Сёння за нашым “круглым сталом” Алег Арлоў – дырэктар таварыства з дадатковай адказнасцю “Жывыя праграмы”, галоўны камп’ютаршчык раёна.
– “Жывыя праграмы” ведаюць у раёне як фірму, куды можна звярнуцца па дапамогу, калі сапсаваўся камп’ютар. А якія яшчэ паслугі аказваеце?
– Асноўны від дзейнасці – праграмнае забеспячэнне і абслугоўванне камп’ютарнай тэхнікі ў арганізацыях розных формаў уласнасці, паводле дагавораў. Акрамя таго, у летні час найбольш заняты рамонтамі.
– Чаму іменна летам?
– Навальніца нярэдка выводзіць камп’ютары са строю. Нават калі гаспадары абачліва вынулі шнур з разеткі. Гэта правільна, але недастаткова. Справа ў тым, што ў многіх карыстальнікаў камп’ютары падключаны да сеткі Інтэрнэт, а ў тых, хто карыстаецца паслугамі “Белтэлекама”, падключэнне – праз тэлефонную лінію. І амаль заўсёды пашкоджанне камп’ютара маланкай адбываецца праз тэлефонную лінію. Каб пазбегнуць гэтага, трэба адключаць тэлефонны кабель ад мадэма. У мяне гэта стала ўжо звычкай, вымаю кабель з мадэма, калі іду на работу, а таксама – на ноч. Гэта пазбаўляе ад лішніх праблем і эканоміць значную суму грошай.
– Гэта ж датычыць і ноўтбукаў?
– Так. Гэта датычыць усіх камп’ютараў з правадным падключэннем.
– Алег, дзе атрымалі прафесію камп’ютаршчыка?
– У 1987-м закончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут.
– Ваша захапленне камп’ютарамі на прафесійным узроўні паўплывала нейкім чынам на “дамашнія” звычкі?
– Калі паўплывала, то гэтага ўжо не заўважаю, бо маю справу з камп’ютарамі з таго часу, калі яны былі яшчэ рэдкасцю.
– Цікава, а кнігі, якія для душы, чытаеце толькі ў электронным варыянце?
– Цяпер нікога не здзівіш электроннай кнігай. З сусветнай сеткі Інтэрнэт, дзе сабрана амаль уся бібліятэка свету, можна “скачать” амаль любую кнігу на платнай ці бясплатнай аснове. Але намнога больш прыемна трымаць у руках звычайную кнігу, гартаць старонкі, адчуваць цяпло паперы і літар, рабіць паметкі алоўкам. З задавальненнем выбіраю кнігі ў магазіне, заказваю іх праз інтэрнэт-магазін.
– Ці можаце сказаць, што ведаеце камп’ютар ад А да Я?
– Гэта сфера дзейнасці настолькі шырокая, што, выдатна разбіраючыся ў адных накірунках, зробіш крок убок – і адчуеш сябе прафанам. Таму ўдасканаленне тут не мае межаў.
– Якая ваша рэакцыя, калі бачыце перад маніторам камп’ютара чатырохгадовае дзіця – аматара віртуальных гульняў?
– Рэакцыя даволі складаная, бо гэта не заўжды добра. Дзеці ж не могуць сябе кантраляваць – гэта ўжо праблема бацькоў, якія павінны яе асэнсаваць.
– На вашу думку, ці можа пажылы чалавек асвоіць камп’ютар толькі з дапамогай “Самоучителя для “для чайников”?
– Такіх дапаможнікаў многа. Але калі пенсіянер пачынае з нуля, дык гэты шлях вельмі складаны. Рэкамендаваў бы самы просты спосаб: жывыя зносіны з людзьмі, якія ўжо добра ведаюць камп’ютар, – дзецьмі, унукамі, знаёмымі. У мяне таксама былі і ёсць такія вучні. Часам дастаткова толькі зрушыць справу з мёртвай кропкі – і чалавек сам пачынае развівацца, адчувае, наколькі гэта цікава…
– … кожны дзень рабіць маленькае адкрыццё. Дзякую.
Галіна НОВІК.
Фота Міколы шума.
Это может быть интересно:
-
АФИША МЕРОПРИЯТИЙ В КАМЕНЕЦКОМ РАЙОНЕ НА 9-10 ДЕКАБРЯ (+КИНОТЕАТР)
-
БЕСПЛАТНУЮ КОНСУЛЬТАЦИЮ ЮРИСТОВ МОЖНО БУДЕТ ПОЛУЧИТЬ 21 ДЕКАБРЯ ВО ВСЕХ РЕГИОНАХ СТРАНЫ
-
Цель Украины — переворот в Беларуси. Подробности тайной сходки беглых
-
Как решить «детский» вопрос мирно?
-
В 1 радиотехническом центре продолжаются тактико-строевые занятия