Малые предприятия Каменетчины на выставке в Бресте

У Брэсцкім аблвыканкаме ўзнагародзілі пераможцаў абласнога конкурсу “Лепшы прадпрымальнік 2011 года”.
Людна і шумна было пятага красавіка на першым паверсе будынка Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта: тут разгарнулася выстава-прэзентацыя малых прадпрыемстваў Брэстчыны. Праводзілася яна ў межах цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў штогадовага конкурсу “Лепшы прадпрымальнік”. На выставе можна было пазнаёміцца з прадукцыяй малых прадпрыемстваў, яе асаблівасцямі і тэхналогіяй вытворчасці. Спектр жа прадстаўленых узораў самы шырокі: ад будаўнічых сумесяў – да прыпраў і спецый. Апошнія прадставіла на суд удзельнікаў цырымоніі фермерская гаспадарка “Пушчанская таямніца” з нашага раёна. Камянеччына ўвогуле мела на выставе даволі значнае прадстаўніцтва – акрамя “Таямніцы” сваю прадукцыю прадставілі прыватнае гандлёва-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Аўтар Плюс” і замежнае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “БО АЛЛУР”. Вядома, далёка не ўсе малыя прадпрыемствы вобласці прынялі ўдзел у выставе, але нават і тыя, што былі там навідавоку, паказалі, якія разнастайныя напрамкі вытворчай дзейнасці ахоплівае малы бізнес Брэстчыны.
Гэта пацвердзіў у сваім уступным слове непасрэдна перад узнагароджваннем пераможцаў, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. Ён адзначыў таксама важкую ролю прадпрымальнікаў у эканоміцы Брэстчыны, іх значны ўнёсак у развіццё інавацыйных тэхналогій і канструктыўнае супрацоўніцтва з уладай. А перамога ў конкурсе – гэта прызнанне заслуг, стымул для далейшага ўдасканалення вытворчасці і прыклад для іншых. Дарэчы, усяго на ўдзел у конкурсе была даслана 151 заяўка ад суб’ектаў прадпрымальніцтва з усіх рэгіёнаў вобласці. Праводзіўся конкурс па 19-і намінацыях. У выніку былі вызначаны 18 пераможцаў і 41 лаўрэат. Сярод узнагароджаных ёсць і прадстаўнікі Камянеччыны. Фермерская гаспадарка “Пушчанская таямніца” стала лаўрэатам конкурсу ў намінацыі “Лепшая сялянская (фермерская) гаспадарка”. Адпаведны Дыплом быў уручаны кіраўніку гаспадаркі Івану Панасюку. Віншуем!
Адначасова журы вызначыла і пераможцаў у конкурсе “На лепшае асвятленне і прапаганду ў сродках масавай інфармацыі прадпрымальніцкай дзейнасці”. У ім, у групе “Гарадскія і раённыя сродкі масавай інфармацыі”, Дыпломам лаўрэата адзначаны і нашы “Навіны Камянеччыны”.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Добавить комментарий