Кацярына Паздзяйкіна працавала сёння на Камянеччыне

Сёння, 27 лістапада, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярына Паздзяйкіна працавала ў сваёй выбарчай акрузе. І пералік мерапрыемстваў, да якіх яна далучылася ў Каменцы, атрымаўся немаленькі і вельмі разнастайны…

Так, спярша Кацярына Мікалаеўна правяла ў райвыканкаме прамую тэлефонную лінію, на якую паступілі тры званкі. Жыхары Маларыцкага і Камянецкага раёнаў задалі пяць пытанняў, што закраналі, у прыватнасці, якасць дарожнага пакрыцця і добраўпарадкаванне дваравых тэрыторый. Па ўсіх зваротах былі дадзены тлумачэнні.

Далей дэпутат накіравалася на сустрэчу з калектывам Камянецкага раёна газазабеспячэння. Кацярына Паздзяйкіна расказала слухачам пра Палату прадстаўнікоў і сваю работу ў ёй, пералічыла прычыны ганарыцца роднай Беларуссю (дарэчы, іх нямала!), а таксама закранула самую актуальную на сёння тэму – электаральную кампанію, асобна спыніўшыся на зменах, што ўнесены ў Выбарчы кодэкс адносна выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З залы паступілі пытанні наконт збору подпісаў, што актыўна вядзецца сёння па ўсёй краіне, на якія госця ахвотна адказала.

Наступным пунктам у праграме дэпутата стала наведванне Камянецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе да Кацярыны Мікалаеўны далучыўся старшыня райвыканкама Віталій Кулак.
Спачатку госці паназіралі за тым, як арганізавана далучэнне наведвальнікаў ТЦСАН да спорту: сёння тут можна пагуляць у настольны тэніс і шашкі. А потым ім выпаў гонар узнагародзіць граматамі, сувенірнай прадукцыяй “Вітаем на Камянеччыне!” і прадуктовымі наборамі ад ААТ “Белавежскі” пераможцаў міжрэгіянальнай спартландыі “Спорт роўных магчымасцей” сярод людзей з інваліднасцю. Першае месца заняла каманда з Брэста, 2-е – спартсмены з Пружан, а 3-е – каманда нашага райцэнтра.
Былі ўручаны таксама і падарункі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.

Далей Кацярына Паздзяйкіна і Віталій Кулак накіравалася ў СШ №2 Каменца імя А.І. Самуйліка, дзе сустрэліся з вучнямі 10-11 класаў у фармаце адкрытага дыялогу “Час першых!” Разам з імі ў гэтай сустрэчы прыняла ўдзел начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Жанна Аўдзей.
Школьнікі задалі дэпутату і старшыні райвыканкама нямала цікавых пытанняў. Што сёння хвалюе нашу моладзь? Так, яе прадстаўнікі цікавіліся дасягненнямі Камянеччыны і тымі галінамі яе развіцця, што выклікаюць асаблівы гонар, прасілі парады ў выбары будучай прафесіі і выказалі жаданне зрабіць свой уклад у дастойнае правядзенне бягучай выбарчай кампаніі.
Потым госці наведалі факультатыў робатататэхнікі, асобны клас для якога, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі, адкрыўся ў школе сёлета ў пачатку навучальнага года.

Настасся НАРЭЙКА
Фота аўтара і Яны СІДАРАВАЙ

 

Хотите читать актуальные новости Каменца и Каменецкого района первыми?Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/navinykam