Прыгадайце, сябры: калі вы апошні раз хадзілі да ўрача са скаргамі на здароўе (абавязковыя медагляды ў разлік не бяром)? Камянчанка Любоў Луцэнка, адказваючы на гэта пытанне, называе 2-гадовы (!) тэрмін. І такі факт – лепшы доказ таго, што спорт – сакрэт здароўя. І даўгалецця.
Любоў Сільвестраўна нарадзілася і вырасла ў Каменцы. Падчас вучобы ў агульнаадукацыйнай школе, якую сумяшчала з асваеннем акардэона ў музычнай, была вельмі актыўнай: і ў КВЗ удзельнічала, і вечарыны з сябрамі ладзіла, і ў бібліятэцы заседжвалася, шукаючы новыя кнігі і артыкулы ў газетах. Хадзіла ў валейбольную секцыю, ездзіла з камандай выступаць у Высокае. Каталася на лыжах.
– Іх тады было не купіць. Я брала на пракат у школе, як выпадаў снег, і вяртала… вясной! – з усмешкай успамінае мая суразмоўніца. – Жыла недалёка ад вежы, там і лыжня была добрая, і горка.
Пасля 8 класаў паступіла ў медвучылішча ў Брэсце, адкуль праз 4 гады прыйшла па размеркаванні ў Каменец. Вось толькі вольнага месца акушэра не аказалася. Накіравалі ў санстанцыю, дзе на працягу 3 гадоў працавала памочнікам санітарнага ўрача. Потым былі дэкрэтны водпуск, 4 гады працы медсястрой у неўралагічным аддзяленні камянецкай бальніцы, пераход у паліклініку.
Калі мужа накіравалі ў Івацэвіцкі раён, вядома ж, паехала з ім і 9 гадоў працавала медсястрой у Целяханах. Як вярнуліся дадому, зноў прыйшла ў паліклініку. Далейшыя 32 гады працоўнага стажу Любоў Сільвестраўна аддала рабоце ў супрацьтуберкулёзным кабінеце. На заслужаны адпачынак пайшла ў 68, 4 гады таму.
Даведаўшыся, што ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі пры Камянецкім ТЦСАН можна наведваць заняткі аэробікай і трэнажорную залу, ахвотна далучылася да іншых актывістак.
– У мяне тут шмат сябровак, – расказвае мая суразмоўніца. – З днямі нараджэння адна адну віншуем, ходзім у госці. А як жа інакш? Жыццё працягваецца!
Знаходзіцца ў ім час і на наведванне царквы – па святах, у выхадныя. Дабірацца далёка, таму з веласіпедам Любоў Сільвестраўна сябруе вельмі даўно. Раней хадзіла ў басейн, але няблізкі шлях да яго прымусіў прыпыніць заняткі. Нядаўна ж, адпачываючы ў санаторыі, адкрыла для сябе аквапарк, у якім бывала штодзень:
– Плаванне – гэта з дзяцінства. Мы ж раслі ля Лясной. Як час мелі, беглі з аднакласніцамі да рэчкі, на “школьны” пляж, так яго тады называлі. Туды ўвесь Каменец прыходзіў.
Ёсць у Любові Сільвестраўны і агарод. Сын стараецца ўгаварыць маці, каб садзіла меншы, але дзе там… Сёлета ў руплівай гаспадыні і памідоры, і перцы, і цыбуля свае, і бульбы самастойна накапала, і кветкі ёсць. Абавязкова – цэлая градка гладыёлусаў, каб потым прыгожы ахапак завезці ў царкву. Хутка патрэбна будзе выкопваць вяргіні, а хрызантэмы яшчэ радуюць сваім квітненнем…
– У мяне ля дома ёсць работа! – зазначае мая суразмоўніца.
А яшчэ ў яе заўсёды ёсць каты, цяпер – цудоўная кошка Ася.
Як медработнік Любоў Сільвестраўна з упэўненасцю гаворыць, што спорт для захавання здароўя ў залатым узросце – гэта самае галоўнае.
– Патрэбна – нават неабходна! – рухацца. Прымушаць сябе нават! Суставы чалавека з кожным годам становяцца ўсё больш крохкімі… Выбірайце любы від актыўнасці паводле густу: скандынаўскую хадзьбу, напрыклад. І абавязкова рабіце зарадку раніцай. Вясной і восенню варта піць вітаміны.
– Як жа перамагчы ляноту?
– Сілай волі. Я, напрыклад, штораніцы стаўлю будзільнік і ўстаю з яго званком – не магу доўга ляжаць. Зраблю яшчэ ў ложку некалькі практыкаванняў, адпраўлю сяброўкам вітанкі па інтэрнэце – і можна пачынаць новы дзень!
Увогуле з новымі тэхналогіямі мая суразмоўніца даўно на “ты”. Калі цікава пачытаць пра нейкі вітамін ці карысныя прадукты, шукае інфармацыю ў інтэрнэце.
– Што для вас здаровы лад жыцця?
– Правільнае харчаванне, а гэта азначае: фрукты, агародніна, менш смажанага. Свініну, дарэчы, амаль не ўжываю, хіба толькі кавалачак сала. Лепш прыгатую нешта курачку. Салодкае люблю, але стараюся есці яго менш. І хлеба таксама – больш люболю чорны. Акрамя таго, для здаровага ладу жыцця важна займацца спортам, быць рухавым, піць больш вады. – раніцай заўсёды шклянку выпіваю. А вечарам, а шостай гадзіне, п’ю какаву. Чытала, што карысна. Каву – толькі да абеду, бо яна ўплывае на сон. І яшчэ для здароўя вельмі патрэбны зносіны з людзьмі, і духоўны складнік, безумоўна, таксама важны. Калі ты ў тонусе – жыццё становіцца весялейшым і ярчэйшым.
Яркага вам жыцця, сябры! А як зрабіць яго такім, вы цяпер ведаеце!
Настасся НАРЭЙКА
Фота аўтара
Хотите читать актуальные новости Каменца и Каменецкого района первыми?Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/navinykam
Это может быть интересно:
-
Жители многоквартирного дома по ул.8 Марта в Каменце обратились в редакцию со своей проблемой
-
Сегодня в Каменецком районе стартовала республиканская акция «За безопасность вместе»
-
Фоторепортаж. В Каменце прошло мероприятие «Наш животновод»
-
Прямые телефонные линии. Март
-
В Каменецком районе продолжается череда субботников по благоустройству