Малюючы Высокае…

IMG_4524Кожны горад варты таго, каб яго малявалі. Заўсёды цікава паглядзець, якімі паўстануць на палатне знаёмыя вуліцы і будынкі, як іх бачыць мастак… Высокае ўжо другі раз запар стала крыніцай натхнення для творцаў – удзельнікаў шостага рэгіянальнага беларуска-польскага пленэра, прысвечанага памяці беларускага жывапісца Фёдара Дарашэвіча, ураджэнца Каменца.

З 10 па 15 чэрвеня мастакі Анатолій Туркоў, Эдмунд Вільк, Ярослаў Геза, Наталля Скарга, Ігар і Вольга Раманчукі, Сяргей Касцюк, Васілій Грынь, Анатолій Меліхавец працавалі пад адкрытым небам, сузіралі прыгажосць, прапускалі яе праз прызму свайго ўспрымання, а потым адлюстроўвалі з дапамогай фарбаў.

Пераходзячы ад карціны да карціны (іх выставілі ў фае гарадскога Дома культуры), гледачы то пазнавалі розныя куточкі роднага горада, то ўглядаліся ў твары людзей, што пазіралі з партрэтаў, то спрабавалі ўдыхнуць водар намаляваных кветак, якія здаваліся такімі жывымі! Чула, як дзяўчаткі-школьніцы шапталіся ля аднаго з пейзажаў: “Памятаеш, мы бачылі, як стваралася гэта карціна!” Вось яно, далучэнне да сапраўднага мастацтва.

Неўзабаве музыка паклікала гасцей у актавую залу, дзе распачынаўся “Добры канцэрт”, падрыхтаваны мясцовымі артыстамі. Гучалі песні на рускай і беларускай мовах, IMG_4415прачулы маналог у выкананні Алега Грыпічука, а потым на сцэну запрасілі аднаго з мастакоў, Анатолія Меліхаўца з Брэста, які аказаўся яшчэ і спеваком. Пад гітару ён выканаў гумарыстычную песню. Кожны жадаючы выказаўся са сцэны, а потым надышоў час уручэння ганаровых дыпломаў, якія будуць нагадваць мастакам аб шостым беларуска-польскім пленэры. Акрамя таго, ім перадалі смачныя пачастункі ад СААТ “Белавежскія сыры”.

Пасля канцэрта разыходзіцца ніхто не спяшаўся. Ля карцін вяліся гутаркі аб мастацтве, кожны мог задаць пытанне мастаку. Як было ўпусціць такую магчымасць? З 30 карцін шостага пленэру 10, па адной ад кожнага мастака, застануцца ў горадзе, каб папоўніць калекцыю, у якой ужо ёсць работы, створаныя летась падчас пятага. У іх – Высокае вачамі мастакоў. А якое яно ў вашых вачах? Параўнайце.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.

 

Прамой мовай

Наталля СКАРГА, мастак, г.Кобрын:

– Высокае – вельмі прыгожы горад, ёсць мясціны надзвычайнага хараства і вялікай гістарычнай каштоўнасці! Гэта для мяне важна. Трэба маляваць старое, авеянае стагоддзямі, напоўненае каштоўнай чалавечай памяццю. Маляваць, каб запомніць самой і не даць забыць іншым. Сёлета я пісала цэнтр Высокага. Прыемна было, калі падыходзілі людзі, “звяралі” выяўленае на мальберце з гарадскім пейзажам, які бачаць кожны дзень і нібыта не заўважаюць. Ахвотна адказвала на пытанні, дазваляла назіраць за сваёй работай. Гэта не перашкаджае, мы працуем для людзей.

Эдмунд ВІЛЬК, мастак, г.Дамброва Тарноўска, Рэспубліка Польшча:

– Сёлетні пленэр шосты для мяне. Заўсёды з ахвотай адгукаюся на прапанову прыехаць, не магу ўпусціць шанц сустрэцца з калегамі-сябрамі. У Высокім мы другі раз з той прычыны, што тут сапраўды ёсць што маляваць: і пейзажы чароўныя, і архітэктура выдатная. Акрамя таго, прымаюць лагодна і гасцінна, а гэта для кожнага чалавека, мастака ці не, таксама важна. Атрымаў ад пленэру вялікае задавальненне! І папрацавалі на славу, і адпачылі з карысцю: абышлі з экскурсіяй высокаўскія санаторную школу-інтэрнат і каледж, наведалі крэпасць і музеі ў Брэсце, Белавежскую пушчу, Камянецкую вежу. Калі запросяць у наступным годзе, нават думаць не буду – адразу згаджуся.

Анатоль ТУРКОЎ, старшыня грамадскага аб’яднання аматараў мастацтва “Тур”:

– У Высокім нам працавалася добра і лёгка, цудоўна сустрэлі. Удзячны дырэкцыі каледжа, у чыім інтэрнаце мы “кватаравалі”, мясцоваму Дому культуры, супрацоўнікі якога арганізавалі адкрыццё, закрыццё пленэра і вечарыны для мастакоў. Часу было мала, менш за тыдзень, але паспелі мы многа. Спадзяюся, што вынік працы парадуе высакаўчан і гасцей горада.

IMG_4483Алег ГРЫПІЧУК, дырэктар Высокаўскага ГДК:

– Пленэр атрымаўся! Пацверджанне гэтаму – людзі, якіх не адарваць ад выстаўленых у фае карцін. Высокае заўсёды рада гасцям. Прапаную дзясяты, юбілейны, пленэр таксама правесці на нашай зямлі. Гэта будзе сімвалічна. Шчыра дзякую нашым мастакам за тое, што ўскалыхнулі наша жыццё і сабралі разам цэлае мора людзей.

Мікалай ГРОМІК, начальнік аддзела культуры Камянецкага райвыканкама:

– Прыгажосць выратуе свет. Гэты тыдзень праляцеў, як адно імгненне, а памяць пра яго захаваецца ў карцінах. Глядзіце, вывучайце… Людзі стваралі дабро – вось што галоўнае. І ў 2014 годзе зноў запрашаю вас, нават у большай колькасці, на камянецкую зямлю, вартую таго, каб адлюстроўваць яе на палатне.

Леанід БІРУК, старшыня Высокаўскага гарвыканкама:

– Сам назіраў за работай мастакоў і быў уражаны. Высокае сустракала іх не як гасцей, а як сяброў – шчыра, радасна, гасцінна. Ды і надвор’е падтрымала. Карціны двух пленэраў мы абавязкова выставім на агульны агляд у Дзень горада.

Добавить комментарий