Каменец – сталіца абласных Дажынак

На клопатным восеньскім “фоне” – яркая падзея: Каменец стаў сталіцай Дажынак-2012 абласнога маштабу. Аднак і ўрачыстасць, да якой так старанна рыхтаваліся, ні на дзень не спыніла хаду спаконвечных сялянскіх турбот: у разгары нарыхтоўка кармоў, капанне бульбы, пачата ранняя ўборка цукровых буракоў, палі вось-вось зарунеюць азімінай. Лета стала згадкай. Яно было гарачым ва ўсіх сэнсах слова.

– Наколькі апраўдаліся надзеі на шчодры ўраджай? – не прамінула пацікавіцца ў начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Івана Сямейкі.

– Апраўдаліся. Сёлета валавы збор зерня, без кукурузы, у бункернай вазе, – 115 тысяч тон, што на 28 тысяч больш, чым летась. А ўраджайнасць вышэй на 10,1 цэнтнера. У сярэднім па раёне – 42,9 цэнтнера з гектара.

– У якіх з гаспадарак збожжавы гектар быў самым важкім?

– Найбольш высокая ўраджайнасць у “Белавежскім” – 61,4 цэнтнера, і валавы збор склаў 39 тысяч тон; ва “Усходзе-Каменцы” – 56,4 цэнтнера, а “вал” – каля 6 тысяч тон.

Мяркуем, што пасля дапрацоўкі зерня разам з кукурузай будзем мець 140 тысяч тон; рапсу – 9 тысяч тон, што ўдвая больш мінулагодняга; цукровых буракоў – 125 тысяч тон; бульбы – 18 тысяч тон.

– Цікава, як выглядае наш раён у абласным “кантэксце”?

– Удзельная вага раёна, паводле вынікаў 2011 года, па плошчах сельгасугоддзяў – 7%, па вытворчасці сельгаспрадукцыі – 8%,  у тым ліку зерня – 9%, цукровых буракоў – 14%, малака – 8%, рэалізацыі жывёлы – 11%.

Параўнаем: летась на 100 гектараў сельгасугоддзяў атрымалі 1113 цэнтнераў малака, калі па вобласці гэты паказчык склаў 1012; за сем месяцаў сёлета – 711,6 цэнтнера,  а гэта плюс 47,2 цэнтнера да мінулагодняга. Яшчэ цікавыя лічбы: на 100 гектараў рэалізавалі жывёлы на забой летась 322,3 цэнтнера,  а па вобласці – 206,9; за сем месяцаў сёлета – 190,1 цэнтнера… У мінулым годзе сельгасарганізацыямі раёна атрыманы вал прадукцыі ў супастаўляльных цэнах на 331 мільярд – гэта трэцяе месца ў вобласці, пасля Брэсцкага і Баранавіцкага раёнаў.

– Асноўны прагнозны паказчык, даведзены сельгасарганізацыям, – рэнтабельнасць продажаў. Як ён выконваецца?

– За сем месяцаў ён склаў 14,4% пры заданні 4,5. На тым жа ўзроўні, чакаем, будзе і рэнтабельнасць гаспадарання па выніках года.

– Ці ёсць у раёне стратныя гаспадаркі?

– Такіх няма, дзякуючы ў тым ліку і своечасовай рэарганізацыі нізкарэнтабельных гаспадарак. Выручка за мінулы год склала 472 мільярды рублёў – 179% да 2010-га, а за сем месяцаў сёлета – 529 мільярдаў, ці 260%. На аднаго працуючага ў сельскай гаспадарцы атрымана валавай прадукцыі на 70,7 мільёна рублёў, а сярэдняя выручка на кожнага работніка склала 95,3 мільёна – 272% да леташняга.

Рэнтабельнымі з’яўляюцца ўсе віды сельгаспрадукцыі.

– Колькі чалавек у раёне заняты ў сельгасвытворчасці?

– Больш за 4 тысячы. Назіраецца тэндэнцыя да змяншэння колькасці працуючых у сельскай гаспадарцы, бо новыя тэхналогіі і сучасная тэхніка – гэта скарачэнне ручной працы, рост прадукцыйнасці. Дарэчы, машынна-трактарны парк у гаспадарках раёна абноўлены больш як на 70%.

Што датычыць зарплаты, дык за 6 месяцаў сёлета яна ў сярэднім склала 2366 тысяч рублёў, што ў 2,3 раза больш, чым летась. Гэта 4-е месца сярод раёнаў Брэстчыны.

– Сельская гаспадарка – гэта ў асноўным “цэх” пад адкрытым небам. Як цяпер уплывае тая адметнасць на працу селяніна?

– Вядома, нябесная канцылярыя “выдае” часам запамінальныя метамарфозы. Аднак супрацьстаяць ім у значнай меры дапамагаюць дакладнае захаванне агратэхнічных прыёмаў і тэрмінаў, зладжанасць дзеянняў, адказнасць і сумленнасць людзей, якія з’яўляюцца спецыялістамі сваёй справы, незалежна ад таго, якую адукацыю маюць. Бо вяскоўца часам выручае нават сялянская інтуіцыя.

– Дай Бог, каб яна не падводзіла, і ўсё задуманае – спраўдзілася.

Галіна НОВІК.

Добавить комментарий