Адкрытае акцыянернае таварыства “Александрыя-Агра” ўтварылася ў ліпені 2003 года на базе калгаса “Дружба”. Гэта невялікая гаспадарка на захадзе раёна: сельгасугоддзі займаюць 2495 гектараў, пад раллю адведзена 1936 гектараў. Каля паловы іх – пад зерневымі і зернебабовымі культурамі. Гаспадарка з’яўляецца элітнай па вырошчванні бульбы. Да таго як ёю стаць, тут шмат гадоў удзялялі асаблівую ўвагу “другому хлебу”. У таварыстве на шасці малочна-таварных фермах утрымліваюцца 1950 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 826 – каровы дойнага статка. Па выніках 2012 года працоўны калектыў ААТ “Александрыя-Агра” – лепшы ў раёне.
Напярэдадні майскіх святаў заехала ў гаспадарку. Адразу сустрэлася з галоўным аграномам Мікалаем Ляшкевічам. Паехалі на поле, дзе засейваліся зерневымі культурамі апошнія гектары (пасяўную пачалі 13 красавіка). На базе ААТ яе заснавальнікі (ТАА “Аграпрадукт”) хочуць выпрабоўваць сучасную імпартную тэхніку. З мэтай увядзення новай вытворчасці – вырошчвання насення на зялёны гарошак – закупілі 20 тон гароху. Авёс пасеялі на 20-і гектарах, ячмень і зернебабовыя – на 80-і. Сваёй чаргі чакае яравы рапс – пад яго адведзена 30 гектараў. Кукуруза на зерне зойме 100 гектараў, а на зялёны корм – 400. Да пасеву яе прыступілі ў сярэдзіне тыдня.
– На пасяўной заняты адказныя людзі: сее Аляксей Грыцук, насенне падвозіць Аляксандр Грыб, на падрыхтоўцы глебы шчыруюць Віталій Дабышук, Раман Прач, Ігар Цыкман. На падкормцы азімых зерневых і рапсу – Анатолій Барысюк і Вадзім Каліховіч. Ім падвозілі ўгнаенні – Алег Дземянчук і Віктар Шурко, – не без гонару пералічыў Мікалай Аляксеевіч тых, хто працуе з сямі раніцы да позняга вечара ў полі.
Поўнасцю закончыць пасяўную ў гаспадарцы плануюць да 15 мая. Апошнімі ў зямлю лягуць соя на 40 гектарах і грэчка – на 20-і.
Распытала галоўнага агранома і пра бульбу:
– Зараз інтэнсіўна вядуцца работы па сепарыраванні зямлі пад бульбу (аб гэтым працэсе падрабязна раёнка пісала неаднаразова – аўт.). У нашым таварыстве пад “другі хлеб” адведзена 140 гектараў. Цяпер вырошчваем 13 гатункаў. Кожны год купляем насенне новых у пружанскім гадавальніку на вопытнай станцыі – гэта 40-50 тон. Перавагу аддаём “Молі”, “Рагнедзе”, “Брызу”, “Уладару”, “Вяснянцы”… З нядаўняга часу гаспадарка занята па праграме перапрацоўкі бульбы на крухмал. Таму вырошчваем яшчэ і гатункі з высокім працэнтам крухмалістасці – “Атлант”, “Здабытак” і “Максімум”.
Акрамя таго, у “Александрыі-Агра” вырошчваюць і бульбу, якая мае “таварны” выгляд, бо ёсць магчымасць рэалізацыі яе прыватным асобам. Для гэтых мэт на палях садзяць “Рэд Скарлет” і “Брыз” (апошні, дарэчы, вельмі смачны). Два гэтыя гатункі ідуць, у асноўным, на продаж.
– Што да закупкі бульбы гаспадаркамі, дык пакуль заключылі дагавор толькі з суседзямі – “Усходам-Каменцам”. Насенку прадаём і для насельніцтва. Часам нават выстрайваюцца чэргі жадаючых купіць бульбу з высокімі якаснымі паказчыкамі. Сёння цана на насенне “другога хлеба” – 1500 рублёў, – падзяліўся Мікалай Ляшкевіч, пад’язджаючы да поля, дзе сёлета будзе расці бульба.
Да пасадкі гэтай культуры рыхтуюцца адразу пасля таго, як толькі яе сабралі з палёў.
– Мы яе ў кантэйнеры закладваем і ў бульбасховішча. Там на працягу ўсяго перыяду захоўвання падтрымліваецца пастаянная тэмпература +3, страты мінімальныя. Сёлета бульбачка захавалася на “выдатна”. Дарэчы, на пераборцы занята выключна толькі мясцовае насельніцтва, запрашаем на дапамогу пенсіянераў.
Пакуль Мікалай Аляксеевіч распавядаў пра бульбу, да размовы далучыўся дырэктар гаспадаркі Уладзімір Чарвінскі (на пасаду дырэктара ААТ “Александрыя-Агра” ён прыйшоў у лютым гэтага года). Уладзімір Аляксандравіч падзяліўся планамі і перспектывамі, якія бачыць на бліжэйшую будучыню.
– Самае галоўнае – завяршыць будаўніцтва малочна-таварнай фермы “Пяскі”. Для развіцця жывёлагадоўлі добра было б мець яшчэ гектараў 400… Зараз пагалоўе буйной рагатай жывёлы – амаль 2 тысячы. Надойваем у дзень ад 826-і кароў у сярэднім 19,5 літра, а гэта – плюс тры літры да мінулага года. Усё малако – вышэйшага гатунку. Рэалізацыя – 130% да паказчыка мінулага года… Планаў шмат. Напрыклад, дабудаваць яшчэ адно “крыло” да бульбасховішча, бо, думаю, будзем павялічваць гектары з бульбай.
Мой далейшы маршрут – на будаўніцтва “Пяскаў”. Сустрэлася з прарабам Камянецкай ПМК-14 Пятром Ткачом, які зараз адказвае за новабудоўлю.
– Пачынала ўзвядзенне аб’екта не наша арганізацыя, але заканчваць будзем мы. Распачалі ўзводзіць ферму ў лістападзе 2011 года. Разлічана новая МТФ на 620 галоў дойнага статка. Комплекс уключае ў сябе 2 кароўнікі, даільнамалочны блок, бытавыя памяшканні для абслугоўваючага персаналу, падсобныя памяшканні, два гнаясховішчы для часовага захоўвання ўгнаенняў, два рэзервуары для сцёкавых вод, дзве выгульныя пляцоўкі. Гатоўнасць аб’екта – 75%. Адзін кароўнік гатовы амаль на 95%… Ферма разлічана на круглагадовае стойлавае ўтрыманне жывёлы. На будаўніцтве задзейнічаны СПМК-8 – сантэхнічныя работы, СПМК-19 – аддзелачныя, СПМК-40 – электрычныя. Наша ПМК зараз займаецца работамі па ліўневых назапашвальніках. Хутка пачнём выстаўляць стойлавыя рамы. Таксама манціруем зборнік для адводу вод з даільна-малочнага блока. У ім, дарэчы, ужо стаіць нямецкая даільная ўстаноўка. Неўзабаве прывязуць насцілы палавыя… Увесці комплекс у эксплуатацыю плануецца ў верасні бягучага года, але гэта яшчэ не факт – работы вядуцца вельмі марудна. На заканчэнне будаўніцтва выдаткавана 5 мільярдаў рублёў.
Вось такім насычаным аказаўся адзін дзень у адкрытым акцыянерным таварыстве “Александрыя-Агра”.
Наталля ГРЫЦУК.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
В преддверии Дня народного единства в Каменце прошла диалоговая площадка
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ Г.КАМЕНЦА
-
На Каменетчине проходит плановый учебный сбор с военнообязанными территориальных войск района
-
17 сентября, в День народного единства, нотариусы Брестчины будут консультировать бесплатно