11 лістапада ў Камянецкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшло трэцяе пасяджэнне міжведамаснага савета па аказанні дапамогі пацярпелым ад насілля ў сям’і.
У межах праекта “Павышэнне нацыянальнага патэнцыялу дзяржавы па процідзеянні дамашняму насіллю ў Рэспубліцы Беларусь” на 2012-2015 гг. у трох пілотных рэгіёнах (Камянецкі і Кобрынскі раёны, Маскоўскі раён Брэста) распрацоўваецца і ўкараняецца механізм міжведамаснага ўзаемадзеяння, накіраваны на выяўленне выпадкаў дамашняга насілля і аказанне дапамогі пацярпелым.
З мэтай абараніць пакрыўджаных дзейнічаюць у звязцы супрацоўнікі міліцыі, сацыяльных службаў, работнікі сістэм адукацыі і аховы здароўя. Ці прыносіць гэта работа плён непасрэдна на Камянеччыне? З мэтай знайсці адказ на такое пытанне ў наш раён завіталі спецыялісты групы кіравання праектамі па прадухіленні дамашняга насілля і забеспячэнні гендэрнай роўнасці ЮНФПА ў РБ: Кацярына Гаспадарык (куратар Брэста і вобласці) і Дар’я Алёшына з Мінска.
З прывітальным словам да суразмоўцаў звярнулася начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марыя Кузьміцкая.
Дырэктар ТЦСАН Алена Шаблінская расказала аб рабоце з інфармаванымі пагадненнямі. Гэтыя дакументы запаўняюць ахвяры дамашняга насілля, калі згаджаюцца прыняць кваліфікаваную дапамогу, цэнтра сацыяльных паслуг, у прыватнасці. Здавалася б, першы крок да выратавання зроблены, але, між тым, рэдка калі за ім ідзе другі. Часцей за ўсё пацярпелая (звычайна гэта жанчына) сама просіць знішчыць пагадненне, бо даравала свайму крыўдзіцелю і не хоча “выносить сор из избы”. (Апошняя прычына звычайна не агучваецца, але яна актуальная, асабліва для малых населеных пунктаў.) Вынік – факт сямейнага насілля не фіксуецца, ахвяра не трапляе ў базу даных, створаную ў ТЦСАН (сёння ў ёй – 22 чалавекі), а яе крыўдзіцель працягвае “біць, што азначае, любіць”.
Аднак, нягледзячы на няпростую сітуацыю, у цэнтры рукі апускаць не збіраюцца. Тут праходзяць заняткі і гутаркі, класныя гадзіны – для старэйшых школьнікаў. Супрацоўнікі наведваюць сем’і, у якіх зарэгістраваны факты насілля, кансультуюць па тэлефоне і асабіста. Створаны клуб “Падтрымка”, шкада толькі, што ў раёне няма “крызісных пакояў”, дзе ахвяра насілля магла б схавацца ад свайго крыўдзіцеля. Бліжэйшыя – у Кобрыне і Брэсце.
Акрамя таго, разам з РАУС цэнтр сацабслугоўвання пачаў прымяняць Дулутскую мадэль работы з мужчынамі-агрэсарамі (пра яе “НК” расказвала ў нумары за 1 лістапада б. г.) Падрабязней пра першы вопыт гаварылі псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Жанна Калянковіч і начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Васілій Севянюк. З чатырма сямейнымі дэбашырамі былі заключаны кантракты, з імі ўжо пачалі працаваць. На кантакт ахвотна ідуць двое, яны гатовы падтрымліваць дыялог…
Па словах Васілія Севенюка, за 10 месяцаў 2014-га ў РАУС паступіла 317 паведамленняў аб правапарушэннях у быце. Асноўная частка – з Каменца і Высокага: 74 і 48 адпаведна. Узбуджаны 11 крымінальных спраў. Практычна ўсе парушальнікі былі нецвярозыя.
Што тычыцца абарончых прадпісанняў, уведзеных нядаўна, іх у раёне яшчэ нікому не выносілі (не было зваротаў). Між тым, жыллё для перасялення сямейных дэбашыраў ёсць. Закон гатовы абараняць ад іх. Вось толькі ахвяры дамашняга насілля практычна заўсёды просяць дараваць сваім крыўдзіцелям. Жонка шкадуе мужа, які вымяшчае на ёй злосць, маці – сына, які сілай адбірае ў яе невялікую пенсію… Фактаў насілля ў адносінах да дзяцей у раёне, на шчасце, няма. Пра гэта паведаміла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Калтунчык.
Аб тым, як узаемадзейнічаюць установы аховы здароўя, выяўляючы пацярпелых і дапамагаючы ім, якая прафілактычная работа вядзецца, распавёў урач-нарколаг Камянецкай ЦРБ Мікалай Смірноў, а педагог сацыяльны сацыяльна-педагагічнага цэнтра Алена Пыжык апісала сітуацыю ва ўстановах адукацыі раёна.
У дыялогу ўдзельнічалі таксама начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Журанюк, загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Святлана Парафянюк і юрысконсульт Хрысціна Бурлаку.
Як бачым, міжведамаснае супрацоўніцтва ў барацьбе з дамашнім насіллем пацвярджае даўно вядомую ісціну, што адна галава – добра, а дзве (і больш) – лепш. Застаецца толькі падтрымліваць яго. Гэта думка стала вынікам пасяджэння савета. Работа ідзе, планаў нямала, напрыклад, 25 лістапада ДАІ, РАУС і ТЦСАН разам правядуць акцыю “Белая стужачка” (прафілактычная работа супраць жорсткага абыходжання і насілля ў адносінах да жанчын і дзяцей). Гэта вельмі актуальна цяпер, калі ў краіне рэалізуецца другі этап інфармацыйнай праграмы “Дом без насілля” пад назвай “Дзіцячы пакой без насілля” (з удзелам Максіма Мірнага).
Тым жа, хто дзень за днём церпіць боль, фізічны і духоўны, варта памятаць, што рука дапамогі працягнута. Вазьміце яе! Выйдзіце з замкнёнага кола. Дом, ператвораны ў “маленькае пекла” – гэта не дом. Асабліва для дзяцей.
Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
ОБЗОР МАТЧА «АГРО-ПЕЛИЩЕ» – «БЛЭКУЭЛ»: ЗЕМЛЯКИ ЗАБИРАЮТ ПЕРВЫЕ ОЧКИ МИНИ-ФУТБОЛЬНОГО ТУРНИРА
-
Юные художники Каменетчины награждены по итогам районного смотра-конкурса «Остановим ВИЧ вместе!»
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины контролировало готовность водителей к зимнему сезону
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Новые павильоны для междугородних автобусов появятся в райцентре