Ці пілі вы калі-небудзь чай з вяршкамі з кісюшак? Не? Шмат страцілі! Гэта не толькі вельмі смачна, але яшчэ і на цёплую, задушэўную гаворку выдатна настройвае. Менавіта такім незвычайным напіткам частавала нас нядаўна камянчанка Агрыпіна Хрысанфаўна Гожук, расповед пра якую прапаноўваю вашай увазе.
Гаспадыня ўтульнага дома прымала гасцей з рэдакцыі на кухні і ахвотна пазіравала фатографу, наліваючы духмяны чай з неверагодна прыгожага чайніка ў незвычайныя кубкі без ручак, якія ў Казахстане называюць кісюшкамі.
– Гэты сервіз мне падарыла колісь сяброўка-казашка Вера, – патлумачыла Агрыпіна Хрысанфаўна, разумеючы наша здзіўленне. – У Казахстане сподачкі пад кубкі не ставяць і чай, абавязкова з малаком, ніколі не наліваюць да краёў. Цукар падаюць не ў выглядзе пяску, а камячкамі. Да чаю ніколі не пякуць пірагоў, а гатуюць баурсакі. Гэта круглыя кавалачкі цеста, звараныя ў алеі. Вось якія традыцыі…
Цікаўлюся, адкуль ведае мая суразмоўніца такія “тонкости”.
– Нарадзілася я ў Кітаі, а вырасла ў Казахстане.
Цікавая завязка для аповеду, ці не так?
Бацькі Агрыпіны Хрысанфаўны па нацыянальнасці – рускія, дзяцінства сваё правялі ў Чыцінскай вобласці. Тата – выхадзец з Урала, а карані маці больш разгалінаваныя. Потым яшчэ маленькімі (не было і 10 гадоў) пераехалі з сем’ямі ў Паўднёва-Усходні Кітай. Менавіта ў гэтай краіне дзве жыццёвыя дарожкі зліліся ў адну. Нарадзілася сям’я, а за ёю і дзеці – Ананій і Агрыпіна.
– Чым вам запомнілася жыццё ў Паднябеснай?
– Маленькая была тады, але тое-сёе прыгадваю… Напрыклад, помняцца чамусьці змерзлыя, літаральна чорныя яблыкі. Там, дзе мы жылі, маразы даходзілі часам да мінус пяцідзесяці градусаў! Акрамя таго, у Кітаі вялікія адлегласці паміж населенымі пунктамі, там пастаянна ідуць па дарогах падарожнікі. Шлях няблізкі, таму мясцовыя жыхары, і мы ў тым ліку, ахвотна пускалі іх пераначаваць.
У 1954 годзе рускім дазволілі выязджаць з Кітая ў любым накірунку. І бацькі Агрыпіны Хрысанфаўны абралі Казахскую ССР. У той час гэту рэспубліку называлі “табліцай Мендзялеева”, бо тут былі і нафта, і уран, і вугаль, і газ…
– Недалёка ад таго месца, дзе мы абжыліся, памятаю, здабывалі золата, – прыгадвае мая суразмоўніца.
У Казахстане гераіня майго матэрыялу выйшла замуж, там нарадзіліся сыны Андрэй і Мікалай. У 1998-м усёй сям’ёй вырашылі перабрацца ў Беларусь, а калі дакладней – у Каменец, бо муж быў родам з Бялёва. Пацягнула на Радзіму… Мужчына ўладкаваўся на работу ў Камянецкую ПМК-14 каменшчыкам, а Агрыпіна Хрысанфаўна выйшла на пенсію.
У Агрыпіны Хрысанфаўны сёння дзве ўнучкі, адна з іх – школьніца, а другая ўжо замужам, хутка зробіць маю суразмоўніцу прабабуляй. Сыны жывуць блізка ад маці – у Брэсце і Каменцы. Яны – нярэдкія і любімыя госці ў доме бацькоў.
У тым, што гераіня майго аповеду – выдатная гаспадыня і цудоўны кулінар, сумнявацца не даводзіцца. А настаўніцай яе ў гэтай справе, як і ў навуцы рукадзелля, стала матуля. Яна гатавала, як чаравала, без рэцэптаў, па памяці, а дачка старанна запісвала ў тоўсты сшытак, які захоўвае і сёння. Два рэцэпты з яго прапаноўваю вашай увазе. Частуйцеся!
– Мама вельмі любіла чаромху, збірала яе ягады, сушыла, перацірала, каб потым выкарыстаць у прыгатаванні пірагоў. А мне падабаецца пячэнне з варэннем з іргі. Вырошчваю гэтыя ягады ля дома, ужо многім знаёмым параіла прыдбаць такі куст.
У вольны час, якога выпадае не так і шмат, Агрыпіна Хрысанфаўна наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту пры Камянецкім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ніводнае мерапрыемства тут не абходзіцца без удзелу жанчыны. Напрыклад, нядаўна яна бліснула талентам спявачкі, выканаўшы разам з чатырма сяброўкамі жартоўную песню.
– Нядаўна знайшла з дапамогаю Інтэрнэту сваю сяброўку з Казахстана, што жыве цяпер у Расіі. Пачалі перапісвацца, і вось аднойчы яна прыслала мне незвычайную, вельмі вясёлую песню. Прапанавала яе сяброўкам па аддзяленні дзённага знаходжання – вырашылі выканаць. Атрымалася нядрэнна.
Пра той канцэртны нумар раёнка ўжо пісала ў №40 ад 3 кастрычніка.
Вось які незвычайны чалавечы лёс адкрыўся мне за чаем з вяршкамі. Паспрабуйце і вы гэты напітак. І размова
пацячэ сама…
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
С коллективами электрических сетей и представительства Белгосстрах по Каменецкому району состоялись диалоговые площадки
-
Ола – трагедия и боль белорусской нации
-
Адзіны дзень інфармавання насельніцтва прайшоў сёння ў СШ №1 Каменца імя Л.С. Паеўскага
-
Тренинг для руководящего состава участковых избирательных комиссий прошел сегодня в Каменецком районе
-
Единый день информирования населения прошел сегодня в СШ №2 Каменца имени А.И. Самуйлика