Пазнаёмлю вас з Карынай. Спытаеце, чым асабліва вызначаецца гэтая дзяўчынка? Звычайны падлетак, вучаніца 6-га класа СШ №1 г. Каменец. Школьніца, падобная на сваіх равесніц. І хоць яна яшчэ зусім юная, але стварае цудоўныя работы, якія радуюць душу, ад якіх на сэрцы застаецца адчуванне цяпла і свята.
У Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Карына прыйшла ў першым класе. І неяк адразу з усёй разнастайнасці цікавых гурткоў выбрала “Модніцу”, якім кіруе педагог дадатковай адукацыі Валянціна Лявонцьеўна Карасінская. Шыццё з абрэзкаў – не зусім звычайны занятак, і спадабаўся Карыне ён невыпадкова. Дзяўчынка з дзяцінства любіла шыць. Ужо ў шасцігадовым узросце яе умелыя ручкі спраўляліся з невялікімі аплікацыямі. Бадай, першыя ўрокі швейнай справы дала ёй маці, швачка па прафесіі. У сям’і, дзе ўсе умеюць шыць, і маці, і старэйшая сястра, нельга было застацца без гэтай справы. А ў цэнтры Карына ўдасканальвала свае ўменні – ад простага да складанага, і кожная яе работа станавілася ўсё лепшай.
Прыцягвала Карыну і выяўленчае мастацтва, бо з дапамогаю фарбаў можна так цікава выказаць свае пачуцці, эмоцыі, любы парыў душы. І кожны колер стварае свой асаблівы настрой, нараджае гармонію. Некаторы час Карына наведвала яшчэ і гурток Святланы Анатольеўны Постнікавай. Творчыя педагогі сталі для Карыны тымі людзьмі, хто адкрыў для яе свет цудоўнага. Работы дзяўчынкі не так даўно можна было ўбачыць на персанальнай выставе ў школе. Малюнкі, пано, нацюрморты і карціны з незвычайнымі сюжэтамі цікава разглядаць чалавеку любога ўзросту. З якой любоўю аўтар выбірала кожную іх дэталь, колер і нават назву – «Девичьи грёзы», «Весёлая семейка», «Влюблённые качели». Такія работы нікога не пакінуць раўнадушнымі.
Праўду кажуць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Карына не толькі добра шые і малюе, але і вельмі любіць танцаваць. Танцы ўвайшлі ў яе жыццё ў сямігадовым узросце. Калектыў ансамбля эстраднага танца “Капрыз”, якім кіруе Валянціна Крывец, стаў для яе другой сям’ёй. Рэпетыцыі, паездкі, выступленні… І пры ўсім гэтым Карына паспявае добра вучыцца ў агульнаадукацыйнай і музычнай школах.
Музыка, танцы, заняткі ў любімых гуртках, актыўны лад жыцця – як шмат можа паспець чалавек, калі толькі ёсць жаданне! Зрабіць сваё жыццё цікавым, творчым, захопленым па сілах любому з нас. Трэба толькі захацець!
Аляксандра ДАЦКЕВІЧ
Это может быть интересно:
-
Радость в каждый дом: представители ОАО “Беловежский” поздравили детей в опекунских семьях
-
Белорусским мобильным операторам запретили подключать платные подписки без согласия клиента
-
С коллективами электрических сетей и представительства Белгосстрах по Каменецкому району состоялись диалоговые площадки
-
Ола – трагедия и боль белорусской нации
-
Адзіны дзень інфармавання насельніцтва прайшоў сёння ў СШ №1 Каменца імя Л.С. Паеўскага