З Ганнай Чапялюк мы сустрэліся ў Белавежскай дзіцячай школе мастацтваў, дзе яна працуе дырэктарам. Перш-наперш таленавітая жанчына пазнаёміла мяне са сваімі інтэр’ернымі лялькамі, а потым ужо расказала, як яны “нараджаюцца”…
Калі вы, паважаныя чытачы, уважліва паглядзіце на вырабы Ганны Паўлаўны на фатаграфіі, то ўбачыце букет з тэкстыльных цюльпанаў, а побач з ім жаніха з нявестай, якія адносяцца да лялек Цільда.
(Такіх лялек у 1999 годзе прыдумала і сшыла жыхарка Нарвегіі Тоне Фінангер. Пазнавальныя прыкметы Цільды: вочы ў выглядзе кропак, румяныя шчокі і пышныя валасы. Звычайна Цільда жаночага роду, але бываюць і варыяцыі: напрыклад, лялькі жывёл. Шыюць ляльку Цільда толькі з натуральных матэрыялаў. – Даведка “НК”.)
Да той жа тэхнікі адносяцца даўгавухія зайцы ў касцюмах, а вось анёлы – да круглагаловых (ці тыквагаловых) лялек. У іх вялікія наіўныя вочы, якія малююць акрылавымі фарбамі, і валасы з пушыстай воўны.
Іголку з ніткай Ганна Паўлаўна ўзяла ў рукі яшчэ дзяўчынкай: шыла цацкі, захоплена майстравала ўборы для лялек і марыла стаць мадэльерам. Скончыла мастацкую школу ў Брэсце і… завіравала жыццё. Дарогі прывялі жанчыну ў Белавежскі. Тут нарадзілася яе сям’я, а потым – і дзеці: сын з дачушкай.
Менавіта падчас дэкрэтнага адпачынку з Машанькай працавітыя рукі Ганны Чапялюк зноў пацягнуліся да любімай справы. А ідэю, што менавіта ствараць, падказала ўсмешлівая малышка: безумоўна, цацкі! Першым быў заяц з доўгімі вушамі і лапамі, якога Ганна Паўлаўна пашыла па ўласнаручна падрыхтаваных выкрайках. Зайка Маруся вельмі спадабалася Машы, і матуля зразумела: трэба працягваць.
З дапамогай інтэрнэту яна пазнаёмілася з работамі іншых майстроў, уважліва разглядзела, натхнілася і ўзялася за справу.
– Цяпер пакой маёй чатырохгадовай дачкі пераўтварыўся ў сапраўдную ружовую казку! – расказвае Ганна Чапялюк, і вочы яе свецяцца. – Калі была маленькай, сама марыла пра такую. Менавіта ў ёй мне падабаецца працаваць над новай лялькай, нібыта ў майстэрні на ружовых аблоках. Маша таксама заўсёды пры справе, дапамагае мне вызначыцца, што і з якой тканіны варта шыць.
На тумбачцы ля ложка Машы зручна ўладкавалася зробленая мамінымі рукамі лялька ў школьнай форме савецкага ўзору з бантамі ў валасах. Яна – Машына любімая. Ёсць таксама цэлая “чарада” зайцоў: зайка-шакаладніца (выканана ў карычневым колеры), зайка-гаспадынька…
Безумоўна, многія работы Ганны Паўлаўны становяцца падарункамі…
– На пачатку года хацела зрабіць цэлую серыю анёлаў. Каб у кожнага былі свой колер (блакітны, белы, залаты), свой характар, свая энергетыка. І ведаеце… не атрымалася! Усе анёлы “разляцеліся” па знаёмых і сябрах. Раздарыла… (Усміхаецца.) Тое ж самае і з велікоднымі зайцамі, што трымалі ў лапах фарбаваныя яйкі. У мяне застаўся толькі адзін. І гэта – радасць.
Дарэчы, лялькі Ганны Чапялюк “жывуць” не толькі ў Беларусі, некаторыя знайшлі сабе новы дом у далёкіх Санкт-Пецярбургу і Растове. Вось такая геаграфія.
– Люблю дарыць свае вырабы. Нядаўна, напрыклад, рыхтавалася да дня нараджэння, хацела цацкай зрабіць добраму чалавеку камплімент. І вось з’явілася на свет цацачная жырафа, у акулярах, касцюме, пры гальштуку і з партфелем. Сапраўдны такі джэнтльмен, адукаваны і выхаваны!
Для пашыву сваіх лялек майстар выкарыстоўвае толькі натуральныя тканіны, драўляныя гузікі, вяжа світары, шапкі і шалікі – усе апранутыя і па модзе, і па надвор’і!
– Здараецца, знаходжу прыгожую тканіну, купляю і адкладваю да часу. Яна можа тыдзень праляжаць, два, тры… А потым дастаткова адзін позірк кінуць, каб у галаве з’явіўся вобраз будучай цацкі.
Неаднаразова Ганна Паўлаўна ўдзельнічала ў выставах у Каменцы, нядаўна ездзіла са сваімі вырабамі на “Дажынкі”. На яе думку, чалавек, што займаецца рукадзеллем, заўсёды добры, чулы і ўтульны. На ўроках у школе мастацтваў яна стараецца перадаць свае веды і ўменні дзецям. Тут часта праводзяцца выставы, і падрыхтоўка да іх вельмі збліжае чыста жаночы педагагічны калектыў.
– Калі займаешся рукадзеллем у кампаніі, як нашы бабулі некалі на вячорках, гэта вельмі яднае, – дзеліцца вопытам дырэктар. – Усе настройваюцца на адну міралюбівую хвалю, плаўна цячэ размова, пакуль рукі заняты справай.
Акрамя таго, Ганна Чапялюк ахвотна пляце з бісеру, лепіць з гліны, малюе і займаецца батыкам. На жаль, часу на творчасць не так шмат, але яго можна знайсці, калі ёсць жаданне і цяга да стваральнай працы.
У планах Ганны Паўлаўны – паспрабаваць пашыць мішку Тэдзі, стварыць ляльку “з гісторыяй” (у касцюме пэўнай эпохі, напрыклад), а таксама сапраўдную фарфоравую ляльку. А гэта азначае, што майстэрня на ружовых аблоках працягвае сваю работу…
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.