Бацькі Валянціны пераехалі з Украіны на Беларусь гадоў трыццаць назад. На той час ёй было нямногім больш за год, і таму Камянеччына стала для яе роднай. Сюды, дадому, вярнулася і пасля вучобы ў Пружанскім сельгаскаледжы. Узначаліла паляводчую брыгаду, у складзе якой Турна Вялікая і Турна Малая, Завяршаны. Неўзабаве і замуж выйшла за тутэйшага хлопца (сёння, 23 лютага, у іх якраз ружовае вяселле – 10 гадоў разам). У іхняй сям’і двое дзяцей. А Валянціна Цімашук па-ранейшаму жыве клопатам сваёй брыгады. Пасада зусім не кабінетная, але затое – ушчыльную да вясковага жыцця.
– Валянціна, па колішніх мерках у калгасе патрабавалася нямала паляводаў. А цяпер, калі на падмогу прыйшла магутная тэхніка, мабыць, многа рук ужо і не трэба?
– Колькі б тэхнікі ні было, але ў сельскай гаспадарцы без рук чалавека не абысціся. Асабліва патрэбны яны ў сезон уборкі ўраджаю. У сваёй брыгадзе магу разлічваць хіба што на 15 чалавек. Заўжды гатовыя выйсці на работу Марыя Сёмкіна, Ніна Прушчык, Дзізал Агаева, Яніна Чоўжык, Марыя Шкута… У гарачы ж час звяртаемся ў Столінскі, Пінскі раёны – і адтуль едуць да нас на дапамогу. Летась такім чынам убіралі і бульбу, і кармавыя буракі, якіх мелі значна больш, чым звычайна, і якія, у адрозненне ад цукровых, увосень патрабуюць шмат ручной працы.
– Якая пара года – любімая?
– Вясна. І не толькі таму, што гэта час сяўбы, пачатак новага жыццёвага “вітка” ў гаспадарцы. Вельмі люблю зялёны колер – сімвал жыцця. А калі яшчэ, як не вясною, убачыш столькі пяшчотных адценняў зялёнага! А мой любімы сезон у вёсцы – жніво: гэта і адказнасць,і ўрачыстасць, і вынік.
– Якім быў твой апошні водпуск?
– Ён прыпаў на снежань – студзень, таму цалкам быў прысвечаны сыну, якому ўжо 10 гадоў, і дачцэ, якой – 6. Канікулы, Новы год, Каляды – увесь час мы былі разам. Выдатна! Увогуле ж раней выпадала і на беразе Чорнага мора быць…
– Часам даводзіцца чуць, што маладым сумна ў вёсцы…
– Не, я не сумую. Калі ёсць вольны час, аддаю яго дзецям, люблю “прагуляцца” па Інтэрнэце, прачытаць цікавую кнігу. З’ездзіць у Брэст у выхадны дзень – не праблема. Ды і ў нас, у аграгарадку Турна, зроблена нямала, каб жыццё сялян было зручным, і нават камфортным.
– А якія задумкі на будучае?
– Іх даволі многа. Але найперш хачу атрымаць вышэйшую агранамічную адукацыю, таму сёлета мяне чакаюць іспыты ў Горацкай сельгасакадэміі. Спадзяюся, што стану студэнткай-завочніцай 2-га курса, бо будуць улічаны і вучоба ў каледжы, і працоўны стаж.
– Поспехаў!
Галіна НОВІК.
Фота Міколы Шума.
Это может быть интересно:
-
СОРЕВНОВАНИЯ САНИТАРНЫХ ФОРМИРОВАНИЙ ГРАЖДАНСКОЙ ОБОРОНЫ СОСТОЯЛИСЬ В КАМЕНЦЕ
-
Мошенники от имени работников Белтелекома обманывают граждан
-
О проведении централизованных экзаменов в 2025 году
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
V Республиканский конкурс социальной рекламы «#ПознайБеларусь» стартовал 15 мая