Максім Ліцкевіч – сярэбраны прызёр алімпіяды ў Даніі

P7228528Вось і завяршылася 44-я міжнародная алімпіяда па фізіцы ў Капенгагене (Данія), у якой браў удзел (у складзе каманды Рэспублікі Беларусь) выпускнік сярэдняй школы №2 г.Каменец Максім Ліцкевіч.

У інтэлектуальным марафоне фізікаў прынялі ўдзел каманды з 83 краін, каля 400 чалавек. Упершыню ў такога рангу спаборніцтвах – вучань Камянеччыны. І мы верылі ў тое, што Максім зможа выступіць паспяхова. Вось ён, доўгачаканы сярэбраны медаль! Наогул каманда Беларусі паказала сябе дастойна: тры сярэбраныя медалі і два – бронзавыя.

– Заданні былі не вельмі складаныя, – адзначае Максім. – Але даволі аб’ёмныя, цяжка было разлічыць час, хоць і на тэарэтычны, і на эксперыментальныя туры адводзілася па 5 гадзін. Адвольная праграма вельмі насычаная экскурсіямі, мерапрыемствамі, гульнямі, конкурсамі. Асабліва запомнілася наведванне музеяў “Эксперыментарыум”, сучаснага мастацтва – “Луізіяна”, палаца Кронбарг (знакамітага гамлетаўскага замка Эльсінор), прагулкі на лодках па гарадскіх водных каналах…

Як пераможцу міжнароднай алімпіяды Максіму адкрыты дарогі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы не толькі нашай краіны, але і Расіі. Юнак вызначыўся з ВНУ і зараз чакае адказу. Поспехаў, удачы, Максім, няхай пакараюцца табе найвышэйшыя вяршыні! А мы разам з Міхаілам Міхайлавічам Макаедам разглядаем медаль і вялізны стос кніг. Іх трэба было “пералапаціць” усе ад коркі да коркі. Кошт медаля – карпатлівая, нястомная праца ў адным накірунку, у звязцы “Настаўнік – вучань”.

– Калі б прачытаў і перарашаў усё, атрымаў бы “золата”, – смяецца хлопец.

Віншуем з вялікай перамогай Максіма, яго родных і блізкіх, настаўніка Міхаіла Макаеда, калектывы школы  і аддзела адукацыі райвыканкама. Мы верым у цябе, наш выпускнік!

Алена ПРАКАПЧУК,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №2 г.Каменец.

На здымку: Максім Ліцкевіч і яго педагог Міхаіл Макаед.

Фота Міколы ШУМА.

P7228523

Добавить комментарий