Яе заўважыла некалькі гадоў таму падчас раённага конкурсу юных паэтаў “Дэбют” і запомніла з той простай прычыны, што ўбачыла ў ёй, адухоўленай, натхнёнай, задумлівай, нешта сваё. Так і я некалі чытала свае першыя, далёкія ад дасканаласці вершы перад журы, заікаючыся ад хвалявання.
Сёння Карына працягвае ствараць, але ад вершаў перайшла да прозы. Мы сустрэліся ў чарговы раз на занятках літаратурнага гуртка “Жарынка”, якія вяду пры рэдакцыі “НК”, і вам, думаю, таксама будзе цікава бліжэй пазнаёміцца з дзяўчынкай, якая піша, на старонках газеты.
Карына Кожух перайшла ў 8 клас СШ №2 Каменца, а жыве ў Прыазёрскім з мамай, татам і двума старэйшымі братамі. Яе любімыя школьныя прадметы – англійская мова, руская літаратура і… інфарматыка, з якой дзяўчынка марыць звязаць сваю будучую прафесію. Праграміст з душой паэта. Незвычайнае спалучэнне, але чаму б не?
Акрамя агульнаадукацыйнай, Карына наведвае яшчэ і дзіцячую школу мастацтваў, дзе вучыцца граць на акардэоне (застаўся апошні год). Спярша хацела асвойваць рамантычнае фартэпіяна, але месцаў, на жаль, ужо не было. Тады любімая мама параіла акардэон, ёй падабалася яго гучанне…
У свой час дзяўчынка наведвала секцыю лёгкай атлетыкі, займалася саломапляценнем, малявала пяском – шукала сябе. І заўсёды пісала. Асабісты дзённік, які запаўняе падзеямі з жыцця, уражаннямі ды роздумамі і сёння, а таксама – аповесці, якія называе кнігамі, і такая назва апраўданая, бо аўтарка не толькі стварае гісторыю сваіх герояў, але яшчэ і малюе іх. Ужо скончаная кніга пра вялікую сям’ю, якой многа давялося перажыць, але гэта толькі зблізіла родных людзей (пакуль што яна без назвы), а таксама фантастычная гісторыя пра хлопчыка Бенджаміна, якога выкралі іншапланецяне і якому ўдалося выратаваць наш свет ад іх каварных планаў.
Калі пытаюся, над чым Карына працуе цяпер, яна паказвае спісаныя акуратным почыркам аркушы, на якіх паступова разгортваецца гісторыя дзяўчынкі Яраславы, якая заснула, пасвячы коней, а калі прачнулася, убачыла, што ў яе любімага каня па мянушцы Шарлота выраслі… крылы! Дзякуючы ім гераіня перанеслася ў чароўную краіну. Завязка вельмі цікавая, пагадзіцеся. Так і карціць даведацца, што ж будзе далей.
Першым чытачом твораў Карыны Кожух становіцца яе мама. “Яна заўсёды цікавіцца маёй творчасцю, падтрымлівае, умее параіць нешта і не пакрыўдзіць, – расказвае дзяўчынка. – Шкада толькі, што не дазваляе мне заседжвацца над рукапісам дапазна. (Усміхаецца.) Вельмі часта менавіта вечарам прыходзіць натхненне, не хочацца яго губляць, але я слухаюся. Асабліва, калі на наступны дзень у школу. Разумею: вучоба – перш за ўсё”.
Цікаўлюся тым, што дзяўчынка знаходзіць для сябе ў пісьменніцтве, чым яно прываблівае, чаму не адпускае. “Проста прыходзіць нейкая думка, – тлумачыць мая суразмоўца. – І хочацца перанесці яе на паперу, каб захаваць”. Так проста і так натуральна.
Сёлетняе лета Карына праводзіць у родным пасёлку, дапамагае маме (разам яны прыбіраюць у кватэры, пякуць пірагі, даглядаюць кветкі: матуліны гартэнзіі, фіялкі і архідэі ды дачушчыны кактусы), мала “сядзіць” у тэлефоне і перад тэлевізарам, сустракаецца з сябрамі, піша новыя творы, іграе на укулеле (сама навучылася), працуе над алмазнай вышыўкай на зімовую тэматыку, атрыманай у падарунак…
Што можа быць лепш за здольнасць ствараць свае светы, цэлыя светы, населеныя людзьмі? Пэўна, нішто. У чароўных гісторыях Карыны Кожух звычайныя коні пераўтвараюцца ў Пегасаў і сягаюць да неба. Пажадаем ёй шчаснага палёту на крылах натхнення!
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Віталія ДУЛЕВІЧА.
Это может быть интересно:
-
50 бывших работников ОАО «Беловежский» поздравили с Днем пожилых людей
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
Об установлении средних нормативов потребления тепловой энергии на подогрев 1 кубического метра воды
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ Г.КАМЕНЦА
-
В Долбизно прошел сельский сход с представителем областного управления МЧС