Хутар на Драгічыншчыне, дзе прайшлі гады маленства, сённяшні пелішчанец Антон Мартынавіч Саковіч з асаблівай любоўю захоўвае ў сваім сэрцы. А яшчэ, дзякуючы здольнасцям да малявання, ён перанёс родны дом на паперу – і сёння карціна (вы можаце бачыць яе на галоўным фота) займае пачэснае месца ў хатнім вернісажы.
Першы знаток і справядлівы крытык творчасці мастака – яго любімая жонка Антаніна Іванаўна, з якой у 1969 годзе, пасля нараджэння дачкі, пераехалі ў Пелішча, дзе можна было атрымаць кватэру. Уладкаваліся на работу: яна – фельчарам у мясцовую амбулаторыю, ён – на станцыю, якая перапампоўвала паліва (пазней стаў інжынерам па ахове працы ў ААТ “АграПелішча”).
У 2017-м Саковічы адзначылі залатое вяселле, і на святкаванне яго сабралася ўся вялікая сям’я: сын, дачка, чацвёра ўнукаў. Цяпер ёсць яшчэ і праўнучка Насця, якой хутка споўніцца тры гадкі.
З творчасцю Антон Мартынавіч ішоў па жыцці поруч яшчэ з маладых гадоў. У Драгічынскім раёне (да пераезду) працаваў мастаком-афарміцелем у клубе, займаўся разьбой па дрэве (майстраваў фігуркі зуброў ды аленяў)… Потым паўсядзённыя клопаты адсунулі захапленне на другі план, пакуль дачка не прапанавала тату намаляваць папулярную апошнім часам карціну па нумарах. Згадзіўся. Узяўся за гэту крапатлівую работу (хто спрабаваў – ведае) і скончыў, абапіраючыся ўжо выключна на ўласныя (ад прыроды) густ ды адчуванне прыгожага. Не звяртаў увагі на загадзя расстаўленыя лічбы і колеры, замацаваныя за імі, – карцела ўнесці ў карціну нешта СВАЁ.
Спачатку маляваў з натуры
Так і заняўся гэтым відам творчасці зноў – маляваў з натуры, з гатовай карцінкі, паводле ўспамінаў (пра родны хутар, напрыклад). Па просьбе ўнучкі, што жыве сёння ў Фларэнцыі, дзе не бывае ні маразоў, ні снегу, стварыў некалькі цудоўных зімовых пейзажаў. У свой час яны “пераселяцца” ў сонечную Італію, а пакуль кожны новы твор Антон Мартынавіч абавязкова фатаграфуе і адпраўляе на ацэнку ўнучцы.
Часта “заказваюць” бацьку карціны і дачка з сынам, што жывуць у Жабінцы і Гродне адпаведна. Яны ж дапамагаюць і з набыццём матэрыялаў для творчасці. А рамкі Антон Мартынавіч робіць сам. (Дачка дарэчы, таксама малюе – не прафесійна, для сябе.)
Сваімі дзецьмі і ўнукамі Саковічы шчыра ганарацца, бо заўсёды адчуваюць іх цеплыню і падтрымку. Калі пытаюся, на што абапіраліся ў выхаванні, Антаніна Іванаўна гаворыць пра бясцэнны ўласны прыклад, а таксама пра ранняе прывучэнне да працы: “З малых гадоў бралі дзяцей з сабой у поле, рана будзілі, хоць сёння прынята шкадаваць малых, даваць ранічкай даўжэй паспаць. На маю думку, для адпачынку ёсць ноч, а дзень – для работы. Мы былі строгімі бацькамі, асабліва я. Не мелі ніводнай шкоднай звычкі, вось і дзеці ў нас такія ж самыя”.
Пра сваё
Сакрэтам сямейнай згоды Саковічы лічаць уменне саступаць, заўважаць і цаніць добрае адзін у адным, а таксама змірацца.
Пра творчасць мужа Антаніна Іванаўна гаворыць з асаблівай цеплынёй. “Сама не малюю, але цаніць умею”, – зазначае яна. Таму і крытыку жончыну Антон Мартынавіч успрымае з разуменнем: “Ведаю, што ідэальна не бывае”.
Цікаўлюся любімай тэмай мастака, і ён адказвае проста: “Малюю прыгажосць”.
Варта зазначыць і той факт, што ў Антона Саковіча былі ўжо 2 невялікія выставы: на Дні горада ў Каменцы і падчас Дня аграгарадка ў Пелішчы. Антаніна Іванаўна прыгадвае здзіўленне агульнай знаёмай, якая падчас апошняга ўбачыла карціны і сказала: “Столькі гадоў жыву побач з Антонам Мартынавічам, а не ведала, што ён малюе!” Вось якое атрымалася адкрыццё. Ды і ўвогуле побач з намі шмат адораных, таленавітых людзей. Варта толькі азірнуцца.
Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
«С травяным чаем и горячим пловом»: как прошла встреча ко Дню инвалидов в Высоком
-
Зубы дешевле, сигареты дороже: что ждет белорусов в декабре
-
Кто посмел сбросить американский намордник?
-
Наши читатели сообщают об очередной проблеме в работе Каменецкого автопарка
-
«Автобусный» прогноз: ходит как вздумается!