Культура: погляд звонку і знутры

Камянецкі гарадскі Дом культуры… Гэтае спалучэнне слоў выклікае ў жыхароў нашага горада яркія, у многім падобныя асацыяцыі. Адразу ўяўляецца прыгожы будынак, у якім кожны хоць раз ды быў, фае, дзе можна прагуляцца, чакаючы канцэрта, і глядзельная зала, дзе ён праходзіць. Але гэта далёка не ўсё. Мы бачым толькі вынік працы работнікаў культуры – святочнае мерапрыемства. А што стаіць за ім? Што адбываецца штодзень у кабінетах метадыстаў, кіраўнікоў самадзейных калектываў? У рэдакцыю часта паступаюць пытанні наконт таго, чаму замерла культурнае жыццё ў райцэнтры, чаму ў Высокім адбываецца столькі цікавага, а ў нас… Асабіста я не магла адказаць на іх і вырашыла пагутарыць з выконваючай абавязкі дырэктара Камянецкага ГДК Наталляй Яўташук і непасрэдна з жыхарамі Каменца. Пашукаем адказы разам.

– Акрамя непасрэднай падрыхтоўкі тых ці іншых мерапрыемстваў работнікам культуры даводзіцца яшчэ і рэкламаваць іх, каб прывабіць гледачоў. Што наш Дом культуры робіць для гэтага?

– Часцей за ўсё вывешваем афішы ў розных частках горада: непасрэдна каля Дома культуры, каля ўнівермага і ўніверсама “Любава”, Дома быту, у мікрараёнах меліярацыі і “Замасты”… Часам разносім аб’явы па паштовых скрынках. Лёс іх прасачыць цяжка, з афішамі ўвогуле праблема. Вісяць яны звычайна нядоўга. Паклоннікі здымаюць, пакуль ніхто не бачыць, а потым на канцэрце просяць “зорку” паставіць аўтограф на афішы. “Памяць застанецца на ўсё жыццё!” – радуецца такі аматар музыкі, але чаму не думае ён пра тое, што з-за яго паводзінаў нехта можа ўвогуле не даведацца пра цікавы канцэрт? Мы спрабавалі абклейваць афішы скотчам, прымацоўвалі да дошак аб’яў і кнопкамі, і проста клеем, але гэта, на жаль, не заўсёды дапамагае. Калі і не знікне выява спевака, дык нехта яму рожкі падмалюе ці вусы. Цягне падлеткаў да “творчасці”…

– Ці запаўняецца зала ГДК падчас такіх канцэртаў?

– У нас 440 пасадачных месцаў. Мяркуйце самі: у студзені на канцэрт шырока вядомага хора імя Цітовіча прыйшло 260 гледачоў. Гэта мала, асабліва калі ўлічыць, што сам калектыў складаецца з 70 чалавек. У лютым у Каменцы выступаў спявак эстраднага шансона Сяргей Славянскі, тады зала была запоўнена менш чым на палову – 197 месцаў. У першы месяц вясны жыхары горада нас парадавалі, на прадстаўленне Брэсцкага тэатра прыйшло 300 чалавек, а пазней Георгій Калдун сабраў поўную залу!

– Як працуе Дом культуры з зоркамі беларускай эстрады?

– Звязваемся з адміністратарамі выканаўцаў, падбіраем дату выступлення, зручную і для нас, і для іх, агаворваем кошт. Звычайна артыст бярэ за выступленне не менш за 8 мільёнаў, вось і думаем, ці зможам мы сабраць залу, каб і яму заплаціць, і самім зарабіць нейкую капейку. Часам “зоркі” ідуць нам насустрач. Напрыклад, Сяргей Славянскі, пра якога ўжо згадвала, знізіў свой ганарар, ацаніўшы колькасць гледачоў у зале. Аднак, не ўсе згаджаюцца на такія ўступкі.

– Чый канцэрт збіраецеся прапанаваць камянчанам у самым хуткім часе?

– Вагаемся пакуль што паміж гуртом “Тяни-Толкай” і Ларысай Грыбалёвай. Цікавімся меркаваннямі людзей, хто ім больш даспадобы, вядзём падлікі. Была думка запрасіць і калектыў, і спявачку адначасова, але яны запатрабуюць 15 мільёнаў за выступленне, і мы гэтай сумы не пацягнем, проста не зможам сабраць.

– Над чым яшчэ працуеце цяпер?

– На канец красавіка нічога не плануем, бо ведаем, што ў людзей цяпер, пасля Велікодных святаў, з грашыма праблема, а нашы білеты падаражэлі з 20 да 30 тысяч. Аднак, гэта не азначае, што сядзім без справы. Наперадзе май, напружаны месяц, калі і Дзень Перамогі, і Дзень сям’і… Да першага рыхтуем канцэрт і літаратурную кампазіцыю, да другога таксама падбіраем нешта арыгінальнае. Проста канцэрт – гэта нецікава. Калі памятаеце, былі ў нас раней конкурсы блізнятаў, “Мама, тата, я – спартыўная сям’я”, “Міні-міс”. Было вельмі цікава, але гледачы зноў расчаравалі. Напрыклад, на маленькіх прынцэс, якія рыхтаваліся да сваіх выступленняў і вельмі хваляваліся, прыйшлі паглядзець большасцю толькі іх родныя.

– Што ўвогуле Камянецкі дом культуры можа прапанаваць дзецям?

– Да Новага года рыхтуем ранішнік, да Дня абароны дзяцей – асобнае свята, а так проста без прычыны праводзім гульнёвыя праграмы. Пра іх паведамляем зноў жа з дапамогай афіш, а таксама тэлефануем у школы, трымаем пастаянную сувязь з настаўнікамі. Шкада толькі, што удзельнікаў такіх праграм звычайна не так шмат. У нас ёсць спецыяліст, які адказвае менавіта за арганізацыю святаў для дзяцей. Напрыклад, 26, 27 і 29 сакавіка праходзіла чарговая гульнёвая праграма. Далучыліся да яе 75 хлопчыкаў і дзяўчынак, колькі педагогі змаглі прывесці са школы, столькі прывялі. Ніводнага дзіцяці, якое прыйшло сюды па сваім жаданні, не было. Няўжо бацькі не бачаць нашых афіш? Чаму яны не цікавяцца культурнай праграмай для дзяцей у нашым горадзе?

– А якія мерапрыемствы ладзяцца для падлеткаў і моладзі?

– З імі яшчэ цяжэй. Раней у Доме культуры спрабавалі праводзіць дыскатэкі ў пятніцу і па выхадных днях, але пастаянна натыкаліся на сцяну непаразумення. Чаго мы толькі не рабілі, каб прывабіць маладых, адарваць ад тэлевізара, камп’ютара і інтэрнэта з сацыяльнымі сеткамі, выцягнуць з бараў! Зніжалі кошт білета, пускалі кожнага чацвёртага і імяніннікаў без аплаты, рабілі тэматычныя дыскатэкі (напрыклад, джынсавую), раздавалі флаеры, пакідалі іх у магазінах, прапаноўвалі нават прыносіць флэшкі са сваёй музыкай, праводзілі апытанні. Летась з кастрычніка па снежань дзейнічала акцыя, падчас якой дыскатэкі былі ўвогуле бясплатныя. Вынік – поўнае ігнараванне.

– Тое ж тычыцца і вечарын для тых, каму за 30?

– На жаль, так. Не ідуць людзі…

– Можаце што-небудзь прапанаваць пажылым?

– Вечарыны і агеньчыкі для іх – не рэдкасць. Наш хор “Белая вежа” паспяхова гастралюе па раёне, а вось у родным ДК залы не сабраў, калі ладзіў свой канцэрт. Сумна. Праходзяць у нас яшчэ і мерапрыемствы для інвалідаў, шахматна-шашачныя турніры, але гэта ўжо справа іншая.

– Дарэчы, ці можна было б арганізаваць канцэрты тых калектываў, што дзейнічаюць пры Доме культуры? Думаю, гледачы на іх пайшлі б…

– Можна. Але трэба ўлічваць спецыфіку кожнага калектыву. Напрыклад, народны вакальны гурт “Гармонія” і народнае аматарскае аб’яднанне ветэранаў вайны і працы “Белая вежа” здольны самі адпрацаваць увесь канцэрт, а вось узорнаму ансамблю эстраднага танца “Капрыз” і эстрадна-танцавальнаму калектыву “Тандэм” народнай эстраднай студыі “Музычны падвал” спатрэбіцца дапамога. У тым плане, што трэба будзе падрыхтаваць нумары, якія прагучаць у паўзах, неабходных для змены касцюмаў.

– А школа мастацтваў? Калі яна папросіць дазволу на правядзенне свайго мерапрыемства, акрамя традыцыйнага справаздачнага канцэрта, пагодзіцеся?

– Вядома! І калі трэба будзе ім у нечым дапамагчы, ніколі не адмовім.

– Як увогуле Дом культуры супрацоўнічае з іншымі арганізацыямі і аб’яднаннямі горада і раёна?

– Сябруем з прафсаюзнымі арганізацыямі, прадстаўнікамі сельсаветаў, з іх дапамогай распаўсюджваем білеты, якія звычайна дораць лепшым работнікам. Разам з прадстаўнікамі райкама ГА “БРСМ” у хуткім часе плануем правесці конкурс прыгажосці: за імі – пошук удзельніц, а за намі – сцэнарый і музычныя нумары. Да конкурсу далучым яшчэ і дыскатэку, зменшыўшы яе кошт да 5 тысяч. Можа, моладзь пойдзе? Акрамя таго, розныя арганізацыі і ўстановы заказваюць нам мерапрыемствы да сваіх святочных дат. Нашы калектывы ахвотна ездзяць па раёне і за яго межы. Напрыклад, хор ветэранаў збіраецца даць канцэрт у санаторыі “Белая вежа”, “Музычны падвал” і “Капрыз” едуць у красавіку ў Камянюкі.

– Які ён, ваш глядач?

– Вельмі добры. Ён ідзе на канцэрт, хай не заўсёды, але ідзе, дорыць артыстам свае апладысменты, а гэта ўжо ўзнагарода. Мы любім сваіх гледачоў і заўсёды рады бачыць іх. Калі выходзіш на сцэну і сустракаеш гэтыя шчырыя, зацікаўленыя вочы, забываеш пра ўсё, атрымліваеш такое задавальненне, якое і змясціць у сабе не здольны. І такое ж задавальненне хочаш вярнуць. Мы цэнім сваіх гледачоў, давяраем ім, з ахвотаю прынялі б любую параду і зрабілі б усё, каб людзі ішлі да нас у Дом культуры і ім было цікава.

Што ж, імкненне да супрацоўніцтва – справа ўхвальная. Застаецца толькі выслухаць меркаванні саміх гледачоў.

Лідзія:

– Я асабіста хадзіла з сям’ёй на канцэрт Георгія Калдуна і расчаравалася. Яго песні – для моладзі, а нам, тым, каму за 30, хочацца нечага іншага. Вельмі шкадую, што перасталі ў Каменцы святкаваць Купалле, як было гэта некалі. Не хапае шырокіх народных гулянняў. Бралі б прыклад з Брэста, дзе можна на Масленіцу і песні вясёлыя паслухаць, і патанцаваць, і блінамі ды шашлыкамі пачаставацца, і дзяцей на арэлях пакатаць. Няўжо ў нас немагчыма арганізаваць нешта падобнае? Такія святы збліжаюць… Калі ж гаварыць пра мерапрыемствы не на свежым паветры, а непасрэдна ў Доме культуры, то вельмі хацелася б пабачыць на яго сцэне гумарыстычны канцэрт. Напрыклад, памятаю, вісела афіша аб прыездзе Святаслава Ешчанкі, збіралася пайсці, але канцэрт, на жаль, адмянілі. Вельмі было крыўдна. Ды і ўвогуле афіш гэтых самых недастаткова, чаму б не павесіць адну на Дом быту? А на канцэрты да святочных дат не хаджу даўно, бо яны сумныя. Нумары аднолькавыя, нецікавыя, твары адны і тыя ж, калі б не цудоўны “Капрыз”, не ведаю, на чым бы ўсё трымалася.

Вольга Раманаўна:

– Думаю, што работнікам культуры трэба папрацаваць над рэпертуарам і сцэнарыямі, каб не стваралася ўражанне, што канцэрты аднатыпныя, нібыта пад капірку. Хацелася б пачуць са сцэны ДК класічную музыку, старыя рамансы. Разумею, што гэта – для спецыфічнага слухача, але ўсё ж. Добра было б, каб прыехалі да нас народныя калектывы: “Радасць” з Брэста, “Прыбужжа” з Пінска. Цяпер жа хаджу звычайна на тыя канцэрты ў ДК, удзел у якіх прымаюць мае дзеці ці дзеці знаёмых.

Надзея Міхайлаўна, пенсіянерка:

– Мы, пенсіянеры, увогуле, людзі актыўныя. Мяркую па сваіх знаёмых. Ходзім практычна на ўсе канцэрты прыезджых “зорак”, бо гэта цікава. Вось толькі сольныя для мяне асабіста ўжо цяжкія, па-першае, з-за моцнага гуку. Хацелася б чаго-небудзь іншага. Шкадую да гэтай пары, што ў свой час не патрапіла на канцэрт знакамітага аркестра Міхаіла Фінберга. Можа, паўтарыць яго? Яшчэ хацелася б, каб больш было афіш, каб віселі яны ў агульнадаступных месцах: на дзвярах магазінаў і аптэк, ля газетных кіёскаў. Нядаўна, памятаю, быў канцэрт ветэранскага аб’яднання “Белая вежа”, дык мы з сяброўкай на яго афішу натрапілі толькі на наступны дзень, было позна. Можна было б у газету і на радыё рэкламу даваць, глядзіш, і пацягнуўся б народ. Акрамя таго, некалі на вуліцы Пагранічнай быў рэкламны шчыт… А калі гаварыць пра мерапрыемствы з нагоды святаў, што праходзяць штогод, то на такія хаджу рэдка, бо, гледзячы іх, часта лаўлю сябе на думцы: “Недзе я гэта ўжо бачыла”.

Дзевяці- і дзесяцікласнікі СШ №1 г.Каменец:

– Мы сапраўды рэдка ходзім на дыскатэкі ў наш Дом культуры, і прычыны для гэтага ёсць. Па-першае, не вельмі падабаецца музыка, па-другое, белае святло, якое запальваюць падчас танцаў, міргае і вельмі моцна рэжа вочы, ажно да болю. Выходзіш на вуліцу – і ўсё вакол плыве. Звычайна мы бавім свой вольны час у горадзе, гуляем, ці дома сядзім у інтэрнэце. Гэта цікавей і каштуе менш. А для таго, каб моладзь пайшла на дыскатэкі ў ДК, можна было б змяніць час іх правядзення. Пачынаць не ў дзевяць вечара, а ў восем. Было б вельмі зручна, і людзі збіраліся б. Варта таксама праводзіць акцыі, тэматычныя дыскатэкі, напрыклад, бясплатна прапускаць тых, хто прыйдзе выключна ў белым. Гэта ідэя!

Вось ён, пачатак дыялогу. І калі абодва бакі – і той, што глядзіць на культуру звонку, і той, што знутры, будуць працягваць яго, то, значыць, знойдзецца з часам рашэнне праблемы, а з ім і адказ на няпростае пытанне: што трэба зрабіць, каб культурнае жыццё Каменца ажыло і расквітнела ў поўную моц?

Дык як, працягнем дыялог?

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий