28 лістапада Камянеччыну з рабочай паездкай наведаў старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар.
Падчас паездкі старшыня аблвыканкама пабываў на будаўніцтве новага цэха ТАА “Аграпрадукт”. Дырэктар прадпрыемства Алег Цяслюк расказаў аб перспектывах таварыства, адзначыў, што падобная мадэрнізацыя (размова ішла пра новы, экстрактыўны, спосаб атрымання рапсавага алею) дазволіць значна павялічыць аб’ёмы вытворчасці і яе рэнтабельнасць. Старшыня райвыканкама Андрэй Пісарык зазначыў, што немалую ролю ў эканамічным поспеху “Аграпрадукта” адыгрывае эканомнае, рацыянальнае расходаванне фінансаў і добрая арганізацыя працы.
Наступным пунктам паездкі быў ААТ “Белавежскі”. Тут, як і ў Абяроўшчыне, асноўны акцэнт – мадэрнізацыя вытворчасці. Як прыклад – новая зернесушылка з зернясховішчам на 7,5 тысячы тон, якую абслугоўвае ўсяго толькі адзін аператар. Перспектыўнасць такой работы відавочная, нават і каменціраваць патрэбы няма. Трэба толькі разумець яе актуальнасць, жыццёвую неабходнасць.
Аб гэтым, дарэчы, Канстанцін Сумар гаварыў падчас сустрэчы з працоўным калектывам акцыянернага таварыства ў Доме культуры Белавежскага. Старшыня аблвыканкама звярнуў увагу ўдзельнікаў сустрэчы на тое, што Брэстчына па вытворчасці сельгаспрадукцыі пераўзыходзіць не толькі постсавецкія, але і заходнія краіны. Аднак гэта толькі па колькасных паказчыках, а вось энергаёмістасць і энергазатратнасць, на жаль, далёкія ад аптымальных. Менавіта гэта і не дазваляе нам у поўнай ступені канкурыраваць з заходнімі вытворцамі. А аб’ектыўныя абставіны гавораць аб тым, што канкурыраваць прыйдзецца, і, як зазначыў Канстанцін Андрэевіч, вельмі хутка. Таму мадэрнізацыя сёння – найгалоўная задача эканомікі вобласці і краіны ў цэлым. І нельга чакаць, што вось заўтра ці там праз год мы скончым яе і можна будзе спакойна сядзець і чакаць вынікаў. Гэта працэс пастаянны, сістэмны. Прычым павінна быць не толькі тэхнічная мадэрнізацыя, але і тэхналагічная, і арганізацыйная: “Мы многа страчваем з-за невыканання тэхналогіі, з-за дрэннай арганізацыі працы… Вось, напрыклад, некаторыя нашы рэканструяваныя малочнатаварныя фермы – тэхнічнае аснашчэнне на вышэйшым узроўні, а вынікаў, паказчыкаў, на якія разлічвалі, няма. Чаму? Адказ просты: фермы перааснасцілі, а пра перападрыхтоўку кадраў, спецыялістаў забылі… Цяпер трэба выпраўляць сітуацыю”. Між іншым, старшыня аблвыканкама выказаў думку наконт таго,
каб зрабіць “Белавежскі” базавай для вучобы спецыялістаў гаспадаркай. Сярод іншых складнікаў эканамічнага поспеху Канстанцін Сумар назваў эканомію і “дружбу з навукай”. Так, выкарыстанне навуковых падыходаў да землекарыстання заўсёды дае плённыя вынікі.
Увогуле ж, як адзначыў Канстанцін Андрэевіч, эканоміка Брэстчыны, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, упэўнена развіваецца. Ёсць паступальны рух наперад. Пацверджанне таму – паказчыкі знешняга гандлю, экспарту тавараў і паслуг, вытворчасці сельгаспрадукцыі, валавога рэгіянальнага прадукту, рост заработнай платы і шэраг іншых, у тым ліку – паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі. Сёння нараджальнасць у вобласці перавышае смяротнасць. Хай лічба і невялікая, нарадзілася на 50 чалавек больш, чым памерла, але – добры знак!
Развіваецца і сацыяльная сфера вобласці – будуюцца новыя дзіцячыя садкі і школы, рамантуюцца дзеючыя. Не абмінуў увагай старшыня аблвыканкама і Высокае, ён яшчэ раз пацвердзіў, што работы па добраўпарадкаванні горада будуць працягвацца: “Ёсць праграма па развіцці горада, будзем яе выконваць… Сапраўды, прыйшоў час звярнуць увагу на малыя гарады, былыя райцэнтры…”
Напрыканцы Канстанцін Сумар адказаў на пытанні прысутных – яны датычыліся ў асноўным далейшага развіцця гаспадаркі – і падвёў вынікі сустрэчы. “Гэта своеасаблівая зверка дзеянняў улады, праверка правільнасці прымаемых рашэнняў… Пасля такіх сустрэч заўсёды ёсць магчымасць скарэкціраваць некаторыя планы, дзеянні. Адначасова гэтыя сустрэчы дапамагаюць людзям усвядоміць, што яны, іх гаспадарка, не нешта асобнае а частка комплексу, работа якога стварае дабрабыт раёна, вобласці, краіны…”
Завяршальным этапам рабочай паездкі стаў прыём грамадзян у Камянецкім райвыканкаме. Найбольш частыя звароты – наконт жылля ў сельскай мясцовасці. Так, праблема набыцця дамоў ва ўласнасць існуе. І тут важна выпрацаваць адзіныя правілы, каб усе былі ў роўных умовах. Менавіта гэта і будзе зроблена ў нашым раёне да канца гэтага года.
Яшчэ адна катэгорыя зваротаў – работа грамадскага транспарту ў раёне. Пытанне транспартных зносін на Камянеччыные, дзе 234 вёскі, стаіць надзвычай востра. Стратнасць аўтобусных перавозак абумовіла скарачэнне з пачатку года 14-і аўтобусных маршрутаў, што пацягнула за сабой нязручнасці для насельніцтва. Так, жыхары Пелішча з-за такога скарачэння вымушаны спазняцца на работу ў Каменцы: аўтобус, які застаўся, “падстройваецца” пад прыбыццё паяздоў у Жабінцы і папросту не паспявае вярнуцца ў наш райцэнтр да васьмі гадзін. Канстанцін Сумар заўважыў, што ў такіх выпадках трэба шукаць кампраміснае рашэнне, не адказваць адразу “Гэта немагчыма!”, а шукаць выйсце, можна нават пайсці на змяненні ў распарадку работы некаторых арганізацый Каменца. А вось для жыхароў Замастаў – добрая навіна: па словах старшыні райвыканкама Андрэя Пісарыка, з панядзелка, пакуль у якасці эксперыменту, будзе адкрыты аўтобусны маршрут між гэтым мікрараёнам і цэнтрам горада. Другая просьба замастоўцаў – водаправод і каналізаванне – патрабуе часу. Спачатку трэба зрабіць ачышчальныя збудаванні для Каменца, адрамантаваць водаправодную і каналізацыйную сістэмы горада і толькі потым “уразаць” у яе Замасты.
Уладзімір ВЯРЭНІЧ.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
PREMIER LEAGUE 2024-2025 по мини-футболу.1/4 ФИНАЛА PLAY-OFF: Green – ФК «Высокое»
-
Профессий много, а надо сделать выбор в пользу одной
-
PREMIER LEAGUE 2024-2025 по мини-футболу.1/4 ФИНАЛА PLAY-OFF. Первый матч. Агро-Пелище — Мясокомбинат
-
МОШЕННИКИ ИСПОЛЬЗУЮТ ИМЯ КОМПАНИИ «БЕЛТЕЛЕКОМ» ДЛЯ РАСПРОСТРАНЕНИЯ ФЕЙКОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
-
«Эрудиты» из Пелищ заняли 3 место в интеллектуально-развлекательной игре от БРСМ