Маленькія прынцэсы з Белавежскага

Якая дзяўчынка не марыць стаць прынцэсай? Той самай, з чароўнай казкі…

У маленькіх жыхарак Белавежскага такая магчымасць з’явілася ў сярэдзіне чэрвеня, калі ў мясцовым Доме культуры прайшоў першы ў гісторыі пасёлка конкурс «Міні-міс
Белавежскі-2016».

Сем удзельніц ва ўзросце ад 9 да 11 гадоў старанна рыхтаваліся і падарылі шматлікім гледачам сапраўднае свята. Дашу Кузуб, Наташу Дулько, Лізу Пархамук, Адэліну Багуту, Дашу Дзенісовіч, Юлю Калесніковіч і Аню Барзавец чакалі 5 конкурсаў.

Маленькія прынцэсы з Белавежскага
Маленькія прынцэсы з Белавежскага

Першы – дэфіле – пераўтварыў сцэну ў чароўны кветнік. Такім бальным сукенкам шчыра пазайздросцілі б і Папялушка, і Беласнежка! Дзяўчынкі выдатна трымаліся на сцэне, шчодра раздаючы ўсмешкі.

Падчас другога конкурсу – візітоўка – удзельніцы расказвалі пра сябе і свае дружныя сем’і, а іх аповяды ілюстраваліся фатаграфіямі. Потым дзяўчынкам давялося паказаць веданне песень з любімых мультфільмаў у гульні “Адгадай мелодыю”.

Чацвёрты конкурс – арыгінальны касцюм – вывеў удзельніц на сцэну ва ўборах з самых непрадказальных матэрыялаў: газет, паперы, што набыла залаты і сярэбраны адценні дзякуючы фарбе ў балончыку… Прычым, касцюм патрэбна было не толькі паказаць, але і абараніць. Як на сапраўдным балі-маскарадзе. Як гэта адбывалася? Да прыкладу, дзяўчынка ў вобразе Алісы ў Краіне Цудаў разыграла сапраўдны спектакль, а балерына выканала танец маленькіх лебедзяў…

Падчас апошняга, пятага, конкурсу – таленты – удзельніцы спявалі, танцавалі, чыталі вершы. Цікава было назіраць за кожнай з іх, а ацэньваць – надзвычай складана.

Атрымалася так, што пасля ўсіх конкурсаў дзве дзяўчынкі набралі аднолькавую колькасць балаў. Каб вызначыць “Міні-міс Белавежскі”, было вырашана правесці дадатковыя інтэлектуальныя спаборніцтвы. Вынік не прымусіў сябе чакаць – пераможцай стала Юля Калесніковіч.

Юля Калесніковіч
Юля Калесніковіч

Іншыя, не менш прыемныя тытулы, размеркаваліся так:
“Міс Зачараванне” і “Міс глядацкіх сімпатый” – Даша Кузуб,
“Міс Пяшчота” – Наташа Дулько,
“Міс Усмешка” – Ліза Пархамук,
“Міс Грацыя” – Адэліна Багута,
“Міс Фантазія” – Даша Дзенісовіч,
“Міс талент” – Аня Барзавец.

Даша Кузуб
Даша Кузуб

Усе ўдзельніцы атрымалі падарункі ад ААТ “Белавежскі”: фен – для “Міні-міс”, уцюжкі для валасоў – для іншых удзельніц. Акрамя таго, кветкі, слодычы, стужкі…

Арганізатарамі свята выступілі загадчык ДК Ірына Герасімук і кіраўнік тэатральнага гуртка Аксана Матыль.

Дарэчы, конкурс так спадабаўся жыхарам Белавежскага, што прынята рашэнне зрабіць яго традыцыйным. А яшчэ загарэліся жаданнем паўдзельнічаць у нечым падобным дзяўчынкі старэйшага ўзросту. Вось як шмат прыгажунь у пасёлку!

Настасся НАРЭЙКА.

Добавить комментарий