Месцам майго знаёмства з загадчыцай дзіцячага аддзялення Камянецкай ЦРБ стаў кабінет участковага ўрача, якога Ганна Нікончык замяняе на час водпуску.
Пакуль чакала маю суразмоўцу, пагутарыла са студэнткай Насцяй, што пасля чацвёртага курса Гродзенскага медуніверсітэта праходзіць тут практыку.
– Добры спецыяліст! – так з ходу характарызуе Ганну Нікончык яе часовая супрацоўніца. – З ёю цікава і надзвычай лёгка працаваць. Заўсёды падкажа, дапаможа. А яе ўзаемаадносіны з дзеткамі такія ўпэўненыя, што не магу не зайздросціць! Імкнуся браць прыклад…
Тым часам у кабінет заходзіць Ганна Сцяпанаўна.
– У жніўні будзе год, як жыву і працую ў Каменцы, – расказвае яна. – Прыехала сюды па размеркаванні пасля Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і года інтэрнатуры ў Брэсце. Родам я з вёскі Хотамель Столінскага раёна. З дзяцінства жыла адной мараю – стаць педыятрам.
На новым месцы маладога спецыяліста сустрэлі прыязна і адразу ж даверылі вельмі адказную пасаду – загадчыка педыятрычнага аддзялення.
– Мне пашанцавала з вопытнымі, чулымі настаўнікамі! – заўважае дзяўчына і называе добра вядомых камянчанам Уладзіміра Баука і Любоў Багдановіч, якім вельмі ўдзячна за падтрымку.
– Педыятр – гэта, напэўна, самая жаночая з усіх прафесій. Як думаеце, хто лепш справіцца з ёю: мужчына ці жанчына?
– Жанчына, – падумаўшы, адказвае Ганна. – У ёй дзіця бачыць другую маму, “маму ў белым халаце”. Важна да кожнага з малечы знайсці індывідуальны падыход.
– Што, акрамя медыцынскай дапамогі, памагае дзецям хутчэй папраўляцца ў бальніцы?
– Любоў, клопат і ласка.
Такіх якасцей Ганне Нікончык пазычаць не трэба. У гэтым упэўнілася, паназіраўшы крыху за тым, як яна вядзе прыём: умела супакойвае капрызуль, прафесійна адказвае на пытанні ўсхваляваных маці (бо што можа быць даражэйшым за здароўе дзіцяці?)
– Чым займаецеся, калі выпадае вольная хвілінка?
– Люблю вязаць кручком. Уласнаручна створаныя сурвэткі ўпрыгожваюць інтэр’ер, а пінеткі накіроўваюцца ў падарунак пляменнікам.
– Што лепш за ўсё ўздымае Вам настрой?
– Усмешкі дзяцей.
– У чым шчасце жанчыны?
– Каб дома яе чакалі…
– Якой, на Вашу думку, павінна быць сучасная чараўніца, чыё імя вынесена ў назву нашай тэматычнай старонкі для жанчын?
– Не ведаю. Я яшчэ не чараўніца. Толькі вучуся… (усміхаецца).
Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.