Камянюцкія “паветраныя” пагранічнікі

IMG_3062Здаровае сасновае паветра, маляўнічыя краявіды… Сцежка пятляе сярод бухматых ад снегу дрэваў, і немагчыма здагадацца, што зусім побач – другі радыё-лакацыйнаы вузел 2284-га асобнага радыётэхнічнага батальёна, што ўваходзіць у склад 8-й радыётэхнічнай брыгады. А гэта азначае, што тут, недалёка ад Камянюкаў, – пастаяннае баявое дзяжурства па абароне паветраных межаў Рэспублікі Беларусь.

На КПП уважліва правяраюць дакументы, удакладняюць мэту прыезду і на тэрыторыю прапускаюць толькі тады, калі за мной ды дзвюма спадарожніцамі – начальнікам аддзела па справах моладзі райвыканкама Людмілай Жураўлёвай і першым сакратаром райкама ГА “БРСМ” Ірынай Гендзель – прыходзіць намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце старшы лейтэнант Юрый Русаковіч. За ім, так бы мовіць, след у след, мы прайшлі па пляцы, які стараннямі салдат заўсёды дагледжаны, не зважаючы на снег, што сыпаў у той дзень без перапынку.

Перш-наперш Юрый Аляксандравіч правёў нас да начальніка другога радыёлакацыйнага вузла капітана Віталія Крывецкага (фота 1). “Наш штат невялікі, –  расказаў ён. – І ўсе яны выдатныя спецыялісты, прыстойныя, адказныя людзі. Іншым тут быць немагчыма, бо перад намі надта важкі абавязак.”

Накіроўваемся ў святая святых, туды, адкуль сочаць за чысцінёй неба. Аглядаем вайсковыя машыны, што выстраіліся ў радок, няспынныя ў сваім руху антэны, лакатары, вышку… “Дарэчы, у нашага стацыянарнага вузла ёсць перасоўны філіял, – дадае Юрый Аляксандравіч. – Мы трымаем пад кантролем тэрыторыю радыусам 180 км.”

Па дарозе знаёмімся з аператарам радыёлакацыйнай станцыі Мікалаем Кудласевічам, які ўсяго толькі трэці месяц у арміі, а ўжо на адказнай службе. Тут давяраюць чалавеку, калі бачаць, што ён не падвядзе.

Вяртаемся ў казарму і наведваем спачатку пакой вольнага часу і інфармавання, дзе якраз праводзіцца анкетаванне салдат тэрміновай службы, відаць, з мэтаю праверкі “клімату” ў калектыве. Псіхолагі завітваюць сюды раз на месяц, і іх заняткі карыстаюцца папулярнасцю.

Выпадкова нам трапляюць на вочы канспекты, з дазволу праглядаем іх і побач са звесткамі, што тычацца ідэалогіі беларускай дзяржавы, сустракаем… факты з жыцця і творчасці Якуба Коласа – пра мастацкую літаратуру тут не забываюць. Сведчанне таму – кнігі, якія падарожнічаюць ад аднаго чытальніка да другога.

Наступны пакой аглядаем амаль бязгучна, каб не патурбаваць тых, хто спіць пасля начнога дзяжурства. Тут ідэальны парадак. На тумбачках – сурвэткі і невялікія кампазіцыі з сухіх раслін. Апошнія – праца рук аднаго з салдат, Мікіты Ярмачыка з Івацэвічаў (фота 2). Ён і насценную газету выпускае, прычым – гумарыстычную, і на гітары іграе – усяму навучыўся сам. Кіраўніцтва хваліць хлопца і загадзя шкадуе, што ў маі давядзецца адпусціць яго дадому, тэрмін службы заканчваецца… У пакоі – шмат жывых кветак, якія салдаты даглядаюць з ахвотай, а арыгінальную падстаўку з дрэва для іх зрабіў сваімі рукамі Аляксандр Уюн. Ёсць тут і акварыум з рыбкамі, а на сцяне – марскі пейзаж. Утульна…

Вольны час можна запоўніць і заняткамі спортам. Да канца бягучага года спартзала і зала трэнажораў, асабліва папулярная ў салдат, набудуць абноўлены выгляд (плануецца адрамантаваць і лазню). З надыходам цяпла спартыўная пляцоўка таксама прычакае аматараў здаровага ладу жыцця.

Не абыходзіцца і без спаборніцтваў. 20 лютага валейбольная каманда другога радыёлакацыйнага вузла выязджала ў Камянюцкую СШ, дзе праходзіў турнір (чытайце на 14-й стар.).

У раскладзе дня салдат заўважыла вечаровую прагулку і штодзённы прагляд тэлеперадачы “Панарама”. У тым жа пакоі вольнага часу можна пачытаць перыёдыку: не толькі тэматычную «Во славу Родины», «Армия», але і грамадска-палітычную, у прыватнасці, “Звязду”, “Народную газету”, “СБ” і “Навіны Камянеччыны”. Заўсёды знойдуцца і тыя, хто любіць гуляць у шашкі. Напрыклад, камянчанін Андрэй Комар і Максім Каховіч з Бярозы (справа налева, фота 3).

Сувязь з роднымі і сябрамі салдаты падтрымліваюць дзякуючы мабільнаму тэлефону, які ім выдаюць у вызначаны час. Тэлефануюць, пішуць электронныя лісты… Па выхадных да хлопцаў прыязджаюць госці, а звальненне тут стараюцца заслужыць.

Наступны наш “прыпынак” – сталовая. Робім некалькі кадраў і хуценька ідзём далей, бо занадта ж спакушальныя пахі ў паветры. Кормяць тут смачна, кожная калорыя, як казаў герой савецкага фільма, “на месцы”.

“Нашы мужчыны самыя лепшыя! – з гонарам адзначае фельчар Алена Мышленнік, якая, пабачыўшы прадстаўніцу рэдакцыі, адразу ж загарэлася жаданнем павіншаваць сваіх калег напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны. – Зычу ім сямейнага дабрабыту, здароўя, дастатку, здзяйснення ўсіх мар.” Далучаемся да гэтых слоў. Няхай шанцуе камянюцкім “паветраным” пагранічнікам!

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара і Ірыны Гендзель.IMG_3015 IMG_3023 IMG_3050 IMG_3070 IMG_3009 IMG_3013

1 thought on “Камянюцкія “паветраныя” пагранічнікі

Добавить комментарий