“Каюся, абяцаю і… выпіваю”

main_bigНе ўпершыню трапіла на лаву падсудных гэтая 49-гадовая жыхарка Расны, апошні раз яна была асуджана на паўтара года пазбаўлення волі за ўхіленне ад адбывання пакарання. Зінаіда К. пазбаўлена бацькоўскіх правоў у адносінах чатырох дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным утрыманні. Дарэчы, яе старэйшая дачка – ужо студэнтка. Згодна з рашэннем суда нашага раёна ад 25 жніўня 2009 года, Зінаіда абавязана штомесяц кампенсаваць расходы дзяржавы на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей, і яна была працаўладкавана ў брыгадзе “Расна” ААТ “Белавежскі” ў якасці рабочай раслінаводства. Аднак, дапусціла летась у перыяд з 1 жніўня па 1 верасня 23 прагулы. Што і стала прычынай узбуджэння крымінальнай справы паводле арт.174 адпаведнага Кодэкса (“Ухіленне бацькоў ад утрымання дзяцей”). Гэтае ўхіленне ад кампенсацыі расходаў, затрачаных дзяржавай (з-за няяўкі на працу без уважлівых прычын 10 і больш рабочых дзён на працягу трох месяцаў) стала прычынай няпоўнага выканання абавязацельстваў жанчыны перад дзяржавай. А даўгі Зінаіды ўжо выраслі да ўнушальных лічбаў: Брэсцкаму дзярж­універсітэту – амаль 8 мільёнаў рублёў, Целяханскай спецыяльнай школе-інтэрнату – больш за 25 мільёнаў, Бучамлянскай дапаможнай школе-інтэрнату – больш за 12 мільёнаў (даныя на 1 верасня 2012 г.)

На пасяджэнні суда раёна сёлета 15 студзеня Зінаіда каялася (у каторы раз!) у садзеяным, абяцала “завязаць” з выпіўкай, зрабіць усё магчымае, каб ёй вярнулі дзяцей. Але чым жа тлумачыла свае нявыхады на працу? Маўляў, дрэнна сябе адчувала. А для лячэння зранку штодня ўжывала… спіртное: 100 грамаў настойкі каліны. Медыкі, да якіх звярталася гэтая жанчына, патлумачылі, што не маглі ёй выдаць бальнічны ліст, таму што пакутавала Зінаіда ў тыя дні на хваробу, якую сама сабе прычыніла: была п’янай. Згодна з заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі цэнтральнай раённай бальніцы, Зінаіда па стане здароўя можа выконваць свае абавязкі як маці, здольная працаваць. Больш таго, ёй не раз тлумачылі, што адзіны спосаб выбрацца з даўгавой ямы – раз і назаўжды адмовіцца ад спіртнога, навесці разам з мужам парадак у доме і дабівацца вяртання дзяцей. Як правіла, калі гэта адбываецца, дзяржава, зноў жа ў інтарэсах дзяцей, даруе былыя непад’ёмныя даўгі, каб толькі бацькі зараблялі, даглядалі малых, а не прапівалі апошняе.

Суд раёна ўлічыў поўнае прызнанне падсуднай сваёй віны, яе раскаянне. І прыгаварыў Зінаіду К. да арышту тэрмінам на два месяцы. Таксама да яе будзе прыменена прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму. Прыгавор уступіў у законную сілу.

Галіна ПРЫХОЖКА,

старшыня суда раёна.

Добавить комментарий