Талент чалавека, як дыямент, народжаны самой прыродай. І Камянецкая дзіцячая школа мастацтваў – тое месца, дзе апрацоўваюць такія дыяменты і ператвараюць іх у брыльянты. Летась выхаванцы школы ўзялі на міжнародных конкурсах 12 дыпломаў, якія падкрэсліваюць высокі прафесіяналізм педагогаў, што дапамагаюць таленавітым дзецям раскрыць у поўнай меры сваю індывідуальнасць.
Значнай падзеяй для школы мастацтваў стаў 18-ы Міжнародны конкурс жывапісу «Вясёлка-2012», які прайшоў у Венгрыі. У ім прымалі ўдзел юныя мастакі больш як з 40 краін свету. Звыш 380 работ беларускіх дзяцей прадставілі нашу краіну. З усёй Брэсцкай вобласці толькі дзве карціны Лізаветы Васюкевіч, вучаніцы Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў, занялі другое месца.
Лізавета вучыцца ў 9-м класе СШ №2 г.Каменец. Любімыя прадметы – англійская і руская мовы, літаратура. Творчая душа ў дзесяць гадоў прывяла дзяўчынку ў школу мастацтваў. І тут яна займаецца ўжо чатыры гады ў класе выяўленчага мастацтва. Падабаецца маляваць фарбамі, працаваць акрылам і алеем у напрамках “жывапіс” і “кампазіцыя”. Тэмы для работ самі нараджаюцца ў думках, калі бачыць яркія кветкі, світанкі і захады сонца. Ліза адчувае жывое ва ўсім, што акружае, – таму ўсё намаляванае ёю, нібы выгляд з акна. Глядзіш, і здаецца, што, працягнуўшы руку, можна дакрануцца, удыхнуць водар. Малюе дзяўчынка не толькі на занятках, якія праходзяць тры разы на тыдзень, але і дома. Прыцягвае яе гісторыя мастацтваў, у якой чэрпае для сваёй творчасці шмат карыснага. Плануе паступаць на архітэктурны факультэт, з ВНУ пакуль не вызначылася.
«Вясёлка-2012” – не першы конкурс на рахунку Лізы. За яе спінай ужо многа перамог, на якіх спыняцца не будзе. Работы, прадстаўленыя на апошнім конкурсе, – яе любімыя, сюжэты выбірала сама. Гаворыць, што ў іх уклала не толькі сілы, але і душу, таму нацюрморт «Букет» і пейзаж былі так высока ацэнены.
Калі даведалася аб выніках конкурсу, не паверыла. Трапятала ад шчасця, але сціпласць спыняла эмоцыі. Так перажывае Ліза кожную новую перамогу. Віншавалі ўсе: настаўнікі, сябры і бацькі. Але для самой пераможцы галоўнае, што блізкіх парадавала.
Жывапіс – гэта занятак, які прадыктавала Лізавеце само жыццё. Але ёсць у дзяўчынкі і хобі. Другі год вучыцца ў школе мастацтваў іграць на гітары. Любіць прагулкі з сябрамі па горадзе, тады яе творчая душа таксама знаходзіць новыя «эцюды» для будучых твораў.
Па знаку Задыяка Ліза – Леў. І гэта пацвярджаецца яе велізарнай сілай волі. Выхоўвае ў сабе дабрыню, адказнасць і найважнейшую рысу сапраўдных мастакоў – уседлівасць. Бо на многія работы траціцца не адзін дзень.
Лізавета – летуценніца. Але мары яе не завоблачныя, а самыя што ні ёсць рэальныя. Яна марыць аб малодшых браціку або сястрычцы, паездцы ў Санкт-Пецярбург, аб сабаку, паступленні ва ўніверсітэт, каб ніколі не шкадаваць аб выбранай прафесіі.
Выкладчык Лізы – Алена Вячаславаўна Казарэз – адгукаецца аб дзяўчыне толькі добрымі словамі:
– Лізавета – прыкладная вучаніца, старанная і цярплівая. Яна падоўгу можа займацца адной работай, пакуль не давядзе яе да жаданага выніку. Ніколі не адмаўляецца ад удзелу ў конкурсах, гатова нават ахвяраваць сваім вольным часам. Ганаруся яе перамогамі. Бо гэтыя вынікі – ацэнка і мне як настаўніку. Дзяўчынка таленавітая, і я жадаю, каб усе яе мары спраўдзіліся, а надзеі апраўдаліся. Каб на яе шляху трапляліся толькі добрыя людзі. І, вядома, творчых поспехаў!
Анастасія ЯНКІНА.
Фота аўтара.