Колькі каштуе бясплатная медыцына?

87028333_4603781_brochure_back_stethoscope_rywn

Кожны, хто вывучаў палітэканомію, пэўна, памятае ўсеагульную формулу капіталу: “грошы – тавар – грошы з прыбыткам” і ведае, што для вядзення бізнесу трэба абавязкова мець рабочую сілу і сродкі вытворчасці. Пра каштоўнасць матэрыяльных рэчаў вядома і без навукі – дастаткова кінуць погляд на цэннікі ў магазінах. Але ж нішто – ад прадуктаў, адзення да самых розных машын, касмічных апаратаў і камп’ютараў, якое б суперабсталяванне ні мелі, – нельга стварыць без удзелу чалавека. І мяне здзіўляла, чаму гэтая “рабочая сіла” не аднесена да галоўнай каштоўнасці, чаму жыццё і здароўе чалавека аб’яўлены такой каштоўнасцю толькі ў Канстытуцыі, але не ў законах эканомікі. Між тым, усе сваім блізкім найперш зычаць здароўя, бо без яго нішто не міла.

Мы ганарыліся нашай бясплатнай савецкай медыцынай, і нават не задумваліся, колькі ж яна каштуе для дзяржавы. Абураліся: як жа гэтыя клятыя капіталісты выціскаюць усе сокі з народа, якому за кожны візіт да ўрача даводзіцца раскашэльвацца. Рынкавая эканоміка прымусіла і на постсавецкай прасторы паступова ўводзіць платныя паслугі ў розных сферах жыцця, у тым ліку і ў медыцыне. Дзе-хто незадаволены: ужо і ў раённай бальніцы хутка ўсе паслугі стануць платнымі. Ці не занадта гэта пры нашых заробках? Пра зарплаты – асобная гаворка: як працуем, так і зарабляем. Да таго ж самая нізкая аплата працы якраз у педагогаў ды медыкаў, іх праца, і не толькі на маю думку, сапраўды ацэньваецца неадэкватна. А наконт платных медыцынскіх паслуг лепш не разважаць абстрактна, а прывесці канкрэтныя даныя. Дык вось, за 2013 год Камянецкай цэнтральнай раённай бальніцай атрыманы даход ад платных медыцынскіх паслуг у суме 1312,5 млн. рублёў (план выкананы на 116%.) Але якая ж гэта доля ад усіх расходаў на ахову здароўя, што склалі за год 59 млрд. 723 млн. рублёў? Суадносіна пазабюджэтных даходаў да бюджэтнага фінансавання (за мінусам капіталаўкладанняў) летась склала ўсяго 3,3% (у папярэднім годзе – 2,7%). Да таго ж, крыніцай пазабюджэтных даходаў з’яўляюцца не толькі платныя паслугі, а гуманітарная і спонсарская дапамога, яе летась атрымана на суму ў 16,3 млн. рублёў, або 0,9% пазабюджэтных даходаў (у 2012 годзе – 9,4%). Райбальніца, згодна з вызначаным Саўмінам пералікам, аказвае 15 відаў платных паслуг, з іх спісам можна азнаёміцца як ва ўстанове аховы здароўя, так цяпер і ў нашай рэдакцыі. Найбольшы прыбытак атрыманы якраз не ад хворых, а ад здаровых людзей: ад вадзіцельскай камісіі, медыцынскіх аглядаў, найменшы – ад кансультацый урачоў. Самы нізкі – ад флюараграфіі ў адной праекцыі (8200 рублёў), найбольш ацэньваецца “метрасальпінгаграфія” (даследаванне для жанчын) – 157 600 рублёў.

А цяпер пра тое, колькі каштуе дзяржаве бясплатная для нас медыцына. Напачатку – даныя па Брэсцкай вобласці. Нарматыў бюджэтнай забяспечанасці расходаў на аднаго жыхара складае зараз 2 483 296 рублёў (у нашым раёне – 1 622 925 рублёў).

Фактычныя даныя па райбальніцы за 2013 год: сярэдні кошт аднаго ложка-дня – 224 тыс. рублёў (найдаражэй – рэанімацыйнае аддзяленне – 836 тыс. рублёў); кошт аднаго наведвання ўрача ў паліклініцы – 49,1 тыс. рублёў; выклік хуткай дапамогі – 223,7 тыс. рублёў. Аднак, самае дарагое – не аказанне медыцынскай дапамогі, а расходы на капітальны і бягучы рамонт, набыццё сучаснага абсталявання, медыкаменты. Вось лічбы гэтых расходаў па райбальніцы за мінулы год: на капітальны рамонт – 5 251 647,5 тыс. рублёў, на бягучы рамонт – 480 218,4 тыс. рублёў, на набыццё абсталявання – 1 366 298,4 тыс. рублёў, на медыкаменты – 5 802 997,4 тыс. рублёў, на прадукты харчавання – 1 941 954,8 тыс. рублёў, транспартныя расходы – 1 375 815,7 тыс. рублёў, камунальныя паслугі – 5 567 372,1 тыс. рублёў. Унушальныя сумы! Летась набылі аўтамабіль хуткай дапамогі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту коштам 376 879,2 тыс. рублёў. Нават паслуга сястрынскага догляду аплачваецца менш чым напалову: летась адзін ложка-дзень каштаваў 152,5 тыс. рублёў, пацыенты ж плацілі ў сярэднім 77 тысяч. А дадайце яшчэ расходы на аказанне паслуг для льготных катэгорый насельніцтва: шматдзетных маці, цяжарных жанчын, дзяцей да 3 гадоў і ад 3 да 16-і, інвалідаў першай і другой груп, для якіх існуе сістэма скідак на платныя медыцынскія паслугі. І тады вам, шаноўныя, стане вядомы сапраўдны кошт медыцынскіх паслуг і вы будзеце цалкам згодны з тымі, хто перакананы: нічога бясплатнага на свеце няма, усё мае сваю цану, нават паветра і дары прыроды. А бясплатны хіба што сыр у мышалоўцы, ды толькі з пункту гледжання мышэй, якія не ведаюць цаны жыцця.

Георгій ПАРАФЯНЮК.

Добавить комментарий