Што можа быць больш натуральным для прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, чым ратаваць жыццё, дадзенае імі, і аблягчаць пакуты? А жанчына-ваенны ўрач – гэта справа ўвогуле асобная. Прыкладам таму можа паслужыць фельчар другога радыёлакацыйнага вузла 2284-га асобнага радыётэхнічнага батальёна 8-й радыётэхнічнай брыгады Алена Мікалаеўна Мышленнік.
Нарадзілася яна ў Брэсце, вучылася ў мясцовым медыцынскім вучылішчы, а пераддыпломную практыку праходзіла ў Камянецкай цэнтральнай раённай бальніцы. Разам з сяброўкамі здымала ў той час кватэру ў райцэнтры і па волі лёсу на лесвічнай пляцоўцы сустрэлася аднойчы з сімпатычным суседам, якому суджана было стаць яе мужам. Ён прыехаў па сваю каханую ў Мінск, дзе яна працавала на “хуткай дапамозе” пасля заканчэння вучылішча, і забраў з сабою ў Бурацію. Туды яго, выпускніка Краснаярскага каманднага вучылішча, накіравалі на службу.
Два з паловай гады даводзілася прызвычайвацца да новага месца і новага клімату з доўгай зімой. Там нарадзілася дачка Яна…
Доўгачаканы перавод у Беларусь адбыўся ў 1995-ым. Алена Мікалаеўна ўладкавалася старшай медсястрой гінекалагічнага аддзялення Камянецкай ЦРБ, пасля працавала фельчарам ў Камянюцкай амбулаторыі, куды перайшла, калі атрымалі кватэру ў гэтай вёсцы. Муж служыў на той час (і сёння) у Баранавічах, у маі ён выходзіць на пенсію.
Праз чатыры гады, у 1999-м, Алена Мышленнік вырашыла стаць ваенным урачом, накіравалася ў раённы ваенны камісарыят і прызвалася ў армію. З той пары другім домам для жанчыны стаў радыёлакацыйны вузел ля Камянюкаў.
– Работа вельмі падабаецца! – не хавае захаплення Алена Мікалаеўна. – Ваеннаслужачыя хварэюць рэдка. Магчыма, сакрэт у лячэбным сасновым паветры (усміхаецца). Рэгулярна праводжу агляды, асабліва тых, хто вярнуўся з водпуску, пастаянна – прыём, узімку раблю прышчэпкі ад грыпу. Урачом застаюся ў любы час сутак, мяне могуць выклікаць і ноччу, калі патрэбна медыцынская дапамога. Хворых змяшчаем у ізалятар, а потым перадаём на лячэнне ў райбальніцу.
– Алена Мікалаеўна, раскажыце, як святкуецца ў часці 8 Сакавіка.
– Нас, чатырох жанчын, перад строем віншуе сам камандзір. Абавязкова дораць кветкі. Якое без іх свята? Мае любімыя – ландышы, але цяпер яшчэ не іх час. Самы лепшы падарунак для мяне ў Міжнародны дзень жанчын – добры настрой і ўсмешкі тых, хто побач. У першую чаргу, маіх родных.
Сям’я Мышленнік любіць бавіць час разам: сумесныя прагулкі, вечары ля экрана тэлевізара, на якім – знаёмыя кадры старых добрых савецкіх фільмаў. А яшчэ Алена Мікалаеўна з ахвотай перачытвае Тэадора Драйзера і філасофскую літаратуру…
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Ірыны ГЕНДЗЕЛЬ.