Молоко в частных руках

Не раз сустракала ў рэспубліканскіх газетах звесткі аб тым, што на Міншчыне ды Віцебшчыне з’явіліся індывідуальныя прадпрымальнікі, від дзейнасці якіх – збор малака з падвор’яў сялян. “Піянеры” гэтай справы маюць адпаведны транспарт, дамову з пэўным перапрацоўчым прадпрыемствам і жаданне працаваць. А яшчэ – даверлівыя адносіны з вяскоўцамі.
Нагода для гэтага артыкула наступная: аказваецца, малаказборшчыкі-прыватнікі працуюць і на Брэстчыне – у Ганцавіцкім і Лунінецкім раёнах. І стала цікава: у чым жа “соль” новай для нас з’явы? Адказ паспрабавала знайсці ў гутарцы з начальнікам райсельгасхарча Лунінецкага райвыканкама Сяргеем Бойка.
– Сяргей Яўгенавіч, як даўно абавязкі малаказборшчыкаў на Лунінеччыне перайшлі ў рукі прадпрымальнікаў?
– Гады тры таму назад. Ініцыятыва сыходзіла ад райвыканкама. На слушную прапанову заняцца зборам малака з сельскіх падвор’яў пагадзіўся адзін, другі, трэці чалавек, а затым – больш, і сёння ў раёне для 19-і прадпрымальнікаў гэтая работа стала асноўным відам дзейнасці.
– Не чакала пачуць такую важкую лічбу. Яна шмат аб чым гаворыць…
– Найперш аб тым, што ў нас яшчэ ёсць вёскі, дзе сяляне маюць да 300 кароў. Хоць у цэлым па раёне – тэндэнцыя да змяншэння вясковага статка. У той жа час, дзякуючы зацікаўленасці селяніна, узрастае аб’ём продажу малака: калі летась, напрыклад, 19 сакавіка было закуплена 14,1 тоны яго, дык сёлета ў гэты ж дзень – 16 тон.
– І якія “плюсы” мае збор малака прыватнымі асобамі?
– Зніклі многія праблемы з тых, калі трэба было тэрмінова задавальняць просьбы ранейшых малаказборшчыкаў: дай каня, дай воз, дай колы… Сёння прадпрымальныя людзі збіраюць “вясковае” малако на ўласных невялікіх грузавічках, абсталяваных спецыяльнымі ёмістасцямі з дапамогай Лунінецкага малочнага завода.
– А як з ахалоджваннем малака?
– Па-першае, аўтамабіль – не конь, хуткасць другая, таму без прамаруджвання сабранае малако дастаўляецца на перапрацоўчы завод або ў халадзільнік прыёмнага пункта. Па-другое, прадпрымальнік не менш за гаспадара рагулі зацікаўлены ў тым, каб на завод было дастаўлена малако добрай якасці. І, паверце, зробіць для гэтага ўсё магчымае.
– Цікава, якія складаемыя даходу прадпрымальных малаказборшчыкаў?
– Яны маюць 20 працэнтаў ад абъёму сабранага малака. З заробку малаказборшчык кампенсуе і ўсе ўласныя расходы. Вядома, самы высокі заробак у маі – ліпені.
– Як падзелены “сыравінныя зоны” паміж індывідуальнымі прадпрымальнікамі?
– Ёсць прыклады, калі адзін з іх абслугоўвае ўвесь сельсавет, бывае, “дзеляць” сельсавет на дваіх. Не пакідаюць без увагі і хутары – у спадарожным напрамку. Праўда, у трох гаспадарках, дзе ў вёсках зусім мала кароў, зборам малака займаюцца самастойна. Людзі ў нас працавітыя. Магчыма, калі больш важкім стане стымул працы на ўласным падвор’і, колькасць рагуль зноў будзе павялічвацца…
Не стрымалася, папрасіла свайго субяседніка назваць імя хоць аднаго з прадпрымальных зборшчыкаў малака, каб з першых вуснаў даведацца, як пачуваецца прыватнік на гэтай “ніве”. На другім канцы тэлефоннага провада даволі хутка азваўся бадзёры голас Віктара Канапацкага, які жыве недалёка ад Лунінца і малако збірае ў блізкіх да горада вёсках. Даведалася, што супрацоўнічаць з малаказаводам ён пачаў год таму назад, што найпершай патрэбай была пакупка нятаннага вызначальніка якасці малака, што дзякуючы гэтаму сучаснаму прыбору зніклі многія ранейшыя непаразуменні, што, згодна з Дэкрэтам №9, такі від дзейнасці не абкладваецца падаткам, калі прадпрымальнік жыве ў сельскай мясцовасці…
Вось такім атрымаўся “малочны” сюжэт, выпадкова “знойдзены” на рынкавай прасторы сённяшняга дня. Магчыма, у кімсьці з ініцыятыўных людзей і нашага раёна ён абудзіць адпаведную цікавасць.

Галіна НОВІК

Добавить комментарий