Ніхто не будзе аспрэчваць вядомую ісціну, якая сцвярджае, што бібліятэкар трымае ў сваіх руках ключы ад мудрасці. І прапанаваць іх ён можа таму, хто шчыра любіць кнігу, не ўяўляе без яе свайго жыцця. А ці ведаеце вы, дзе ў Каменцы захоўваюцца гэтыя каштоўныя ключы? Правільна – у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя У.Ігнатоўскага.
Калі звярнуцца да гісторыі, то першая ў райцэнтры хата-чытальня адкрылася 16 кастрычніка 1944 года, а размяшчалася яна па вуліцы Брэсцкай у будынку клуба. Недзе праз два дзесяцігоддзі бібліятэка пераехала да Белай вежы, дзе да таго была пякарня. Новае памяшканне рэканструявалі ў 1968-ым, дабудаваўшы чытальныя залы. А ў 2005 годзе бібліятэцы прысвоілі імя Усевалада Ігнатоўскага, які глядзіць на нас з мемерыяльнай дошкі, устаноўленай на абноўленым да “Дажынак” будынку.
На першым паверсе тут бяруць кніжкі маленькія чытачы, а вось дарослыя паднімаюцца на другі. Бібліятэка складаецца з аддзелаў камплектавання і апрацоўкі кніжнага фонду (ён знаходзіцца ў асобным будынку), метадычнага, абслугоўвання і інфармацыі, дзіцячай бібліятэкі. Кніжны фонд складае больш за 36 тысяч дакументаў (у тым ліку і электронных). На абанементах яны ў адкрытым доступе, а з чытальнай залы кнігу ці часопіс вам дадуць дадому за невялічкую плату. Штогод бібліятэкары заказваюць новыя кнігі, часта самі чытачы дзеляцца набыткамі сваіх хатніх бібліятэчак. Існуе камерцыйны фонд, а таксама немалы пералік платных паслуг (раздрукоўка, ксеракопія, ламініраванне, пракат DVD-дыскаў…). Дарэчы, з новымі тэхналогія тут даўно сябруюць. 14 сучасных камп’ютараў, аўтаматызаваная бібліятэчная сістэма ALIS-WEB, якую актыўна асвойваюць.
У бібліятэцы пастаянна праводзяцца мерапрыемствы самай разнастайнай накіраванасці: на духоўнае і патрыятычнае выхаванне, пашырэнне кругагляду, далучэнне да розных відаў мастацтва… Праводзяць іх традыцыйна бібліятэкары чытальнай залы дарослай бібліятэкі Людміла Парафянюк і Галіна Аляшчэня.
Тут працуе таксама метадычны цэнтр для бібліятэкараў сельскіх бібліятэк, праводзяцца вучоба кадраў, семінары, школы маладога бібліятэкара. Самі супрацоўнікі актыўна павышаюць узровень сваёй адукацыі. Сёлета тры чалавекі скончылі Інстытут культуры ў Мінску. Менавіта яны, таленавітыя, адданыя сваёй справе людзі, з’яўляюцца галоўнай каштоўнасцю Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі. 23 бібліятэкары працуюць тут сёння. Дырэктар цэнтралізаванай раённай бібліятэчнай сістэмы Ларыса Хухлаева з павагай і гонарам пералічвае імёны калег-ветэранаў: Вера Іванаўна Васілюк (37 гадоў стажу, 31 з іх на пасадзе загадчыка аддзела абслугоўвання і інфармацыі), Надзея Васільеўна Постнікава (40 гадоў стажу, 36 на пасадзе загадчыка аддзела камплектавання і апрацоўкі кніжнага фонду), Ніна Астапаўна Нікіціна (39 гадоў стажу, былы дырэктар цэнтралізаванай раённай бібліятэчнай сістэмы – 37 гадоў). Сярод маладых выдзяляюцца галоўны бібліёграф Ірына Лось (пра яе ўжо расказвала раёнка), галоўны бібліятэкар аддзела камплектавання Марына Нігерыш, бібліятэкар чытальнай залы для дзяцей Святлана Мышленнік… Ды, прынамсі, усіх не пералічыш. І мне здаецца, што гэтым людзям смела можна даверыць ключы ад мудрасці.
Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Александр Лукашенко подписал закон, комплексно корректирующий Кодекс об образовании
-
РЕСПУБЛИКАНСКИЙ ПРОСВЕТИТЕЛЬСКИЙ ПРОЕКТ «ПРЕЗИДЕНТСКАЯ РЕСПУБЛИКА» В КАМЕНЕЦКОМ РАЙОНЕ!
-
В Беларуси с 1 декабря вступят в силу изменения по оплате ЖКУ: что нужно знать
-
Подписаться на “Навіны Камянеччыны” можно не выходя из дома!
-
Александром Лукашенко внесены изменения в Указ «Об оплате труда работников бюджетных организаций»