Макаронныя вырабы

макароныДаведка

Макаронныя вырабы – з высушанага пшанічнага цеста, з максімальным утрыманнем бялковых рэчываў, замешанага на вадзе.

Цяпер выпускаецца і рознакаляровая макарона, у яе складзе не толькі мука і вада, а і натуральныя прадукты-фарбавальнікі: шпінат (зялёны колер), бурак (чырвоны), морква (аранжавы) і іншыя.

УВАГА! Локшына хуткага прыгатавання – гэта не макарона. Яна заварваецца хутка таму, што ў ёй безліч разрыхляльнікаў, крухмалаў і тлушчаў. Для смаку часта дадаюць глутамат натрыю (монанатрыевая соль глутамінавай кіслаты, самая распаўсюджаная ў прыродзе амінакіслата), для таварнага выгляду – фарбавальнікі. Есці такую локшыну ці не, – ваш выбар.

Цэны на 24 ліпеня

(Выбар гандлёвых кропак адвольны.)

Макаронныя вырабы папулярнай гандлёвай маркі “Пастараль”, выпушчаныя філіялам “Барымак” УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” ААТ “Мінскаблхлебапрадукт” і расфасаваныя ў пакеты вагой 900 г, каштуюць:

у камянецкіх магазінах райспажыўтаварыства “Алеся” і “Прадукты. Родны кут” – 6250 рублёў;

у камянецкіх прыватных магазінах “Танныя прадукты” – 7000 рублёў, “Эканомпрадукт” – 6550 рублёў;

у высокаўскім магазіне “Гастраном” філіяла “Высокаўскае” райспажыўтаварыства – 6250 рублёў;

у высокаўскім прыватным магазіне “Світанак” – 6750 рублёў.

Як выбраць якасныя?

Упакоўка макаронных вырабаў павінна быць празрыстай ці мець празрыстае “акенца”, праз якое можна ацаніць знешні выгляд тавару. У ёй не павінна быць крошак. Акрамя таго, праверце ўпакоўку на герметычнасць.

Якасная макарона мае гладкую паверхню і залацісты роўны колер (не белы і не ненатуральна ярка-жоўты!) На зломе яна нагадвае злом шкла. Няякасная выдасць сябе цёмнымі ці белымі абалонкамі зерня ці слядамі непрамешанай мукі.

Правярайце тэрмін прыдатнасці. Макарона можа захоўвацца каля 3 гадоў; каляровая – 24 месяцы, яечная – 12. Праўда, нядобрасумленныя вытворцы часам штучна мяняюць тэрміны, друкуючы новы на спецыяльнай наклейцы. Няварта набываць такі прадукт! Калі макарона якасная, тэрмін яе прыдатнасці – на ўпакоўцы.

Як захоўваць?

Захоўваць макарону трэба ў цёмным, сухім, халаднаватым і праветраным памяшканні. Аптымальная вільготнасць, пры якой яна захоўвае свае смакавыя якасці, 10-15%. Пажадана трымаць прадукт у неадкрытай упакоўцы ці шчыльна закрытай, далей ад прадуктаў з вострым пахам.

Макарона і здароўе

Яна ўтрымлівае карысныя пратэіны і ліпіды, да 12-14 г расліннага бялку на 100 г сухога прадукта, да 60-70 г вугляводаў, вітаміны РР, Е, групы В, мінеральныя рэчывы К, Са, Р, Mq, Fe, тлушчы, клятчатку, якая актыўна выводзіць таксіны і солі цяжкіх металаў. У гэтым прадукце адсутнічае халестэрын і амаль няма натрыю, лішак якога паскарае працэс ста­рэння. Энергетычная каштоўнасць – 300-350 Ккал.

Макарона з цвёрдых гатункаў пшаніцы значна больш карысная, чым аналагі з мяккіх гатункаў, утрымлівае больш раслінных бялкоў, клятчаткі…

Калі вы схільныя да паўнаты, гатуйце невялікія порцыі макароны з цвёрдай пшаніцы, а на гарнір выбірайце не мяса, а гародніну.

У кулінарыі

Запяканка

200 г макароны, 200 г памідораў, 500 г фаршу, 100 г цыбулі, 100 г сыру, соль, перац, алей. Соус: 500 мл малака, па 30 г мукі і сметанковага масла, соль, перац.

Цыбулю пачысціць, дробна парэзаць, абсмажыць да празрыстасці. Памідоры заліць кіпенем на 2 хвіліны, зліць ваду, зняць скурку, парэзаць кубікамі. Дадаць фарш, смажыць 10 хвілін, пасаліць, паперчыць. Макарону зварыць. Для соусу ў каструлю з тоўстым дном пакласці муку, заліць халодным мала­ком, перамяшаць, паставіць на агонь, давесці да кіпення, памешваючы, кіпяціць 1-2 хвіліны. Дадаць соль, перац, сметанковае масла, перамяшаць. Сыр надзерці на тарцы.

У змазаную форму пакласці макароны, паліць паловай соусу, выкласці фарш, паліць астатнім соусам, пасыпаць сырам. Выпякаць 20 хвілін.

Макароны па-флоцку

500 г фаршу, 300 г доўгай макароны, цыбуліна, 2 зубкі часнаку, 2 ст. лыжкі таматнай пасты, соль, зяленіва.

Цыбулю парэзаць, часнок  прапусциць праз прэс, усё абсмажыць. Дадаць фарш, таматную пасту, абсмажыць. Уліць шклянку вады і тушыць да гатоўнасці, пасаліць, дадаць зяленіва. Макарону паламаць, зварыць, прамыць халоднай вадой. Змяшаць з фаршам, патушыць, выключыць агонь, даць настаяцца пад крышкай. Падаваць у падагрэтым выглядзе з сырам.

Добавить комментарий