Мода на натуральную ёлку вяртаецца

Традыцыя святкавання Новага года 1 студзеня з’явілася падчас праўлення Пятра I. Ён выдаў указ, каб людзі прыбіралі ёлкі і сосны, віншавалі адзін аднаго са святам і дарылі падарункі. З тых часоў ёлка з’яўляецца сімвалам зімовага свята.

На тэрыторыі Камянеччыны налічваецца 5 плантацый навагодніх ёлак. Гэта спецыяльна адведзеныя ўчасткі зямлі, дзе ствараюцца пэўныя ўмовы для таго, каб ёлка вырасла сапраўднай прыгажуняй. Яна патрабуе догляду, і пакуль трапіць на свята, пройдзе не адзін год. «Спачатку трэба сабраць шышкі, з якіх атрымліваюць насенне. Праца – ручная, у некаторых выпадках выкарыстоўваюцца толькі спецыяльныя пад’ёмнікі, якія дазваляюць дабрацца да тых шышак, што вісяць высока. Іх перабіраюць і сартуюць, пашкоджаныя або няправільнай формы выбракоўваюцца. Сабраны матэрыял адпраўляецца ў Рэспубліканскі селекцыйна-насенняводчы цэнтр, дзе адбываецца іх абмалот. Здабытае насенне абяскрыльваюць, і яно чакае свайго часу. Базісны гадавальнік у Мяднянскім лясніцтве Брэсцкага раёна “адказвае” за забеспячэнне сеянцамі і насеннем. У час росту патрэбны догляд за дрэвам – скасіць траву, прарэдзіць рады, ачысціць плантацыю ад хмызняку. Перш чым ёлка адправіцца на рынак, пройдзе 7-10 гадоў”, – распавядае Ігар Мацюшык, ляснічы Камянецкага лясніцтва.

У мінулым годзе гэтым лясніцтвам было рэалізавана каля 2600 элітных ёлак. Каля 170 адправіліся ў Брэст для складання ёлкі на галоўнай плошчы (на металічны каркас мацуюцца маленькія ялінкі, з якіх і атрымліваецца вялікая прыгажуня).

З кожным годам усё больш складана адшукаць ёлку для плошчы ў горадзе. На ўскраінах лясоў ужо практычна іх не засталося, а для таго, каб яе вывезці з лесу, патрэбен верталёт. Даводзіцца шукаць ёлку на прыватных падворках. І ў гэтых выпадках хапае праблем, у прыватнасці, з транспарціроўкай.

Попыт на зялёных прыгажунь з кожным годам павялічваецца. Зноў вяртаецца мода на натуральныя ёлкі. Бо не параўнаецца штучная з той, якая ўвабрала пах ветру, водар лесу.

Цэны на святочныя дрэвы, як заўсёды, даступныя. Пачатак продажу ў Камянецкім лясніцтве і на рынку – у 20-х чыслах снежня. У гэтым годзе пад рэалізацыю адведзена 1000 навагодніх дрэў. Ёлка вышынёй да 1 м будзе каштаваць каля 25 тысяч рублёў, а на ёлачных базарах – 30. Дрэва вышынёй ад 1 метра да 2-х абыдзецца да 32 тысяч рублёў, лясная прыгажуня «ростам» ад 2 да 3 метраў па кошце не перавысіць 45 тысяч. Даражэй за ўсё будзе каштаваць ёлка вышынёй больш за 10 метраў – каля 350 тысяч. Лясгас прапануе пакупнікам не толькі ёлкі, але і сосны, паводле запыту. Продаж будзе наладжаны і да праваслаўных Каляд – для храмаў.

Мяне заўсёды цікавіла пытанне, што робяць з ёлкамі, якія ўжо ссеклі, але пакупнік на іх не знайшоўся. Аказваецца, гэты працэс кантралюецца, ёлкі падвозяць згодна з пакупніцкай актыўнасцю, і ніхто абыякава плантацыямі іх не высякае. Таму “лішнія” ёлкі практычна не застаюцца.

Вырашана пытанне з утылізацыяй паслясвяточных ёлак. Іх складваюць каля дамоў, а камунальнікі збіраюць, дробняць на трэскі і спальваюць.

Той, хто хоча радавацца ёлцы доўга, можа купіць дрэва з каранямі і пасля свята высадзіць, скажам, на дачным участку або ля дома, тады штогод можна ўпрыгожваць жывое дрэва ў двары. Нават ля самай шумнай магістралі можна жыць спакойна, калі абараніць свой ​​дом ёлкамі. Яны лічацца найлепшымі вартаўнікамі цішыні. Таксама ёлка лепш, чым іншыя дрэвы, ачышчае паветра, пастаўляе кісларод. Прыкладна чатыры сярэдняй велічыні ёлкі на ўсё жыццё забяспечваюць дыханне аднаго чалавека.

Важна! У пераднавагодні перыяд дзяржаўная лясная ахова ўзмацняе абарону лясных масіваў ад незаконных высечак. Будуць арганізаваны рэгулярныя рэйдавыя мерапрыемствы. На дарогах сумесна з Дзяржаўтаінспекцыяй установяць кантрольныя пасты. Беражыце прыроду і не займайцеся незаконнай высечкай лясоў.

Дар’я ДЗЯМЯНКА.

Фота з архіва

Камянецкага лясніцтва.

Добавить комментарий