Каравайніцы

На абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2012” кандытары Камянецкага хлебазавода толькі для гасцей спяклі 20 караваяў. А колькі сёння прадстаўлена хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў у гандлёвым павільёне нарыхтпрамгандлю, – не злічыць.

“Духмяны” заказ даручылі выконваць самым вопытным кандытарам – Святлане Вальчук (на здымку справа) і Таццяне Лысковіч. Першая з іх працуе ўжо 30 гадоў, другая – каля 20-і. З тайнамі кандытарскага майстэрства Святлану Міхайлаўну пазнаёмілі ў Баранавіцкім тэхналагічным каледжы Белкаапсаюза, які яна ў свой час скончыла. А Таццяна Адольфаўна спасцігала азы прафесіі кандытара непасрэдна на хлебазаводзе. Пачыналі з самага простага – булачак ды пячэння. А сёння з-пад іх рук выходзяць сапраўдныя шэдэўры (глядзіце здымак).

Вырабы Святланы і Таццяны становяцца ўпрыгажэннем розных выстаў і мерапрыемстваў. А іх караваі, у прамым сэнсе слова, заварожваюць сваім выглядам. Ювелірнай работы валошкі, ружы з цеста, а яшчэ – гронкі вінаграду, калоссе жыта, ручнікі… Усё выглядае натуральна. Натхненне чэрпаюць з навакольнага свету. І маюць добры мастацкі густ.

Вельмі арганічна падабраны ў караваях малюнкі. А смак, вядома, па-за канкурэнцыяй. Задумак лепшым кандытарам хапае для рэалізацыі іх не толькі на рабоце, але і дома. Як зазначаюць Святлана і Таццяна, свае сем’і яны часценька балуюць тортамі, піцамі, рознай здобай. Іх рэцэптамі карыстаюцца родныя, знаёмыя, калегі.

Сваімі ведамі і цікавымі ідэямі ў афармленні вырабаў яны ахвотна дзеляцца з маладымі работніцамі, што працуюць на хлебазаводзе. Пераемнасць майстэрства ў калектыве – добрая традыцыя.

Вера ІВАНЮКОВІЧ.

Фота Міколы ШУМА.

2 thoughts on “Каравайніцы

Добавить комментарий