“Малочны” маршрут падоўжыўся

МалочныКожны гаспадар, які мае на падвор’і карову і на якой бы адлегласці ад цэнтральнай сялібы ні жыў, павінен мець магчымасць здаваць малако і зарабляць на гэтым. Аксіёма. Але ж занадта дарагі слоік сырадою, па які даводзіцца ехаць на малакавозе ў вёску за пяць кіламетраў. Бо кароў там дзве, а то і адна… Як паведамлялі ўжо, сёлета ў маі высакаўчанінам Анатолем Швейкусам – прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Буш-сэрвіс” – пачыналася “абкатка” аптымальных маршрутаў па тэрыторыі пяці сельсаветаў на эканамічных “Опель-Комба” (набытых паводле прэзідэнцкага Дэкрэта №6) з мэтай

збору малака.

Апошнім часам адну з гэтых увішных машын штораніцы бачаць і ў Падомшы (Дзмітровіцкі сельсавет): зборам сырадою ў вёсках “Камянецкай Пушчы” па-ранейшаму займаецца гаспадарка, а вось збіраемыя цяпер 130-150 літраў яго – летам было 300 і больш – на перапрацоўку ў Высокае адвозіць прыватнік.

Падобная сістэма збору малака ў насельніцтва з удзелам “іпэшнікаў” (у разнастайных варыяцыях) пашыраецца не толькі на Брэстчыне. І справа нават не ў паказчыках, а ў тым, што кожны, хто мае рагулю ў хляве, можа разлічваць на “малочны” заробак. І, вядома, спадзяецца на яго рост, бо сёння закупачная цана “вясковага” малака – 2810 рублёў (разлік – тры разы на месяц). Але, няма чаго ўтойваць: калі па суседстве з гаспадаром рагулі знаходзяцца жадаючыя купляць сырадой, дык цана ўжо раўняецца на “магазінную”, значна больш высокую.

– Кароў у хлявах сялян усё менш, але мець “лішні” рубель за малако не адмовіцца ніводзін з гаспадароў, – зазначае Анатоль Швейкус. – Асабліва складаны час для возчыкаў малака з кастрычніка па сакавік, калі і без таго сціплы аб’ём яго падае яшчэ больш. Будзем вымушаны скарыстаць вопыт іншых – зімою забіраць малако з вёсак праз дзень. Цэны ж на паліва ўзрастаюць. Галаўным болем стала закрыццё (хай сабе і часовае) два месяцы назад аўтазаправачнай станцыі ў Высокім; паехаць на запраўку ў Паг­ранічную – гэта лішнія 30 км у два бакі, ды і ў чарзе трэба пастаяць…

Між тым “лагістычны” маршрут прыватных возчыкаў у ліпені падоўжыўся ўжо да Пелішча. У Пелішчанскім сельсавеце сёння 70 кароў (у немалой ступені дзякуючы таму, што гаспадарка выдзяляе па 30 сотак сенажаці, сена ў рулонах пры неабходнасці дастаўляецца ў двор). Да таго была спроба захаваць супрацоўніцтва непасрэдна з высокаўскім сырзаводам, але калі гэтаму прадпрыемству стала зусім нявыгадна адпраўляць машыну па “вясковае” малако і ад сельскага Савета патрэбавалі аплату транспартных выдаткаў, сітуацыю “разруліў” Швейкус. Праўда, сабраць малако з пад­вор’яў сялян у адну “кропку” ўдаецца з двух заходаў: з 7-і раніцы малаказборшчыца-лабарант Марына Сідак, у якой сваіх дзве каровы, на фурманцы збірае сырадой у Пелішчы, а затым разам са старшынёй сельскага Савета Уладзімірам Толахам на легкавушцы з прычэпам аб’яз­джаюць “малочныя” падворкі ў Стралях, Індычах, Соснах, Шчэрбаве, Беразняках. Але цяпер разглядаецца магчымасць збору малака (сёння яго штодня збіраюць да 400 літраў) “малочнымі” возчыкамі Швейкуса. Мяркуецца, што з 1 снежня адзін з ёмкіх “Опеляў” раніцай будзе аб’яз­джаць вёскі сельсавета, каб затым даставіць малако ў Высокае…

Галіна НОВІК.

Фота Святланы ГАЛУБКОВІЧ.

Добавить комментарий