Ужо не раз змянілі дома пральныя машыны ды маразільнікі і нават камп’ютары. Былую ва ўжытку складанабытавую тэхніку камусьці ўдаецца прадаць па сімвалічнай цане, у іншых яна пакрываецца пылам у кладовай, а часам тайком вывезена ў лес, каб у кватэры не замінала. Аб’ёмы вытворчасці электроннага і электраабсталявання ўсё павялічваюцца, а тэрмін службы раней прададзенага скарачаецца. Колішнія, скажам, халадзільнікі працавалі па 30-40 гадоў, цяпер той тэрмін карацей утрая (і гэта не толькі маё меркаванне). Як цывілізавана распарадзіцца састарэлай быттэхнікай? Каб з выемкай каштоўных вузлоў і матэрыялаў як другаснай сыравіны, асобна – шкодных для прыроды рэчываў, якіх нямала, у прыватнасці, свінцу, у тых жа кінескопах старых тэлевізараў, а пры разгерметызацыі халадзільнай камеры выдзяляецца фрэон…
На шчасце, адносіны да гэтых праблем змяніліся, асабліва пасля выхаду адпаведнага ўказа Прэзідэнта, што рэгламентуе збор складанай бытавой тэхнікі ў насельніцтва. Больш таго, створана дзяржустанова “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў”, якая ў тым ліку ажыццяўляе кампенсацыйныя выплаты арганізацыям, што займаюцца зборам бытавой тэхнікі ў грамадзян. На Брэстчыне гэта ААТ “Брэст-ВТІ”, якое раней перапрацоўвала старую тэхніку, што належыць юрыдычным асобам. Летась такія паслугі арганізавалі і для насельніцтва. Таварыства мае некалькі стацыянарных пляцовак дэмантажу састарэлай быттэхнікі. Праўда, у Каменцы такога пункта няма. Таму можна пазваніць у Брэст (тэл. 97-40-81, 46-16-45), і па меры накоплівання заявак адтуль прыедуць па яе. Як удакладніў дыспетчар прадпрыемства, у раёне такую паслугу ўжо скарысталі жыхары Расны. Асабліва зручна гэта людзям пажылым, бо грузчыкі і з хаты старую грувасткую тэхніку вынесуць самі. З прычыны значных транспартных расходаў у дадзеным выпадку кампенсацыя грамадзянам за вывезенае не прадугледжана, бо пакуль гэты від дзейнасці для таварыства нерэнтабельны. Аператар кампенсуе яму толькі збор тэхнікі, а лом пасля раздзялення другаснай сыравіны неабходна яшчэ перавезці на Міншчыну. Каб жа атрымаць кампенсацыю, трэба самастойна даставіць тэхніку на пляцоўку дэмантажу яе, што недалёка ад могілак Плоска, ці ў раёне таможні – побач з мікрараёнам Валынка. У такім разе неабходна захаванне адной умовы: прывезеная рэч павінна быць з усім унутраным начыннем.
І ўсё ж памкнулася даведацца, дзе ў раёне гаспадар таго ж старога халадзільніка можа атрымаць за яго хоць невялікую кампенсацыю. Найперш звярнулася ў камянецкую фірму па вул. Леванеўскага, дзе даўно займаюцца рамонтам халадзільнага абсталявання: магчыма, тут стары агрэгат возьмуць хоць бы за сімвалічную плату? Але патлумачылі, што не маюць свабоднай плошчы для часовага захоўвання тэхнікі. За некалькі гадоў “запас” яе ўжо накоплены. Нярэдка прывезенае ў рамонт пакідаюць у двары майстэрні, даведаўшыся, колькі каштуе новы вузел для яго, – лепш купіць новы халадзільнік. Спадзявалася пачуць станоўчы адказ у спажыўтаварыстве, бо пачала дзейнічаць пастанова Саўміна, што абавязвае прадпрыемствы рознічнага гандлю прымаць ад насельніцтва адходы электроннага і электраабсталявання, у т.л. складаную бытавую тэхніку. Аднак тут магчымасці прыняць яе залежаць ад гандлёвай плошчы: ва ўніверсальных магазінах, паводле патрабаванняў, – ад 1 тыс. кв. м, у камбінаваных – ад 500 “квадратаў”. Таму немагчыма было не згадаць пра “ 5 элемент” у Брэсце – сетку магазінаў бытавой і аўдыа-, відэатэхнікі. Некалькі тыдняў таму, у снежні, тут паспяхова прайшла акцыя па зборы былой ва ўжытку тэхнікі, і зніжкі пры набыцці новай, у залежнасці ад маркі, складалі ад 500 тыс. да 2 млн. рублёў. Нямала пакупнікоў скарысталі такую магчымасць сэканоміць – яшчэ адно пацверджанне таго, што трэба звяртаць увагу на паведамленні аб акцыях. Хоць везці старыя халадзільнік ці тэлевізар давядзецца ў Брэст, але калі задумана гэта адначасова з пакупкай новай тэхнікі, дык аўчынка вырабу вартая. Праўда, у галаўным офісе кампаніі патлумачылі: “Снежаньская акцыя сапраўды была папулярнай у пакупнікоў, а з наступнай пакуль не вызначыліся. Таму раім нашым кліентам часцей заходзіць на наш сайт, сачыць за аб’явамі”. З размовы зразумела, што кампенсацыю за старую быттэхніку магчыма атрымаць толькі ў дні акцый, а ў іншы час яе можна проста пакінуць на пляцоўцы ля магазіна. Гэта ў Брэсце. У раёне ж, відавочна, пазбавіцца ад грувасткай тэхнікі нам дапаможа вышэй згаданае “Брэст-ВТІ”, якое актывізуе сваю дзейнасць і ў сельскай мясцовасці. Можна самім вывезці старую тэхніку на палігоны цвёрдых бытавых адходаў: для Каменца – ля Кукальчыц, для Высокага – ля Сухадола. Супрацоўнікі камунальнай службы запэўніваюць, што на палігонах у любым выпадку адбываецца раздзельны адбор другасных матэрыялаў. А такую “дробязь”, як, напрыклад, старыя батарэйкі, шкодныя для прыроды, можна пакінуць у спецыяльным кантэйнеры ў магазіне “Мэбля” ў Каменцы ці “Прамтавары” ў Высокім. Гэта і ёсць наша грамадзянская пазіцыя, адзін з аспектаў культуры сучаснага спажыўца: вярні нават дарам на перапрацоўку тое, чым карыстаўся. Каб прырода не захлынулася.
Галіна НОВІК.
Это может быть интересно:
-
Каменчанин Сергей Сидорук реализовал свою мечу и теперь работает в «Белавиа»
-
Военная академия Республики Беларусь ждет вас в в своих рядах!
-
Брестская пограничная группа объявила творческий конкурс на лучший рисунок имиджевого образа
-
Мошенники продолжают обманывать доверчивых граждан
-
В Беларуси продолжается подготовка к поступлению в Институт пограничной службы.