Крэдытная гісторыя сёння

IMG_2071За той час, калі банкаўскія крэдыты былі параўнальна даступнымі для насельніцтва і заманлівых варыянтаў было нямала, мы паспелі прызвычаіцца да самага кароткага шляху да жаданай пакупкі. Нярэдка дзве, а то і тры пазыкі значыліся за грамадзянінам, і здавалася, што ўсе навокал “перапаручаныя” адзін за аднаго. З’явілася такое вызначэнне, як крэдытная гісторыя, паводле якой банк мае першае меркаванне аб надзейнасці патэнцыяльнага атрымальніка пазыкі. Цяпер, калі крэдыты значна падаражэлі, звяртаемся да іх куды больш рэдка. Але, тым не менш, варта быць у курсе спраў…

– Якія крэдытныя прапановы зыходзяць ад “Беларусбанка” сёння ? – з надзённым пытаннем звярнулася да загадчыка сектара крэдытавання насельніцтва аддзела рознічнага бізнесу ЦБУ №115 філіяла №100 абласнога ўпраўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” Віктара Шарынды.

– Прапануем кліентам шырокую лінейку крэдытных банкаўскіх прадуктаў, прычым шэраг іх прадастаўляецца канкрэтным катэгорыям грамадзян: напрыклад, пенсіянерам прапануем крэдыт “Час жыць”; у межах праграмы крэдытавання моладзі могуць быць студэнты, аспіранты, магістранты – крэдыт “Упэўнены старт”; маладыя людзі ва ўзросце да 31 года могуць атрымаць крэдыт “Сур’ёзныя планы”. Акрамя таго – льготныя крэдыты ў межах дзяржпраграм, на жыллёвае будаўніцтва, газіфікацыю жылога фонду, капітальны рамонт (рэканструкцыю) жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, аплату навучання ў дзяржаўных установах адукацыі, падтрымку маладых спецыялістаў, накіраваных на працу не па месцы жыхарства бацькоў, аплату экстракарпаральнага апладнення.

Сёлета са жніўня “Беларусбанк” пачаў аказваць лізінгавыя паслугі фізічным асобам пры набыцці імі новых транспартных сродкаў і тавараў працяглага карыстання.

– Якія з крэдытаў сёння найбольш запатрабаваныя?

– Як і раней, гэта – льготныя пазыкі на фінансаванне нерухомасці, газіфікацыю і капрамонт жылых памяшканняў. Што датычыць крэдытаў, якія выдаюцца за кошт сродкаў банка, дык найбольш часта нашы кліенты бяруць іх на спажывецкія патрэбы для грамадзян, чый узрост на момант заключэння крэдытнага дагавору не перавышае 55 гадоў для мужчын і 50 – для жанчын. Пазыка выдаецца без паручыцеляў, у якасці забеспячэння прымаецца страхаванне рызыкі яе невяртання.

Адзначаем павелічэнне попыту на крэдытныя прадукты, прадастаўляемыя ў межах крэдытавання моладзі.

– Ці карыстаецца ранейшай папулярнасцю авердрафт-крэдыт?

– Ён таксама карыстаецца попытам, бо ў дадзеным выпадку дастаткова мець банкаўскую плацежную картачку, імітаваную “Беларусбанкам” у рамках пэўнага зарплатнага праекта, – крэдыт у памеры сярэднямесячнай зарплаты аператыўна можа быць прадастаўлены ўладальніку карты пры ўмове станоўчай крэдытнай гісторыі.

– Ці бярэцца пад увагу той факт, што патэнцыяльным крэдытаатрымальнікам усё больш складана, а то і немагчыма знайсці паручыцеляў?

– Як вышэй адзначаў, “Беларусбанк” прадастаўляе крэдыты, для гарантыі вяртання якіх прымаюцца розныя формы забеспячэння, а не толькі паручыцельства фізічных асоб. Як альтэрнатыва – страхаванне рызыкі невяртання, няўстойка і залог.

– Фінансаванне нерухомасці пад 32% – гэта сёння самая нізкая стаўка крэдытавання яе? На колькі гадоў?

– Крэдыт выдаецца на 15 гадоў на будаўніцтва (рэканструкцыю) індывідуальных жылых дамоў і кватэр, набыццё па дагаворах куплі – продажу жылых памяшканняў, збудаваных па дзяржзаказу ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №215 “Аб некаторых мерах па ўдасканаленні будаўніцтва (узвядзення, рэканструкцыі) жылых памяшканняў. Працэнтная стаўка, вядома, немаленькая, аднак часам людзі маюць неабходнасць у частковай аплаце кошту будаўніцтва ці набыцця жылля, збудаванага паводле дзяржзаказу. У дадзеным выпадку гэта выйсце, таму што жыллё для сям’і – адзін з самых важных набыткаў.

– Ці ёсць праблема пратэрмінаваных крэдытаў?

– Пратэрмінаваныя плацяжы па крэдытах – гэта праблема цяпер не з’яўляецца глабальнай, але яна існуе і ў большасці выпадкаў мае суб’ектыўны характар: кліент па нейкіх прычынах не ўнёс чарговы плацеж, забыў заплаціць, змяніў месца працы, памыліўся пры планаванні сямейнага бюджэту…

– А што наконт якасці паслуг?

– “Беларусбанк” сёння працуе не толькі над пашырэннем пераліку банкаўскіх прадуктаў, але і над якасцю прадастаўляемых паслуг. Цяпер няма неабходнасці некалькі разоў наведвацца ў банк – дастаткова зрабіць заяўку на вэб-сайце, і шэраг крэдытных прадуктаў можа быць прадастаўлены за адно наведванне банка. Акрамя таго, рэалізавана магчымасць накіравання заяўкі на крэдыт пры выкарыстанні сэрвіса М-банкінг. Гашэнне ўсіх відаў крэдытаў, выдадзеных “Беларусбанкам”, таксама магчыма без наведвання офісаў банка, з дапамогай сэрвісаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання Інтэрнэт і М-банкінг, інфакіёскаў, а таксама – сэрвіса Аўтааплата.

– Ці існуе ў банку магчымасць зніжэння працэнтных ставак па выдаваемых і выдадзеных крэдытах?

– У “Беларусбанку” – з мэтай павышэння прывабнасці ўмоў крэдытавання, захоўвання кліентамі дысцыпліны гашэння крэдытаў, развіцця сістэмы безнаяўных разлікаў і папулярызацыі сістэм дыстанцыйнага абслугоўвання – укаранёны Праграмы лаяльнасці: “Добрасумленны крэдытаатрымальнік”, “Льготная стаўка”, “Безнаяўная выгада”. Кліенты, захоўваючы патрабаванні Праграм, маюць магчымасць зніжэння працэнтнай стаўкі паводле крэдытнага дагавору як на пачатковым этапе атрымання пазыкі, так і ў час карыстання ёю.

– Што параілі б тым з нашых чытачоў, хто збіраецца “зрэагаваць” на прывабныя аб’явы аб крэдытах да 120-і мільёнаў са штомесячным плацяжом ад 33-х тысяч рублёў?

– Сёння фінансавы рынак насычаны рознымі прапановамі, якія, на першы погляд, могуць рашыць праблемы і выканаць самыя запаветныя жаданні, аднак, каб не набыць яшчэ большых фінансавых праблем, неабходна скрупулёзна вывучыць фінансавы дакумент, звяртаючы ўвагу на самы дробны шрыфт, перш чым ставіць свой подпіс.

– Дзякую за карысныя парады нашым чытачам.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий