Крынкі, Сюлкі, Рані… Адрасы Тыдня лесу

Адзіны дзень азелянення 3 красавіка адкрыў чарговы Тыдзень лесу, які праводзіцца ў краіне ў 14-ы раз. Вясной. Увогуле акцыя “Разам за зялёную Беларусь” будзе доўжыцца да 15 мая: з’явяцца новыя алеі, скверы, паркі, маладыя дрэвы зашумяць абапал дарог…

Як паведамлялі, на Брэстчыне падчас Тыдня лесу планавалася пасадзіць больш за 2 млн. дрэў. Тая зялёная акцыя даў­но выйшла за межы лясгасаў і лясніцтваў – набыла агульнанародны фармат. Нездарма сёлета гэты Тыдзень прымеркаваны да Года народнага адзін­ства. Калектывы арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, сталыя людзі і моладзь ахвотна бяруць удзел у гэтай  доб­рай справе.

Важкі меч Колесава дасюль застаецца самай вядомай прыладай працы падчас пасадкі лесу. А яшчэ – чалавечыя рукі, у якіх паспее пабываць кожны сеянец перад тым, як трапіць у зямлю, што будзе гадаваць яго…

Тыдзень лесу на Камянеччыне – гэта тысячы сеянцаў і саджанцаў на лясных высечках, прагалінах, няўдобіцах. Дзеля таго, каб наш край зас­таваўся зялёным, працавалі сотні чалавек – гараджан і вяс­коўцаў, у тым ліку па ўласнай ініцыятыве. У вёсцы людзі асаб­ліва паважліва ставяцца да ле­су, хочуць, каб ён, іх адвечны сябар, радаваў іх праўнукаў, – таму нярэдка самі далучаюц­ца да той справы, як, скажам, у Воўчыне, Агародніках, Пяс­ках, Плянце…

У Камянецкім лясніцтве была запланавана веснавая пасадка лесу на 12,6 га. Каб скарыстаць найлепшыя тэрмі­ны, садзіць сеянцы лясных культур пачалі зараней, у т. л. побач з вёскай Рані, на месцы санітарнай высечкі, – там высаджаны сасна і бяроза, якія чаргуюцца між сабой па схеме 7х3. А на гэтым тыдні работ­нікі лясніцтва разам з добра­ахвотнікамі працавалі ля Сюлак, дзе летась быў высечаны спелы лес, – на тым месцы зноў пасаджаны сеянцы бярозы барадаўчатай. І зноў тут рас­кінецца бярозавы гай. Вельмі дарэчы была дапамога калек­тываў інспекцыі аховы прыроды, райгаза, вучняў гімназіі… І напэўна праз колькі год не адзін з іх з гонарам скажа: “Гэты лес садзіў я”.

Пелішчанскаму лясніц­т­ву сваю дапамогу прапанавалі супрацоўнікі Камянецкага райаддзела па надзвычайных сі­туацыях. Працавалі ва ўрочы­шчы Скіндэраўка. Тут на месцы леташняй высечкі галоўна­га карыстання пасаджаны ел­ка і лістоўніца еўрапейская. Малады змешаны лес заняў 5 га. Раней тут больш як на 2 га былі высаджаны сасна і бяроза ў прапорцыі 8х2 – сеянцы з закрытай каранёвай сістэмай. А недалёка ад Дымнікаў на месцы суцэльнай санітарнай высечкі пасля караеда на 1,6 га пасаджаны сасна і бяроза, якія чаргуюцца праз кожныя пяць радоў. Надта хораша такі лес вы­глядае ў пару залатой восені.

Ужо абследаваны мінулагод­нія насаджэнні, дзе прыжывальнасць сеянцаў не менш за 90%. Радуе леснікоў шчод­ры самасеў сасны, што дае звычайна добры падрост.

Недалёка ад Воўчына (Вы­сокаўскае лясніцтва) днямі таксама з’явіліся маладыя па­садкі лясных культур. Сасна і бяроза высаджаны на месцы дрэў, якія засохлі з-за каранёвай губкі. Але ачаг заражэння затухае. На аднаўленні лесу тут працавалі ваеннаслужачыя 7-й заставы. Яны ж дапамагалі і ў наваколлі Крынак. А ў ваколі­цах Макарава – ва ўрочышчы Пясчаны, – дзе веснавая пасадка лясных культур была запланавана больш як на 10 га, адмысловымі памочнікамі ста­лі навучэнцы Высокаўска­га каледжа. Яны працавалі тут не адзін дзень.

У лясніцтве значная ўвага надаецца і садзеянню натуральнаму аднаўленню лесу – сёлета тая работа запланавана на 30 га.

Пасадачны матэрыял прывезены з гадавальніка Брэсцкага лясгаса – Мяднянскага лясніцтва. Нярэдка выручаюць і дзічкі бярозы, калі іх без шкоды для лесу можна “ўзяць” у якасці саджанцаў са шчодрай лясной паляны.

* * *

Выпускнікі дзвюх ка­мянец­кіх сярэдніх школ і гім­назіі ў бярозавым скверы воі­наў-ін­тэрнацыяналістаў паса­дзяць сваю алею на добрую памяць, а таксама – дэкара­тыў­ныя рас­ліны ля пастамента з вядомай баявой машынай пяхоты, ку­ды любяць прыходзіць маладыя бацькі з дзецьмі.

Учора шчыравалі камянчане ў скверы сямейных дрэў, які пашырыўся, але мяжа яго зусім не канчатковая. Мы ж разам за зялёную Беларусь.

Галіна НОВІК