КультУрна

Вынаходзіць веласіпед не трэба, неабходна толькі выкарыстаць станоўчы айчынны і сусветны досвед. Сам Маякоўскі пісаў: «Товарищи люди, будьте культурны! На пол не плюйте, а плюйте в урны».

Ці задумваліся калі пра тое, колькі адходаў вы прыносіце з крамы? Здавалася б, купілі тавар, а ён запакаваны, няхай гэта будзе мяшэчак, каробка ці нават завадская ўпакоўка. Возьмем простую сасіску, якую можна з’есці менш чым за хвіліну, а абалонка (часцей за ўсё штучная) будзе перагніваць пару дзясяткаў гадоў. Колькасць адходаў расце, а тэрміны іх распаду не змяншаюцца. Хоць бяры і фільм жахаў здымай: «На двары 2222 год, і чалавецтва заняволіла … смецце!» Нейкі чорны гумар атрымліваецца!

З псіхалогіі вядома паняцце «эфект натоўпу» (калі адзін чалавек, трапляючы ў натоўп, пачынае паўтараць учынкі большасці), які лёгка пераносіцца і на выпадак са смеццем. Калі ўжо хтосьці дзесьці нешта кінуў, і яно там ляжыць, вельмі лёгка кінуць туды яшчэ што-небудзь. Псіхалагічна падбаўляць смецця значна прасцей, чым кінуць што-небудзь на чыстае месца. Ды і апраўдваць сябе лягчэй: «Там ужо было! Не я гэта пачаў! А што, я крайні?». Таму барацьба за чысціню вуліц немагчымая без аператыўнай ліквідацыі засмечанасці ў неналежных месцах, а таксама без кантролю над своечасовай ачысткай саміх сметніц, але з гэтай праблемай у нас спраўляюцца.

Няўжо не шкада прыроду, жывёл і, вядома, сябе і блізкіх вам людзей? Я таксама не без граху, але выпраўляюся. Раней часта выплёўвала жуйкі на газон, пакуль не ўбачыла, што становіцца з птушкамі, якія іх дзяўбуць, прымаючы за ежу, – зараз заўсёды кідаю толькі ў сметніцу. А аднаразавы посуд? Вось пакінулі вы яго ў лесе пасля пікніка, а ў выніку ён праз шмат-шмат гадоў перагніе, але спярша раскрышыцца і трапіць у харчовы ланцужок, а ядавітыя рэчывы пры распадзе будуць атручваць ваду і глебу. І не выключана, што рэшткі вашага ж смецця патрапяць да вас на стол, толькі ўжо ў якасці ежы.

Справа ж не ў тым, што ў нас дрэнна працуюць камунальныя службы.

У горадзе арганізаваны рэгулярны адвоз смецця, 4 разы на тыдзень ад шматпавярховых забудоў і 2 разы – з прыватнага сектара. Па раёне курсіруе 9 смеццеўборачных машын, аднак ўсё роўна яны не заўсёды спраўляюцца з аб’ёмамі смецця, таму спазняюцца і даводзіцца іх чакаць. У некаторых вёсках устаноўлены кантэйнеры, смецце з якіх рэгулярна вывозім. Горад некалькі гадоў назад адмовіўся ад выкарыстання кантэйнераў, бо каля іх утвараліся звалкі і антысанітарныя ўмовы. Паслуга па вывазе цвёрдых бытавых адходаў (ЦБА) у нашай краіне адносна недарагая. За месяц у Каменцы – 1050 рублёў для шматпавярховых дамоў і 1360,80 рубля для прыватнага сектара і вёскі. Нягледзячы на арганізаваную работу камунальных службаў і нізкі кошт паслугі, усё роўна ўтвараюцца звалкі ў горадзе, не кажучы пра загарадныя тэрыторыі. У раёне існуюць афіцыйна 2 палігоны і 26 міні-палігонаў. У гэтым годзе два міні-палігоны закрылі ў сувязі з запаўненнем. Яны рэкультывуюцца (накрываюцца пэўным матэрыялам, затым засыпаюцца зверху зямлёй). На іх месцы плануецца высадзіць лес, – распавёў Ігар Рышкоўскі, майстар участка санітарнай ачысткі Камянецкай ЖКГ.

Але праблема не толькі ў тым, каб аператыўна сабраць і вывезці смецце, з ім трэба яшчэ нешта зрабіць. Як варыянт, прычым вельмі добры, выгадны і, практычна, экалагічна чысты, – гэта перапрацоўка. Вельмі шмат краін жыве па такім прынцыпе, мае добры прыбытак і змагаецца за экалогію. Мы таксама спрабуем жыць «па-еўрапейску»: гаворка пра паасобны збор смецця, які ў замежных краінах – норма, а ў нас усё яшчэ прыжываецца.

Ля пад’ездаў усталявалі адмысловыя кантэйнеры, запусцілі рэкламу на ТБ, будуем дадатковыя перапрацоўчыя заводы, але карысці ад гэтага няшмат. Год таму ўздымала тэму паасобнага збору і перапрацоўкі ЦБА раённая газета. Але гэтаксама практыкуецца змешаны збор смецця. Шкло, макулатура, пластык здабываюцца ў большасці сваёй са змешаных адходаў, дзе другасная сыравіна кантактавала з харчовымі адходамі і іншым смеццем. Якасць такіх другасных матэрыяльных рэсурсаў зніжаецца. У выніку з агульнага аб’ёму змешанага смецця, якое паступае на спецыяльныя заводы, можна адабраць толькі каля 15-18 працэнтаў макулатуры, шкла і палімераў. А вось калі б кожны беларус сам сартаваў сваё смецце, гэтыя лічбы можна было б павялічыць да 30-40 працэнтаў.

У гэтым годзе ў раёне нарыхтавалі і здалі каля 35 тон макулатуры, больш за 8 тон поліэтылену, 30 тон шкла. Таксама на сартаванні адбіраецца рыззё, сабрана 6 тон, але праблема ў тым, што яго не хочуць браць на перапрацоўку.

Каб правіла паасобнага збору смецця пачало працаваць, неабходна, каб людзі былі зацікаўленыя ці адчувалі адказнасць. Галоўнае, што гэта павінна быць прапісана ў заканадаўчых дакументах, як, напрыклад, у Швейцарыі. Парушэнне закона цягне немаленькі штраф, і чым большы ён будзе, тым лепш кожны пачне кантраляваць свае ўчынкі і берагчы грошы. Памятаю, дзесяць гадоў назад адпачывала ў Літве ў дзіцячым санаторыі і кінула паперку ад цукеркі. Мяне аштрафавалі на 50 літ, на той час, такія грошы мне і не сніліся. У нас таксама высвятляюцца прычыны парушэнняў. Як паведамляе раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у 2012 годзе складзены 71 пратакол аб парушэннях у галіне абыходжання з адходамі на суму каля 32 мільёнаў. Або, яшчэ як варыянт, у некаторых штатах ЗША выкарыстоўваюць сістэму дэпазітаў: пры куплі тавараў у тары (напрыклад, у бутэльках), якую можна перапрацаваць, пакупнік плаціць пэўную суму ў якасці закладу. Пры здачы бутэлькі ён атрымлівае гэтыя грошы назад. І, вядома, неабходна выхоўваць у дзяцей «смеццевую» культуру і прывучаць да сартавання адходаў, прыдатных для перапрацоўкі.

Мяркую, што недастаткова прыдумаць нешта, трэба загадзя прадугледзець наступствы. Пазбаўляцца ад смецця неабходна правільным шляхам. Гэтым мы дапаможам не толькі агульнай экасістэме, але і створым сабе ўтульнасць і прыгажосць.

Дар’я ДЗЯМЯНКА.

Што знойдуць археолагі

Праз мільён гадоў – шкляныя бутэлькі.

Праз тысячагоддзе – поліэтыленавыя пакеты.

Праз 500-1000 гадоў – пластыкавыя бутэлькі.

Праз 200 гадоў – алюмініевыя бляшанкі з-пад кансерваў.

Праз 100 гадоў – недакуркі цыгарэт.

Праз 50 гадоў – бляшанкі з-пад кансерваў

Праз 10 гадоў – газеты.

Добавить комментарий