Мадэрнізуем будаўнічую сферу

P516707416 мая ў нашым раёне прайшоў абласны семінар кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый будаўнічага комплексу Брэсцкай вобласці. У ім прынялі ўдзел намеснікі старшынь гаррайвыканкамаў, якія курыруюць пытанні будаўніцтва, і кіраўнікі ўпраўленняў капітальнага будаўніцтва. Акрамя таго, прысутнічалі намеснік старшыні аблвыканкама па будаўніцтве Віктар Сакоўскі, начальнік камітэта архітэктуры і будаўніцтва Уладзімір Парашка, начальнік абласнога ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Васілій Федарук, генеральныя дырэктары “Будтрэста №8 г.Брэст” Міхаіл Водчыц і аб’яднання “Брэстаблсельбуд” Пётр Масальскі, намеснік старшыні райвыканкама Іван Будкевіч і другія. Усяго – 82 чалавекі. Асноўныя тэмы семінара – мадэрнізацыя прадпрыемстваў і выкананне заданняў па будаўніцтве жылля, якое з’яўляецца адным з прыярытэтных пунктаў развіцця краіны.

У 9 гадзін раніцы ўсе запрошаныя сабраліся ў адміністрацыйным будынку Камянецкай ПМК-14, дзе да іх звярнуўся старшыня райвыканкама Андрэй Пісарык. Ён зрабіў аглядны экскурс па раёне: “Раён наш сельскагаспадарчы. На жаль, мы не маем буйных прамысловых і другіх прадпрыемстваў, але, тым не менш, у нас ёсць свае ізюмінкі. Па-першае, гэта Белавежская пушча, у якую прыязджае многа турыстаў, па-другое, у нас ёсць “Белавежскія сыры”, па-трэцяе – адкрытае акцыянернае таварыства “Белавежскі”, дзе зараз ўтрымліваецца 112 тысяч галоў свіней. На 1 студзеня бягучага года ў раёне пражывала крыху больш за 37 тысяч чалавек. У нас 204 населеныя пункты. Каменец – самы маленькі раённы цэнтр Брэстчыны. Гарадок невялікі, але са сваімі славутымі мясцінамі. Адна з іх – гэта Камянецкая вежа… Эканоміка для нас складваецца адносна нядрэнна. Калі казаць канкрэтна пра будаўніцтва, у нас тры дзяржаўныя будаўнічыя арганізацыі і адна – прыватная. Працуе сур’ёзная арганізацыя – Камянецкі райаграсэрвіс, якая ў 65% займаецца будаўнічымі работамі. Зараз у раёне будуюцца 4 новыя фермы. Калі гаварыць пра аб’ёмы інвестыцый у будаўнічую галіну, то крыху адставалі, але зараз тэмпы нарошчваем. Сёння нам пашанцавала: “Будтрэст №8 г.Брэст” пачаў будаўніцтва на пагранпераходзе “Пясчатка”, на які 11 мільёнаў еўра выдзеліў Еўрасаюз. Калі глядзець па аб’ёмах фінансавання, то год павінен скласціся адносна нядрэнна…”.

Пасля выступлення Андрэя Мікалаевіча ўсе прысутныя накіраваліся на вытворчую базу Камянецкай ПМК-14. Тут начальнік арганізацыі Аляксандр Суслаў азнаёміў гасцей з P5167080фронтам работ, якія выконвае ПМК. На вялікіх стэндах былі размешчаны дыяграмы з паказчыкамі арганізацыі, а таксама некаторыя аб’екты, узвядзеннем якіх яна займаецца. Паведаміў Аляксандр Андрэевіч і пра мадэрнізацыю ПМК, і пра планы на будучае. “Мадэрнізацыя ў нас праходзіць трыма шляхамі: першы – аптымізацыя тэрыторый, другі – энергазберажэнне, трэці – новае абсталяванне, якое мы закупілі. Што тычыцца апошняга, то вынікі яно дало ўжо на другі год. З 2007 года ідзе падваенне аб’ёмаў вытворчасці. Сёння ў арганізацыі працуюць 169 чалавек. Нядаўна самастойна зрабілі тальку (прыстасаванне для падняцця грузаў – аўт.), а калі быць больш дакладным, то мы яе аднавілі. Зараз робім раствора-бетонны вузел, ужо купілі для гэтага неабходнае абсталяванне. Усё гэта робім для таго, каб забяспечыць сябе і іншых “жывым” бетонам. У жніўні ў нас будуць два бетонныя вузлы. Першапачаткова сутыкнуліся з цяжкасцямі, калі будавалі Шэрашаўскую ферму, адставанне было вялікае. Але былы міністр па будаўніцтве прэзентаваў нам бетонны вузел. Мы яго вазілі па фермах, каб зрабіць аб’екты больш таннымі. Такім чынам свае адставанні падагналі. Бізнес-план мадэрнізацыі арганізацыі распрацаваны да 2015 года. Першапачатковая даданая вартасць, пачынаючы з красавіка гэтага года, павінна вырасці на 17 мільёнаў. Да канца назначанага тэрміну ў нас павінна быць каля 523 мільёнаў выканання”. На тэрыторыі вытворчай базы ПМК усе жадаючыя змаглі азнаёміцца з прадукцыяй адкрытага акцыянернага таварыства “Целяханскі завод сталярных вырабаў”, якое спецыялізуецца на выпуску драўляных вокнаў і балконных дзвярэй з клеенага брусу, а таксама – з асартыментам бетонных вырабаў дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства “Белаазёрскі завод бетонных вырабаў”. Апошняе, дарэчы, сваю прадукцыю прадстаўляе на рынку з 1991 года.

P5167052Пасля азнаямлення з базай ПМК-14 аўтобусы з гасцямі накіраваліся на будоўлю малочнатаварнай фермы на 640 галоў у Хадасах. Аб ходзе будаўніцтва далажыла майстар Таццяна Царук. Яна падрабязна расказала аб новабудоўлі: “Нашай арганізацыі аб’ект перадалі ў сакавіку 2013 года. З лютага 2011-га да снежня 2012-га будаўніцтвам займалася іншая брэсцкая фірма. Астатак працы ПМК-14 складае 17,5 мільярда рублёў. На аб’екце па спецыяльных работах працуюць ААТ “Нікасан” – яны робяць пазапляцовачнае і ўнутрыпляцовачнае водазабеспячэнне, каналізацыю і сістэму ацяплення. Камянецкая СПМК-19 выконвае аддзелачныя работы – унутраныя і вонкавыя. Увод фермы ў эксплуатацыю плануецца ў лістападзе бягучага года”. Пасля тэарэтычнай часткі прысутныя на свае вочы пабачылі ўжо зробленае.

На гэтым абласны семінар па Камянецкім раёне скончыўся. Дэлегаты накіраваліся ў Брэст, дзе змаглі азнаёміцца з работай “Брэстаблсельбуда”. Там адбылася прэзентацыя мадэрнізацыі адкрытага акцыянернага таварыства “Будтрэст №8” і яго структурных падраздзяленняў.

У Брэсцкім гарвыканкаме адбылося пленарнае пасяджэнне, на якім былі падведзены вынікі семінара.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий