Такога Камянецкая вежа не бачыла даўно. Напэўна, з часоў векапомных татарскіх набегаў…
Вечарам 22 жніўня да яе навыперадкі праставалі, пакінуўшы свае аўто ля былога магазіна “Кнігі”, дзясяткі людзей розных узростаў у нямаркім адзенні, з ліхтарыкамі (кішэннымі ці на ілбе, як у шахцёраў) і мабільнымі тэлефонамі. Размовы, што вяліся па іх безупынку, чалавеку недасведчанаму падаліся б абсалютнай лухтой, а для ўдзельніка квэст-гульні “Night.Brest”, якая завітала ў Каменец, яны значылі ой як многа!
Даведка “НК”
Актыўная экстрэмальная гарадская квэст-гульня “Night.Brest” узнікла ў абласным цэнтры 9 гадоў таму. Яна патрабуе ад ўдзельнікаў фізічнай вынослівасці, а таксама магутнага інтэлекту.
Гульня мае некалькі ўзроўняў і тэрытарыяльна не абмежаваная. “Лакацыяй” можа стаць любое цікавае месца Брэста і ваколіц: гістарычны помнік, закінуты аб’ект, нават квадрат лесу…
На тэрыторыі “лакацыі” ўдзельнікі, выконваючы заданні на логіку, шукаюць адмысловы код, які потым перасылаюць на сайт гульні (www.nightbrest.info) і такім чынам атрымліваюць доступ да новага ўзроўню.
Узровень, “лакацыяй” якога стала Камянецкая вежа, быў шосты па ліку з 15-і. Папярэдні, ужо пройдзены, размяшчаўся ў Турне Вялікай, а наступны (пра яго арганізатары паведамілі мне па сакрэце) – у Чамярах, калі больш дакладна – у лясным масіве, квадрат тры на тры метры, дзе давядзецца паказаць свае навыкі яшчэ і ў спартыўным арыентаванні. Але гэта – потым. Вернемся да вежы…
11 каманд (10 з Брэста і адна з Санкт-Пецярбурга) сінхронна атрымалі на свае тэлефоны паведамленне аб тым, што пачынаецца зваротны адлік часу перад пачаткам новага ўзроўню, а следам за ім – адрас “лакацыі” – Камянецкая вежа. Далей справа была за хуткасцю. Таму і бачылі выпадковыя прахожыя масавы “забег” людзей з ліхтарыкамі ў той жнівеньскі цёплы вечар.
У вежы тым часам усё было гатова. У нішах арганізатары квэсту схавалі падказкі. (“Дык вось для чаго ліхтарык!” – падумала я, знайшоўшы адну з іх, амаль нечытэльную без дадатковай крыніцы святла.)
Каманды атрымалі карткі ўдзельнікаў і… пачалося. Тупаценне ног па вінтавой лесвіцы. Бесперапынныя размовы па тэлефоне і фотаздымкі, зробленыя ім жа. Шукальнікі зазіралі ва ўсе куткі, пільна ўглядаліся ў карціны і даспехі, адчынялі куфры.
Мае спробы падняцца вышэй прынеслі плён толькі з цягам часу. На кожным павароце лесвіцы даводзілася саступаць дарогу засяроджаным людзям, якія, між тым, адрываліся ад сваіх роздумаў, каб падзякаваць за такую ласку, і спяшаліся далей – бегма, бегма!
Пералічваць усе лагічныя заданні, выкананыя ўдзельнікамі квэсту, газеты не хопіць. Закрану толькі адно. Абапіраючыся на слова “метал” і смайлік, схаваныя ў акенцах, патрэбна было здагадацца, што ў вежы неабходна знайсці металічны прадмет, які нагадвае “усмешку”, якой так актыўна карыстаюцца ў сацыяльных сетках…
Калі, у рэшце рэшт, каманда завалодвала жаданым “ключом” (кодам з лічбаў), яна магла “адчыніць” ім дзверы і падняцца на самы верх вежы. Перамога? А вось і не! Тут, між зубцоў Камянецкага стаўпа, патрэбна было знайсці апошні, лёсавызначальны код – з англійскіх літар. Нехта спрабаваў шукаць непасрэдна там, на глядзельнай пляцоўцы, нехта здагадваўся паглядзець на шыкоўны далягляд, што адкрываўся вачам з вышыні птушынага палёту. І тут, менавіта тут, чакаў сюрпрыз. На падаконніку акна на другім паверсе дома, дзе размешчаны касы музея, былі напісаны тыя самыя запаветныя літары! Ура!
Удзельнікі каманд, якім раней за іншых удалося справіцца з заданнем, ветрам праносіліся міма мяне, паўтараючы захоплена і шчасліва: “Гэта супер! Гэта проста супер!” І, ведаеце, я ім веру. Нават проста пастаяўшы побач з шукальнікамі, адчуваеш імпэт. Цягне бегчы, шукаць, думаць. І, безумоўна, знаходзіць!
Думаецца, Камянецкая вежа надоўга запомніцца ўдзельнікам квэст-гульні. Дзе яшчэ можна адчуць сябе шукальнікам скарбаў, што хавае гістарычны помнік, якому нямала стагоддзяў?
Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Юные художники Каменетчины награждены по итогам районного смотра-конкурса «Остановим ВИЧ вместе!»
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины контролировало готовность водителей к зимнему сезону
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Новые павильоны для междугородних автобусов появятся в райцентре
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе