Многія жыхары раёна звяртаюцца ў раёнку з просьбай патлумачыць, што такое дыфе-рэнцыраваныя тарыфы на паслугі газазабеспячэння, якія асаблівасці новых тарыфаў. Аб гэтым – гутарка з дырэктарам раённага вытворчага ўпраўлення “Каменецрайгаз” Уладзімірам ПАРХОЦІКАМ.
– Уладзімір Васільевіч, дык што ж такое дыферэнцыраваныя тарыфы для аплаты спажытага газу?
– Гэта – трохступенчатая сістэма тарыфаў у залежнасці ад аб’ёмаў спажывання. Мэта новаўвядзення – стымуляванне насельніцтва да эканомнага расходавання газу.
– На якія катэгорыі насельніцтва распаўсюджваюцца новыя тарыфы?
– Толькі на абанентаў, якія маюць газавае ацяпленне (катлы), прычым, не мае значэння, устаноўлены гэтыя катлы ў індывідуальным ці шматкватэрным доме. На абанентаў, у дамах (кватэрах) якіх не ўстаноўлены газавыя катлы, дыферэнцыраваныя тарыфы не распаўсюджваюцца. І яшчэ: яны не прымяняюцца, незалежна ад таго, ёсць катлы ці не, да дзіцячых дамоў сямейнага тыпу; сем’яў, што выхоўваюць дзяцей, дзе абое бацькі ў поўнай сям’і (ці адзін у няпоўнай) – інваліды першай ці другой групы; сем’яў, у якіх адзін з бацькоў у поўнай сям’і – інвалід першай групы, а другі даглядае яго і атрымлівае дапамогу, прадугледжаную заканадаўствам: няпоўных сем’яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда.
– І ў чым асаблівасці дыферэнцыраваных тарыфаў?
– Асноўная асаблівасць такая: цяпер пры вызначэнні цаны газу будзе ўлічвацца, колькі яго спажыта абанентам з пачатку года. Згодна з Пастановай Савета Міністраў РБ №52 ад 23.01.2013 года, устаноўленая заканадаўствам сацыяльна арыентаваная цана на газ будзе прымяняцца да той пары, пакуль абанент з пачатку года не выкарыстае 3000 кубаметраў газу. Пасля перавышэння гэтага аб’ёму да цаны на газ будзе прымяняцца павышаючы каэфіцыент, які роўны 1,3. Гэта значыць, што для абанента газ, якога спажыта больш за 3000 кубаметраў, падаражэе на 30%. Калі спажывец з пачатку года зрасходуе больш за 5500 кубаметраў газу, з таго моманту і да канца года цана газу звыш гэтай мяжы стане роўнай цане, якая забяспечвае поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат. Такім чынам, для тых, хто за год расходуе не больш за 3000 кубаметраў газу, яго цана павялічвацца не будзе. А тыя абаненты, што перавысяць гэтую мяжу, будуць плаціць больш толькі за газ, спажыты звыш гэтага аб’ёму.
– І якія цэны на газ у 2013 годзе?
– З пачатку гэтага года на прыродны газ дзейнічаюць цэны, вызначаныя Пастановай Саўміна №138 ад 4.02.2011 года (са зменамі, унесенымі Пастановай №1184 Саўміна ад 21.12.2012 года). Які гэта кошт? За адзін кубаметр газу для абанентаў, якія ўстанавілі газавыя ацяпляльныя прыборы (катлы) і маюць прыборы ўліку газу, у ацяпляльны сезон трэба плаціць 358,8 рубля, у летні – 933,6 рубля.
А для абанентаў, у якіх ёсць прыборы ўліку, але катлоў няма, цана аднаго кубаметра газу складае 933,6 рубля на працягу ўсяго года. Калі ж катлоў няма і прыборы ўліку не ўстаноўлены, цана на газ застаецца такой жа, як і была да гэтага (яна залежыць ад колькасці пражываючых і наяўнасці тых ці іншых газавых прыбораў).
Назаву і цану, якая забяспечвае поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат, – гэта 2095,1 рубля за кубаметр газу.
– І з якога часу ўводзяцца дыферэнцыраваныя тарыфы на аплату газу?
– Яны дзейнічаюць з 1 лютага гэтага года, але ўлік спажытага сёлета газу пачнецца з 1 студзеня 2013 года.
– Цікава, ці многа было летась абанентаў у нашым раёне, якія спажылі за год газу больш за 3000 кубаметраў?
– Мяркуйце самі: у 2012 годзе з тых, што маюць газавыя катлы, “уклаліся” ў межы трох тысяч кубаметраў 75% абанентаў, а 24% спажылі газу ў межах ад 3000 да 5500 кубаметраў. І толькі 34 абаненты (усяго 1% ад усіх) перавысілі і мяжу 5500. Яшчэ раз падкрэслю: пры перавышэнні ўстаноўленых аб’ёмаў па павышанай цане будзе аплачвацца не ўвесь газ, спажыты з пачатку года, а толькі зрасходаваны звыш указанага аб’ёму.
– Што Вы параіце жыхарам раёна, каб у іх не ўзнікалі праблемы з аплатай газу?
– Найперш, плаціць за спажыты газ у адпаведнасці з заканадаўствам і згодна з патрабаваннямі дагавораў. Гэта значыць, штомесячна, да 25 чысла, і за ўвесь спажыты за папярэдні месяц газ. Тады і не ўзнікнуць пытанні з налічэннем пені. А ў сувязі з дыферэнцыраванай аплатай варта кантраляваць аб’ём спажытага газу з пачатку года, праяўляць беражлівасць і не дапускаць перавышэння ўстаноўленых аб’ёмаў. Тады і не давядзецца плаціць больш, чым раней, і тым, у каго ёсць газавыя катлы. І апошняе: пры ўвядзенні дыферэнцыраваных тарыфаў прадугледжана і павышаная адказнасць за правільную аплату газу. Калі выявіцца, што хтосьці плаціць менш, чым гэта ўстаноўлена, давядзецца раскашэліцца “па поўнай праграме” – па цане, якая забяспечвае поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат.
Па ўзнікаючых пытаннях звяртайцеся ў нашу службу ўліку – тэлефоны 2-10-93 ці 2-14-04; пры неабходнасці званіце мне на 2-12-47 ці галоўнаму інжынеру – 2-21-32.
Гутарыў Георгій ПАРАФЯНЮК.
Это может быть интересно:
-
ГРЯЗНЫЕ МЕТОДЫ ИНФОВОЯК ИЗ ЦИПСО: ПРОДОЛЖЕНИЕ
-
Ловушки виртуального жилья: как не стать жертвой интернет-мошенников
-
Минздравом принято решение о продлении кампании вакцинации против гриппа и коронавирусной инфекции
-
«Белпочта» изменит тарифы на некоторые услуги с 1 января 2025 года
-
Новому тротуару в Каменце «к лицу» бы новый забор