Колькі мора каштуе…

Люблю падарожжы. Пабывала ў многіх вядомых       мясцінах Беларусі. А сёлета вырашыла паехаць у Крым, каб убачыць мора. Так даўно марыла аб гэтым, што, перапоўненая эмоцыямі, не стрымала слёз, калі ўпершыню ўзіралася ў бяскрайнюю прастору Чорнага мора. Але аб усім па парадку…

Скарыстала паслугі фірмы “Адысея-Тур”. Аўтобус “Неаплан” быў у дарозе да Судака больш за суткі. Калі б, як ні сумна, не дробныя рамонты аўтобуса ў дарозе, даехалі б хутчэй. Хоць, з другога боку, шмат цікавага бачылі і з акна яго. А ў Судаку, дзе нас чакалі ў прыватным пансіянаце, выйшлі не ўсе турысты – іншыя паехалі далей, да Феадосіі і Кактэбеля.

Гаспадары пансіяната на 45 пакояў – муж і жонка, з крымскіх татараў. У іх пяцёра дзяцей. Двое старэйшых ужо дапамагаюць бацькам прымаць турыстаў, закупляюць прадукты, працуюць на кухні. Дарэчы, як харчавацца, кожны з нас вырашаў сам; можна было трохразовае харчаванне замовіць на месцы, у пансіянаце, а можна – толькі сняданак ці вячэру. Я адшукала ў горадзе сталовую, дзе абедала танней – за 23-25 грыўняў (1 грыўня – 1 тыс. беларускіх рублёў). Хоць, вядома, татары ўмеюць добра гатаваць.

Пляж – побач з пансіянатам. Амаль палова яго насельнікаў заставаліся там увесь дзень, пакідаючы мора і ляжак толькі на час абеду ў пансіянаце ці паходу на рынак па фрукты: маўляў, ад’ямося хоць персікаў. Такі варыянт адпачынку не для мяне. Да таго ж, калі параўнала цэны, дык яны – ў разгар сезона аднолькавыя з нашымі. Кілаграм чарэшні, напрыклад, у канцы чэрвеня каштаваў 30 грыўняў. Вырашыла, што тыя ж фрукты з’ем і дома, – больш грошай пакіну на экскурсіі.

Самай дарагой была вандроўка на гару Ай-Петры, да якой даволі доўга ехалі ўздоўж мора. Прыгажосць! Тая экскурсія абышлася ў 470 грыўняў і заняла ўвесь дзень. У маршрут было ўключана наведванне вядомага батанічнага саду ў Ялце, пачатак якому быў пакладзены Пятром I і дзе сабрана багатая калекцыя флоры з усяго свету. Наведалі аранжарэю кактусаў, а таксама – палац і парк сядзібы Варанцовых. А потым была канатная дарога на гару. Уверх і ўніз, па 15 мінут, у фунікулёры над безданню – адчуванні больш чым вострыя. Узнагародай за перажытае стала цудоўная панарама наваколля з вяршыні. Там, на абсталяванай пляцоўцы, – некалькі кафэшак, дзе можна паесці, сувенірныя лаўкі. Там жа зарабляюць грошы і фатографы – прапануюць зрабіць здымак з прыручанымі малпай, арлом ці паўлінам. На вяршыні гары мы правялі з паўгадзіны.

Цікавай была экскурсія і на другую гару – Чатырдаг, якая абышлася ў 450 грыўняў. Наведалі тры пячоры, любаваліся двума вадаспадамі, пабывалі ў горным сяле. На наступны дзень не адмовілася ад групавой коннай прагулкі па горна-лясістай мясцовасці з інструктарам. Адна гадзіна з невялікім “гакам” – і мой кашалёк палягчэў яшчэ на 130 грыўняў… Затое бясплатнымі былі дыскатэкі, якія штовечар мы, пастаяльцы пансіяната, ладзілі на “сваім” лапіку марскога берага. На жаль, дзяўчат расчарую: надта спадзявацца на знаёмства з цікавым маладым чалавекам не выпадае, бо ў ліку адпачываючых часцей за ўсё то дзве-тры сяброўкі, то сёстры, то маці з дачкою – звычайна вельмі цікавыя субяседніцы.

Увогуле ж дзесяць дзён адпачынку і дарога ў абодва бакі абышліся для мяне ў чатыры з паловай мільёны беларускіх рублёў, з іх 950 тысяч каштавала пражыванне ў пансіянаце. Лічу, што гэта прымальная сума, ды і не ўсё можна перавесці ў грошы. Адбыліся новыя знаёмствы, давялося з паўдня быць і ў ролі перакладчыцы з англійскай – я скончыла лінгвістычны ўніверсітэт, даведалася шмат цікавага пра Крымскі паўвостраў, пра які знала толькі са школьнага падручніка. І хоць вярнулася дадому без дарагіх пакупак, але затое з валізкай цудоўных успамінаў аб падарожжы.

Уражанні Кацярыны Апанасовіч

запісала Галіна НОВІК.

Фота Кацярыны АПАНАСОВІЧ.

Добавить комментарий