Сямнаццатага жніўня ў аграгарадку Лукава Маларыцкага раёна прайшоў абласны этап сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». Удзельнікам трэба было даказаць, што яны з паўслова разумеюць адзін аднаго, у іх сем’ях пануе гармонія і любоў, а ва ўсіх справах – зладжанасць. Журы ацэньвала іх творчыя здольнасці, кемлівасць і працавітасць.
Наш раён прадстаўляла сям’я Дубейкаў з Мінкавічаў. Каманда – бацька Сяргей, маці Наталля і дачка Оля – заняла заслужанае трэцяе месца.
У іхнім двары – па-майстэрску аформлены кветнік з мудрагеліста сплеценым дэкаратыўным плотам. Яркія кветкі радуюць вока, а ногі самі просяцца басанож на мяккую дагледжаную траву. У хаце, напоўненай водарам свежых булак, – чысціня і парадак. Здавалася б, тут рыхтуюцца сустрэць гасцей. Але гэтую сям’ю не застаць знянацку і ў любы дзень тыдня. Пэўна, так і павінна быць у хаце, дзе ёсць адразу тры гаспадыні.
Сяргей і Наталля ўзялі шлюб ў 2006 годзе. І, як кажуць, злучыліся дзве палавінкі ў адно цэлае. Ён – надзейная апора, яна – завадны агеньчык у іх сямейным агмені. Калі гавораць адзін пра аднаго, завуць ласкава: наша мама і наш тата. Сяргей – са Столінскага раёна, сям’я яго бацькоў пераехала ў Мінкавічы даўно. Вучыўся ў Высокаўскім каледжы. Працуе вадзіцелем. Дома, як і належыць, уся мужчынская праца на ім: нешта падправіць, збудаваць. Сапраўдны майстар на ўсе рукі. А яшчэ – заўзяты рыбалоў, дахаты вяртаецца абавязкова з уловам. А Наталля родам з Украіны. Бацькі прыехалі будаваць пасёлак Белавежскі і засталіся тут назаўжды. Скончыла Брэсцкі тэхнікум бізнесу і права, працавала ў аддзеле кадраў у ААТ «Белавежскі». Зараз – у дэкрэтным водпуску. Захапляецца рукадзеллем і асабліва вышыўкай, у хаце паўсюль яе маленькія шэдэўры. А муж адзначае, што і ў кулінарным мастацтве ёй няма роўных.
Два маленькія сонейкі ў сям’і – дачушкі. Олі споўнілася шэсць гадоў. Сёлета ідзе ў першы клас. Бацькі спадзяюцца, што радаваць будзе толькі выдатнымі адзнакамі. Артыстычная і энергічная, дзяўчынка з задавальненнем спявае і чытае вершы. Яна – першая маміна памочніца на кухні і па хаце. Анечцы ўсяго толькі годзік. Самы што ні ёсць капрызны ўзрост! Але ўжо на ўсю моц дэманструе галівудскую ўсмешку, зубкі толькі-толькі прарэзаліся. З важнасцю і захапленнем распавядае на мове, зразумелай толькі ёй адной, аб сваёй неверагоднай занятасці. А калі ёй не надаюць заслужанай увагі, – можа і кулачком прыстрашыць!
У вольны час усёй сям’ёй любяць выязджаць на прыроду. Улетку часта бывалі на рэчцы. Яшчэ адно ўпадабанае месца адпачынку – Белавежская пушча, якую наведваюць па магчымасці часта.
Сяргей і Наталля – актывісты ў грамадскім жыцці, прылучаюць і дзяцей. Ці не гэта жывы прыклад сучаснай маладой сям’і без шкодных звычак? З Лукава прывезлі не толькі падарункі і ўзнагароды, але і шмат уражанняў. У конкурсе-прадстаўленні знаёмілі гледачоў са сваёй сям’ёй. Але больш за ўсё публіку ўразіла Оля жартоўным вершам. Ва ўсім паказалі сябе з лепшага боку, асабліва там, дзе трэба было рабіць штосьці разам. Без лішніх слоў дзялілі ўсе абавязкі, якія не раз, мабыць, дружнай сям’ёй размяркоўваюць дома.
Не ўтрымалася, спытала: які ж асабісты рэцэпт сямейнага шчасця? На што атрымала сціплы і просты адказ: “ У сям’і павінны панаваць згода ды любоў! А астатняе прыйдзе само па сабе”.
Пасля праекта ў сям’ю Дубейкаў прыехалі з віншаваннямі прадстаўнікі раёна: старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Дуднікава, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Людміла Жураўлёва і першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання “БРСМ” Ірына Гендзель. Яны ўручылі пераможцам дыплом і каштоўныя падарункі.
Анастасія ЯНКІНА.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Юная художница из Каменца — в тройке лидеров престижного конкурса
-
МЧС НАПОМИНАЕТ: ИЗ-ЗА СУХОЙ ПОГОДЫ НА КАМЕНЕТЧИНЕ ВЫСОКАЯ ОПАСНОСТЬ ПОЖАРОВ
-
В Каменце прошла премьера фильма о Государственных символах Республики Беларусь
-
Кибершпионские группы и сообщества хактивистов. Кто несет угрозу учреждениям и предприятиям Беларуси
-
Александр Каприцкий: “Сенаторская деятельность – это большая ответственность и серьезная работа”