Каменцу – 737!

P7208342Святкаванне з нагоды 69-й гадавіны вызвалення Камянецкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 737-годдзя Каменца… Важкая прычына для таго, каб суботнім днём 20 ліпеня выйсці з дому? Безумоўна! Асабліва калі дадаць да яе цёплыя пачуцці да роднага горада…

Урачысты мітынг ля брацкай магілы суправаджаўся моцным ветрам і дажджом, але нешматлікіх удзельнікаў яго гэта не пужала. Перад вачамі быў прыклад ветэранаў Вялікай Айчыннай, якія не маглі прапусціць такую падзею. Вайна ў іх (ды і нашых таксама) сэрцах ніколі не перастане балець…

Урачыстасць адкрыў старшыня Камянецкага райвыканкама Андрэй Пісарык, слова мелі старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Людміла Жураўлёва і актывістка БРСМ, дзесяцікласніца СШ №1 г.Каменец Анастасія Грушэўская.

Хвіліна маўчання… Ускладанне кветак да помніка… “Малітва” Купалы ў выкананні Уладзіміра Мулявіна… Пад яе гараджане разыходзіліся ў хвалюючым задуменні… Паступова распагоджвалася…

А свята тым часам перамясцілася на стадыён, куды накіроўваліся аматары здаровага ладу жыцця, і ў гарадскі парк культуры і адпачынку, дзе на сцэну запрасілі  камянчан, імёны якіх занесены на Дошку гонару, прадстаўнікоў арганізацый-юбіляраў, самых-самых у галіне адукацыі, спорту і культуры. Дзюдаісты Марыя Кавальчук (СШ №1) і Артур Гаўрылавец (СШ №2), таленавітыя юныя фізікі Максім Ліцкевіч і Уладзіслаў Грэбень (СШ №2), танцавальныя калектывы “Капрыз” і “Тандэм”, вакальны ансамбль Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў, што заявілі аб сабе ў вобласці і рэспубліцы…

А сёмай гадзіне распачаўся канцэрт, гукі якога прываблівалі гледачоў. Яны паспелі набыць жаданае ў  гандлёвых радах Камянецкага райспажыўтаварыства і філіяла “Высокаўскае”, азнаёміліся з выставамі Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі, пастралялі ў ціры, адвялі дзетак на батуты і надзіманыя горкі, а потым занялі літаральна ўсе лавачкі перад сцэнай. Самадзейныя артысты Камянецкага і Высокаўскага Дамоў культуры падрыхтавалі нямала прыемных падарункаў. Затым на сцэну выйшаў Сяргей Славянскі.

Напрыканцы свята ў парк пачала збірацца моладзь. DJ “Муравей” з Мінска запрашаў танцаваць і весяліцца. З днём нараджэння, Каменец!

А як вам спадабалася свята? Адказваюць…

Ганна:

– Канцэрт вельмі добры, не паўсюль такое ўбачыш. Я прыехала з Зельвы і ўражана ўбачаным. Для невялікага горада кшталту Каменца гэта шыкоўна! Прызнацца, думала, будзе нешта пасрэднае, але памылілася і рада гэтаму.

Арцём:

– Увогуле, уражанні станоўчыя. Вось толькі не хапала драйву, мне здаецца. Такога, каб людзі апладзіравалі гучней, каб падпявалі ад душы. Для гэтага павінны пастарацца і арганізатары, і гараджане. Агульнае свята трэба рабіць разам.

Надзея:

– Усё, як заўсёды. Ціха, спакойна, нармальна. У гэтым, безумоўна, ёсць свае плюсы, але хацелася б нечага незвычайнага. Кожны год прыходзім з дачкой на святкаванне. І сёння жадаем гораду і яго жыхарам квітнення і шчасця.

Настасся НАРЭЙКА.

P7208491P7208463P7208455P7208421P7208407

Добавить комментарий