатам всех уровней
-
«Наши дети» и «От всей души»: новогодние акции Каменецкого района объединяют добрые сердца
-
15 января на встрече с председателем районного Совета депутатов в Новоселках обсудили насущные вопросы