Колькі гадоў вежы – 725 ці 737?

OLYMPUS DIGITAL CAMERAАдлік гісторыі Камянецкай вежы вядзецца з 1276 года. Аднак, нядаўна па абласным радыё прагучала інфармацыя аб тым, што старажытная вежа сёлета адзначае 725-годдзе. На чым заснавана такое сцверджанне? У чым унікальнасць нашай вежы? Што прапануе музей, размешчаны ў ёй? Аб гэтым расказала карэспандэнту “Навін Камянеччыны” загадчыца філіяла “Камянецкая вежа” Таццяна КАЗУЛЬКА.

– Таццяна Мікалаеўна, адкуль жа ўзнікла дата “725-годдзе”?

– Як вядома, у Іпацьеўскім летапісе ўпершыню ўпамінаецца Каменец і вежа ў ім у 1276 годзе, дзе запісана, што валынскі князь Уладзімір Ва­сількавіч, занепакоены частымі набегамі ворагаў на землі яго княства, адправіў свайго градаруба, мужа хітра Алексу, знайсці месца для пабудовы горада-крэпасці. Алекса пры бацьку князя збудаваў шмат гарадоў. Ён з мясцовымі жыхарамі адправіўся ўверх па рацэ Лясной. Далей у летапісе чытаем: “…се же изнашедъ мъсто таково, и пріеха ко князю и нача повъдати. Князь же самъ ъеха, съ бояры и слугами, и улюби мъесто то надъ берегомъ ръеки Лосны, и оттереби е, и потом сруби на немъ городъ и нарче имя ему Каменецъ, зане бысть земля камена”. Менавіта ў летапісе гаворыцца аб будаўніцтве “сталпа” каменнага (вежы), замка і царквы Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ў 1276 годзе – царква стаяла на гары Кладучай, яна была спалена воінамі-рыцарамі комтура з Бальгі Тэадора фон Эльнера. Ён жа на пачатку жніўня 1379 года ўзначаліў трэці паход на Брэстчыну. Камянецкі княжацкі замак згарэў у сярэдзіне XVIII веку. Са старажытных збудаванняў засталася адна вежа, будаўніцтва якой працягвалася 11-12 гадоў. Аб гэтым таксама паведамляе Іпацьеўскі летапіс, дзе ўказаны пачатак будаўніцтва вежы –1276 год, і завяршэнне – каля1288 года. Бо ў 1289 годзе Каменец быў захоплены і разбураны князем Юрыем Львовічам. Такім чынам, можна меркаваць, што будаўніцтва вежы было завершана да 1288 года; калі лічыць ад гэтай даты, – дык 725-годдзе.
pic_7_новый размер– Скажыце, у чым унікальнасць Камянецкай вежы? Былі ж і іншыя ў тыя часы…
– Камянецкая вежа мае самую высокую катэгорыю гістарычнай каштоўнасці – нулявую, гэта – помнік старажытнага дойлідства сусветнага значэння, прапанаваны для ўключэння ў сусветны спіс ЮНЕСКА. Наша вежа – адзіная, якая захавалася з даволі вялікай групы валынскіх вежаў, асаблівага ты­пу абарончых збудаванняў, пабудаваных на заходніх землях у XIII-XIV вяках. Гісторыкамі апісана 12 такіх вежаў, 6 з іх – на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Падобныя вежы былі ў Брэсце, Тураве, Навагрудку, Гродне. Берасцейскі столп (пабудаваны на пачатку 1280-х гадоў), згодна з Іпацьеўскім летапісам, быў “высотою яко Каменецкий”, знаходзіўся на паўднёва-ўсходнім мысе старажытнага Берасцейскага гарадзішча (на правым беразе ракі Буг пры зліцці з ім Мухаўца). На пачатку 30-х гадоў XIX веку ў час збудавання бастыёнаў Брэсцкай крэпасці вежу разабралі. Яе рэшткі на планах дазваляюць меркаваць, што вежа была чатырохвугольная, вышынёй каля 30 метраў, таўшчыня сцен дасягала 1,3 метра. У Навагрудку (Дзяцінец) старажытная вежа была пабудавана ў 60-70-я гады XIII веку. Яна стаяла з паўночнага боку замка – каля ўваходу. Сёння вежа ў зямлі на глыбіні 7,5 метра, на ёй, як на трывалым фундаменце, стаіць цагляная вежа Шчытавая. Яшчэ адна навагрудская вежа (Малы замак) пабудавана на пачатку XIV веку, яна каменна-цагляная, прамавугольнай формы, таўшчыня сцен – 2,6 метра. У XIII веку ў Гродзенскім замку была ўзведзена магутная каменная вежа, вельмі падобная на Камянецкі “столп”. Упершыню ўпамінаецца ўOLYMPUS DIGITAL CAMERA пісьмовых крыніцах ў 1277 годзе пры апісанні пахода галіцка-валынскіх князёў на Гродна. Летапісец паведамляе, што “столп” стаяў перад варотамі ў замак. На жаль, у 30-х гадах XVI веку ў час чарговай перабудовы замка Гродзенскую вежу разабралі. Аб вежы ў Тураве вядома, што яна пабудавана прыкладна ў 1290-я гады ў цэнтры землянога вала і была круглай. У 30-я гады XIX веку яна была разбурана. Цяпер на Тураўскім гарадзішчы ад яе засталося ўзвышэнне да 11-ці метраў.
– Але ж былі старажытныя вежы і за межамі сучаснай тэрыторыі Беларусі?
– Так, тады ж межы княстваў былі зусім іншыя, чым у сучасных краін. Вядомы тры вежы ў Польшчы і тры – ва Украіне. Польскія – у горадзе Холм (Хэлм), у мястэчках Столп’е і Белавіна. Летапіс у 1259 годзе пры апісанні Хэлма адзначае вежу – не цалкам каменную, а на каменным падмурку. Яна была пабудавана пры Даніілу ў цэнтры горада. Пры ім жа былі пабудаваны яшчэ дзве вежы з чыстага каменю ў раёне Хэлма – у Белавіне і Столп’е, ад іх мала што захавалася да нашага часу. Белавінская – каля 2 кіламетраў ад Хэлма, прамавугольная, яна моцна разбурана, таўшчыня яе сцен – каля 1,7 метра, над зямлёй засталіся іх рэшткі вышынёй каля 16 метраў. Столп’еўская вежа – за 9 кіламетраў ад Хэлма, ля вёскі Столп’е на Люблінскай шашы.
Тры вежы вядомыя ва Украіне: у Чартарыйску, сяле Спас і Спасаўскім манастыры. Першая з іх – пабудаваная ў 1291 годзе князем Мсціславам Даніілавічам, стаяла на высокім левым беразе ракі Стыр. Гэта была круглая, цалкам цагляная вежа.
– Калі ласка, пра музей Камянецкай вежы…
– Вежа ў Каменцы – не проста адзіны ўцалелы “прадстаўнік” валынскіх вежаў. У ёй ў 1960 годзе быў адкрыты музей – філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. На пяці ярусах вежы размешчана экспазіцыя, якая апавядае аб гісторыі Каменца і вежы з XIII па XVI вякі. Музей цікавы для турыстаў. Так, сёлета за 8 месяцаў у ім пабывала каля 13 тысяч чалавек, найбольш наведвальнікаў – з Расіі, нямала гасцей і з іншых краін СНД, далёкага замежжа. Для турыстаў прапануюцца самастойнае наведванне музея, тэматычныя экскурсіі па яго залах, аглядныя экскурсіі з выхадам на пляцоўку наверсе вежы. Таксама праводзяцца інтэрактыўныя мерапрыемствы, напрыклад, музейная гульня “Трапны стралок”; у бліжэйшы час з’явіцца такі від паслугі, як сямейная экскурсія “Падарожжа ў Сярэднявечча”. Запрашаю камянчан, жыхароў раёна, усіх, хто цікавіцца гісторыяй нашага краю, у музей вежы!
Падрыхтаваў
Георгій ПАРАФЯНЮК.

Добавить комментарий